«Саюзная дзяржава» без Украіны няпоўная. А з Украінай?
Тое, што Лукашэнкам задумвалася як праект па кіраванні і Беларуссю, і Расіяй, для Пуціна пазней стала «вяртаннем земляў» — і таму для паўнавартаснасці так званай Саюзнай дзяржавы яму патрэбная Украіна.
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — гэта палітычны праект, гісторыя якога пачалася яшчэ напрыканцы 1990-х. Гэтае дзяржаўнае аб'яднанне павінна было ўмацаваць эканамічныя і палітычныя сувязі дзвюх краін, ваеннае супрацоўніцтва, развіццё агульных транспартных і энергетычных сістэм. Аднак на працягу 20 гадоў перамовы аб агульнай падатковай, палітычнай, эканамічнай і іншых сістэмах заўважна буксавалі: ні адзін з бакоў не быў гатовы згаджацца на ўмовы процілеглага. Сітуацыя змянілася на пачатку 2020-х, калі беларускі рэжым, нібы ў паветры, стаў мець патрэбу ў падтрымцы Расіі.
У рамках YouTube-праекта «Халодны боршч» «Літоўскае радыё і тэлебачанне» пагутарыла з Розай Турарбекавай — беларускай незалежнай эксперткай, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам і аўтаркай даклада, прысвечанага цяперашняму стану беларуска-расійскай інтэграцыі. Даклад быў апублікаваны ў сакавіку 2023 года на сайце Оксфардскага ўніверсітэта.
У тэксце прадстаўлена толькі частка асноўных думак з размовы з Розай Турарбекавай. Інтэрв'ю цалкам можна паглядзець па спасылцы на YouTube.
Пра паглыбленне інтэграцыі паміж дзвюма краінамі загаварылі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Тады Аляксандр Лукашэнка актыўна выкарыстаў наратыў збліжэння з Расіяй падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі 1994 года. Лічыцца, што дзякуючы блізкім адносінам з Барысам Ельцыным малады беларускі палітык Аляксандр Лукашэнка прэтэндаваў на месца кіраўніка агульнай дзяржавы.
Сёння, калі ў Беларусі і Расіі ўкараніліся дзве адасобленыя аўтакратыі, гэта можа падацца нерэальным. Аднак у другой палове 1990-х Лукашэнка ездзіў па рэгіёнах Расіі, дзе кантактаваў з жыхарамі і мясцовымі губернатарамі, спрабуючы заваяваць іх давер і падтрымку, і яму гэта ўдавалася.
У той час беларускі палітык карыстаўся папулярнасцю як у роднай Беларусі, так і ў Расіі, што была пагружаная ў палітычны хаос, выкліканы распадам СССР. Некаторыя эксперты адзначаюць, што прычына папулярнасці Лукашэнкі сярод расійцаў хавалася ў настальгіі па мінулых часах, якія ўвасабляў сабой гаспадарнік-прэзідэнт з Беларусі.
Але пасля таго, як сваім пераемнікам Ельцын прызначыў Уладзіміра Пуціна і стала зразумела, што двайны трон застаўся толькі марай Лукашэнкі, інтэграцыя дзвюх краін ператварылася ў бясконцыя спрэчкі наконт цэн на энергарэсурсы, агульнай валюты і многага іншага.
Дапамога Расіі для таго, каб выжыць
Аднак пасля пачатку пратэстаў у Беларусі, выкліканых фальсіфікацыямі на выбарах 2020 года, супраціў Лукашэнкі ў пытанні паглыблення інтэграцыі з Расіяй стаў зніжацца, бо перад ім фактычна паўстала пытанне аб выжыванні ўласнага рэжыму.
У той час як сотні тысяч пратэстоўцаў летам і восенню 2020 года выходзілі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць пратэст — спачатку супраць вынікаў выбараў, а пазней супраць гвалту з боку ўлады, — афіцыйны Мінск сутыкнуўся з ганьбаваннем з боку міжнароднай супольнасці.
