Беспасажніца, або Шлюб пад прымусам. Беларусь у абдымках Крамля

25 гадоў таму Лукашэнка заключыў пагадненне з расійцамі, паводле якога Беларусь павінная «інтэгравацца» з усходнім суседам — а фактычна, страціць сваю незалежнасць. Што нам прынёс гэты саюз?

Ілюстрацыя: 5.ua

Ілюстрацыя: 5.ua

6 снежня ў Мінску праходзіць Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 8 снежня будзе адзначацца 25-я гадавіна стварэння «Саюзнай дзяржавы». Што прынёс Беларусі гэты інтэграцыйны праект?

Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца галоўным бенефіцыярам беларуска-расійскай інтэграцыі. Ён выкарыстаў расійскія рэсурсы для стварэння і ўмацавання дыктатарскага рэжыму, а таксама павышэння дабрабыту насельніцтва Беларусі. Пры гэтым сама «Саюзная дзяржава» з'яўляецца экзістэнцыйным выклікам для Беларусі, а далейшая рэалізацыя гэтага праекта можа прывесці да ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці, лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.

6 снежня ў Мінску на Вышэйшым дзяржаўным савеце «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі па традыцыі будуць падведзены вынікі года. Лейтматывам цяперашняга пасяджэння стане 25-я гадавіна стварэння «Саюзнай дзяржавы», якая будзе адзначацца 8 снежня.

Трамплін для скачка ў Крэмль?

Пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у ліпені 1994 года Аляксандр Лукашэнка першапачаткова зрабіў стаўку на цесную эканамічную, палітычную, культурную і ідэалагічную інтэграцыю з Расіяй. Ужо на пачатку студзеня 1995 года Мінск і Масква падпісалі пагадненне аб мытным саюзе, да якога ў лютым таго ж года дадалася дамова аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве.

На травеньскі рэферэндум 1995 года кіраўнік Беларусі вынес у тым ліку і пытанне аб адабрэнні свайго курсу на супрацоўніцтва з Расіяй. 2 красавіка 1996 года Лукашэнка і яго расійскі калега Барыс Ельцын падпісалі дамову аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а роўна праз год ператварылі «супольнасць» у «саюз».

У снежні 1998 года рушылі ўслед «Дэкларацыя аб далейшым яднанні Расіі і Беларусі», дамова аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання. Фінальным акордам першай «пяцігодкі інтэграцыі» стала дамова аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» 8 снежня 1999 года.

Аляксандр Лукашэнка па праве лічыць сябе драйверам беларуска-расійскай інтэграцыі ў 1990-я гады. Адкрыта настальгуючы па СССР, які сышоў у гісторыю, і традыцыйна арыентуючыся на расійскага «старэйшага брата», беларускі кіраўнік у тыя гады зрабіў стаўку на эканамічную і палітычную падтрымку Крамля, а яго спадзевы падзяляла большасць ужо постсавецкіх, але ментальна ўсё яшчэ вельмі савецкіх русацэнтрычных беларусаў. І ён не пралічыўся: аўтарытарны рэжым сфармаваўся ў Беларусі са згоды і пры актыўнай дапамозе Масквы, якая ў эпоху Ельцына хоць часам і канфліктавала з афіцыйным Мінскам, але ў выніку заўсёды станавілася на бок Лукашэнкі, а ў 1996 годзе і зусім выратавала яго ад імпічменту.


Глядзіце таксама

У другой палове 1990-х апаненты рэжыму былі перакананыя, што малады і амбіцыйны кіраўнік Беларусі мроіць «крамлёўскім тронам», гатовы абмяняць Беларусь «на шапку Манамаха», а саюз з Расіяй разглядае як свайго кшталту трамплін для скачка на расійскую палітычную сцэну. Калі ў Лукашэнкі і былі такія планы, то іх канчаткова перакрэсліла імклівае палітычнае ўзыходжанне Уладзіміра Пуціна напрыканцы 1990-х.

Мухі і катлеты Уладзіміра Пуціна

Яшчэ напрыканцы 1990-х гг. у экспертнай супольнасці распаўсюдзіўся погляд на інтэграцыйную палітыку Лукашэнкі як на абмен прыгожых слоў пра «агульную радзіму» і «славянскае братэрства», абдымкаў і пацалункаў на газ, нафту і іншыя танныя расійскія рэсурсы. Лукашэнка сапраўды будаваў свае адносіны з Крамлём паводле прынцыпу «атрымаць як мага больш, аддаўшы як мага менш» і ўдала гуляў на імперскіх комплексах і постсавецкіх траўмах тагачаснага расійскага кіраўніцтва. Хоць лібералы з атачэння Барыса Ельцына не хавалі сваёй пагарды да «беларускага калгасніка», які, з іх пункту гледжання, «паразітаваў» за кошт Расіі, але сам прэзідэнт Расіі паблажліва ставіўся да свайго беларускага калегі і гатовы быў шчодра падтрымліваць «малодшага брата».

Пасля змены ўлады ў Крамлі новы прэзідэнт Уладзімір Пуцін прапанаваў Аляксандру Лукашэнку ў жніўні 2002 года аддзяліць «мух ад катле»т і канчаткова вызначыцца з магістральным вектарам развіцця «Саюзнай дзяржавы»: ці Беларусь уступае ў склад Расійскай Федэрацыі, ці ж інтэграцыя ажыццяўляецца па прынцыпе Еўрапейскага Саюза. Абодва гэтыя варыянты Мінск не ўразілі: у першым выпадку, якому аддавалі перавагу ў Крамлі, Лукашэнка ператвараўся б у свайго кшталту расійскага губернатара з перспектывай хутка пазбавіцца ўлады; у другім выпадку яму не даводзілася разлічваць на маштабныя і часткова бязвыплатныя датацыі, да якіх у Беларусі прывыклі за першыя гады «саюзнага будаўніцтва».


Глядзіце таксама

Тэмпы саюзнага будаўніцтва ў наступныя гады значна замарудзіліся, а ключавыя праекты (накшталт увядзення расійскага рубля ў якасці агульнай валюты) і зусім не былі рэалізаваныя, але падтрымка Мінска з боку Масквы не сышла на нішто. Канфлікты і спрэчкі паміж саюзнікамі ў 2000-я і 2010-я гады не былі рэдкасцю, а перыяды пацяплення змяняліся фазамі астуджэння. Расія час ад часу спрабавала паставіць свавольнага хаўрусніка на месца і схіліць яго да інтэграцыі на сваіх умовах. Лукашэнка, у сваю чаргу, даволі паспяхова адбіваўся ад расійскіх нападаў, імкнуўся заручыцца падтрымкай Кітая, а ў другой палове 2010-х, пад уражаннем ад расійскага агрэсіўнага рэваншызму ў дачыненні да Грузіі і асабліва да Украіны, нават паспрабаваў палепшыць адносіны з Захадам.

У абдымках Крамля

У кантэксце пратэстаў 2020 года і пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну адносіны Мінска і Масквы выйшлі на якасна новы ўзровень. Беларусь з'яўляецца адзіным паўнавартасным хаўруснікам Расіі, а ўплыў Расіі на Беларусь толькі павялічваецца. Мэта паглынання Беларусі не сышла з парадку дня, але не з'яўляецца для расійскага боку на дадзеным этапе прыярытэтным напрамкам. Сёння Масква перакананая, што Беларусь знаходзіцца пад яе палітычным, эканамічным і культурным кантролем, і імкнецца стварыць умовы, пры якіх прарасійскі вектар яе развіцця стане безальтэрнатыўным. Аляксандр Лукашэнка, магчыма, і не ў захапленні ад усё больш татальнай залежнасці ад Расіі, але рэальнымі магчымасцямі супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям не валодае.


Глядзіце таксама

Кіруючыся асабістымі інтарэсамі і палітычнымі амбіцыямі, Аляксандр Лукашэнка паспяхова выкарыстаў саюз Беларусі і Расіі для кансалідацыі свайго аўтарытарнага рэжыму, а эканамічны дабрабыт беларусаў рос апошнія дзесяцігоддзі не ў апошнюю чаргу дзякуючы датацыям і прэферэнцыям з боку Расіі. Саюз Лукашэнкі і Крамля абярнуўся для Беларусі дзесяцігоддзямі дыктатуры і статусам ізгоя ў Еўропе, а ў перспектыве можа прывесці і да страты апошніх элементаў дзяржаўнасці. Для Уладзіміра Пуціна ўжо само існаванне незалежнай Беларусі з'яўляецца «гістарычным непаразуменнем» — непаразуменнем, якое ён у бліжэйшы час паспрабуе выправіць.