«Адзіным, хто яго падтрымаў, быў Пуцін», — кажа Роза Турарбекава.
Акрамя дэкларатыўнай падтрымкі рэжыму, згадвае яна, з боку Масквы рушыла ўслед і цалкам адчувальная дапамога. Напрыклад, калі супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ выступілі з крытыкай рэжыму і звольніліся са сваіх працоўных месцаў, спыніўшы вяшчанне дзяржаўнага тэлебачання, на іх месцы з Расіі ў Беларусь прыбылі расійскія прапагандысты.
Напрыканцы жніўня 2020 года Пуцін нават заявіў, што пры пэўных абставінах Крэмль накіруе ў Беларусь сваіх сілавікоў. Тады прэзідэнт Расіі абвясціў пра фармаванне «пэўнага рэзерву з супрацоўнікаў праваахоўных органаў», які будзе задзейнічаны ў падаўленні беларускіх пратэстаў, калі спатрэбіцца. Паводле непацверджанай інфармацыі, расійскія сілавікі ўсё ж удзельнічалі ў разгоне мітынгаў, на што паказвалі і самі пратэстоўцы, і беларускія незалежныя журналісты.
«У абмен на гэтую дапамогу з боку Пуціна, 4 лістапада 2021 года Лукашэнка быў вымушаны падпісаць першы план інтэграцыі («Дэкрэт аб рэалізацыі Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы». — Заўв. рэд.). Да таго часу ішлі вельмі інтэнсіўныя перамовы. Беларусь часткова, на паперы, пачала здаваць суверэнітэт», — гаворыць Турарбекава.
На думку эксперткі, страта незалежнасці Беларусі, падчас падпісання ў лістападзе 2021 года дэкрэта і зацвярджэння 28 саюзных праграм, найбольш ярка выявілася ва ўніфікацыі ўскосных падаткаў. Аднак агульная падатковая сістэма з Беларуссю, якая дазволіла б кантраляваць фінансавую сістэму краіны, не з'яўлялася адзінай мэтай Крамля.
«Пуціну хутчэй у гэтай сітуацыі была патрэбная не толькі Беларусь, але і Украіна», — працягвае палітолаг.
Скаардынаваны напад
Увосень 2021 года, разам з зацвярджэннем інтэграцыйных дарожных карт, Беларусь і Расія падпісалі ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы. Гэты дакумент лёг у аснову падзей, якія прывялі да таго, што праз некалькі месяцаў Беларусь з дзяржавы, падуладнай РФ «на паперы», ператварылася ў краіну-саўдзельніцу ў вайне супраць Украіны.
На пачатку лютага 2022 года ў Беларусі пачаліся сумесныя з Расіяй вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022», з якіх і пачаўся напад на ўкраінскія гарады, у тым ліку на сталіцу — Кіеў.
«Пуцін хацеў, каб гэта адбылося ў сакавіку. Зразумела чаму — таму што для таго, каб рускія танкі дайшлі да Кіева, дарогі мксілі быць да гэтага хоць неяк прыстасаваныя. Але Лукашэнку было важна, каб рускія забяспечылі яму бяспеку падчас правядзення рэферэндуму па Канстытуцыі», — кажа Турарбекава.
Рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі прайшоў у Беларусі 27 лютага 2022 года, праз тры дні пасля нападу на Украіну. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што гэты рэферэндум быў арганізаваны для падрыхтоўкі да транзіту ўлады ў Беларусі. Паводле яго вынікаў, апроч іншага, за так званым «Усебеларускім народным сходам» быў замацаваны статус «найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя», што перадало гэтаму палітычнаму інстытуту практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы.
На думку Розы Турарбекавай, у момант правядзення рэферэндуму нелегітымны кіраўнік Беларусі ўсё яшчэ баяўся пратэстаў з боку насельніцтва, таму прысутнасць у краіне расійскіх войскаў магла стаць гарантыяй яго ўласнай бяспекі. Да таго ж, у тыя дні людзі адчувалі шок ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Аднак пратэсты ў Беларусі ў той дзень усё ж адбыліся, хоць і не былі масавымі. Тады беларуская апазіцыя за мяжой заклікала беларусаў выкарыстоўваць рэферэндум як пляцоўку для асуджэння вайны.
«Увогуле, Лукашэнка і Пуцін фактычна сінхранізавалі гэтыя два працэсы. Таму Саюзную дзяржаву можна разглядаць як вынік, у першую чаргу, агрэсіўнай палітыкі Крамля і яго імкнення адразу далучыць да сябе не толькі Беларусь, але і Украіну», — упэўненая Турарбекава.
«Вось, уласна кажучы, як пачынаецца сучасная гісторыя Саюзнай дзяржавы. Гэтая гісторыя вельмі моцна адрозніваецца ад таго, што было напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў», — дадае яна.
Беларуская АЭС — ідэалагічная аперацыя Масквы
Нягледзячы на сучасную гісторыю інтэграцыі дзвюх краін, паскораную імкненнем Лукашэнкі захаваць уладу і жаданнем Пуціна развязаць вайну супраць Украіны, супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў розных сферах ужо шмат гадоў ставіць пад пытанне суверэннае развіццё апошняй.
Адзін з пунктаў інтэграцыі, які абмяркоўваўся яшчэ больш за 20 гадоў таму і пазней быў зацверджаны 28 дарожнымі картамі ў лістападзе 2021 года, тычыцца «развіцця атамнай энергетыкі».
Вядома, што сумесныя праекты ў гэтай сферы ў Беларусі з Расіяй існуюць — гэта Беларуская АЭС, пабудаваная прыкладна за 50 кіламетраў ад Вільні. Станцыя будавалася ў крэдыт ад Расіі, расійскай карпарацыяй «Расатам», дакладней — падуладнай ёй кампаніяй «Атамбудэкспарт», якая займаецца рэалізацыяй замежных праектаў.
Першы энергаблок Беларускай АЭС запрацаваў 7 лістапада 2020 года. Станцыя ўводзілася ў эксплуатацыю на фоне масавых пратэстаў, а Лукашэнка, пазіруючы ў той дзень перад тэлекамерамі, гаварыў пра «будзённасць» таго, што адбываецца, параўноўваючы запуск энергаблока з «будаўніцтвам метро».
Аднак у Літве і іншых краінах рэгіёна рэакцыя была зусім не будзённай. З пачатку будаўніцтва АЭС у 2013 годзе літоўскія ведамствы рэгулярна крытыкавалі гэты праект — і небеспадстаўна: будаўніцтва вялося са шматлікімі парушэннямі, да яго не дапускаліся незалежныя эксперты. У 2016 годзе з двухметровай вышыні на зямлю ўпаў корпус ядзернага рэактара, а факт гэтага інцыдэнту беларускія ўлады паспрабавалі схаваць.
Галоўная прычына трывогі Літвы — непасрэдная блізкасць станцыі да яе тэрыторыі. Пасля пачатку будаўніцтва і запуску аб'екта ў Літве на выпадак аварыі на БелАЭС распрацавалі планы па інфармаванні насельніцтва; людзі могуць бясплатна атрымаць таблеткі ёдыду калію для абароны шчытападобнай залозы, дзе пры выкідзе радыяцыі назапашваецца радыеактыўны ёд.
На думку Розы Турарбекавай, само існаванне атамнай станцыі ў такой блізкасці да Літвы — вынік наўмыснай правакацыі Масквы.
«Гэтая гісторыя звязана не толькі з пытаннямі Саюзнай дзяржавы, а з наўмысным падрывам адносінаў паміж Беларуссю і Літвой. Гэта было зроблена абсалютна свядома Масквой», — гаворыць экспертка.
Цалкам інтэрв'ю з Розай Турарбекавайможна прачытаць тут.