Трамп пакіне Беларусь «у інтарэсах Расіі»?
Палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман разважае пра тое, якімі будуць наступныя чатыры гады для Беларусі з пункту гледжання ўплыву на сітуацыю з боку ЗША.
Пераканаўчая перамога рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША стала адной з галоўных навін 2024 года, што будзе мець вялікае значэнне для ўсяго свету і абавязкова акажа ўплыў (хай хутчэй і ўскосны) на сітуацыю ў Беларусі.
Беларускія палітыкі аператыўна адрэагавалі на трыумф Трампа, а Аляксандр Лукашэнка наогул стаў адным з першых сусветных кіраўнікоў, якія заявілі пра перамогу рэспубліканца. Характэрна, што зрабіў ён гэта яшчэ да звароту Трампа да амкрыканскай нацыі. Афіцыйны Мінск не абмежаваўся сухой канстатацыяй факту і адправіў пераможцу выбараў віншаванне, у якім перамога рэспубліканца была названая «асабістым подзвігам», учыненым «у імя Амерыкі і яе грамадзян». Больш за тое, Лукашэнка, імкнучыся дагадзіць Трампу, пажадаў абранаму прэзідэнту «трапных палітычных рашэнняў, якія зробяць Амерыку зноў вялікай», піша на «Deutsche Welle»Аляксандр Фрыдман.
Беларуская дзяржаўная прапаганда захоплена ўспрыняла перамогу Трампа, але радасць з нагоды гэтай падзеі, зрэшты, назіралася і сярод асобных апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк, які і раней адкрыта заяўляў пра свае сімпатыі да рэспубліканскага кандыдата, і яго паплечнік Павел Усаў заявілі ў сваім віншаванні пра «гістарычную місію супрацьстаяння з палітычным злом», якую ўзяў на сябе Трамп, і выказалі надзею, што яго трыумф прывядзе да «стрымлівання агрэсіўнага аўтарытарызму, да перамогі свабоды і дэмакратыі ў тых грамадствах, якія пакутуюць ад вайны і тыраніі».
На фоне пафасу Лукашэнкі і Пазняка віншаванне кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай выглядае вельмі стрыманым. Яна асобна адзначыла, што ў амерыканцаў — у адрозненне ад беларусаў — ёсць магчымасць удзельнічаць у свабодных і дэмакратычных выбарах, заявіла пра кантакты з асяроддзем Трампа і падкрэсліла, што беларускія дэмакратычныя сілы разлічваюць на далейшую падтрымку з боку Вашынгтона.
Лукашэнка не хавае свайго захаплення Трампам і прадчувае «перазагрузку» амерыканска-беларускіх адносінаў. Пазняк і Усаў бачаць у Трампе змагара з «палітычным злом», палітыка якога будзе садзейнічаць «перамозе свабоды і дэмакратыі» ў Беларусі. Ціханоўская спадзяецца, што палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі кардынальна не зменіцца.
Ці апраўданыя гэтыя надзеі? Чаго варта чакаць Беларусі ад другога прэзідэнцкага тэрміну Трампа?
Чаму Лукашэнка захапляецца Трампам?
Аляксандр Лукашэнка паважліва выказваецца пра Уладзіміра Пуціна і іншых калег-аўтакратаў, а вось добрых слоў пра кіраўнікоў дэмакратычных краін ад яго звычайна не пачуеш. Рэдкім выключэннем з'яўляецца амерыканец Дональд Трамп. Яшчэ задоўга да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Лукашэнка, разважаючы пра Трампа і яго ініцыятывы, не скупіўся на пахвалу рэспубліканцу. Апошнія месяцы тон хоць і стаў больш стрыманым, але кіраўнік і яго прапагандысцкі апарат усім сваім выглядам давалі зразумець, што робяць стаўку на вяртанне Трампа ў Белы дом.
Пасля перамогі Трампа Мінск, які, як правіла, каардынуе свае замежнапалітычныя дзеянні з Масквой, нават не стаў чакаць афіцыйнай рэакцыі Крамля, які дэманстраваў паказную абыякавасць да вынікаў выбараў у ЗША, і спешна павіншаваў Трампа. Не выключана, што ў бліжэйшы час могуць рушыць услед і дадатковыя палітычныя жэсты з мэтай заваяваць давер новай амерыканскай адміністрацыі. Адным з такіх крокаў магло б стаць вызваленне палітзняволенага грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча, на магчымасць якога празрыста намякалі беларускія ўлады.
Лукашэнку імпануюць асоба Трампа, яго характар і палітычны стыль. З новым прэзідэнтам у Мінску звязваюць надзею на паляпшэнне двухбаковых адносінаў, скасаванне санкцый (ці, прынамсі, санкцыйныя паслабленні), спыненне вайны ва Украіне (з улікам пажаданняў і інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі), а таксама спыненне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл — аднаго са слупоў беларускай палітыкі дэмакратычнай адміністрацыі Джо Байдэна. Падставу для гэтых надзей дае і адносна пазітыўны досвед супрацоўніцтва з Трампам падчас яго першага тэрміну, калі ў сталіцы Беларусі пабывалі тагачасныя памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан (2019 год) і дзяржсакратар Майк Пампеа (2020 год).
Мэтай гэтых візітаў была спроба аслабіць уплыў Масквы на Беларусь, і сур'ёзнага поспеху яны не мелі. Пасля 2020 года, і асабліва 2022 года, такія пытанні пра перацягванне Мінска на бок Захаду на парадку дня ўжо не стаяць, а новыя кантакты на такім прадстаўнічым узроўні ўяўляюцца хутчэй малаверагоднымі.
Шанцы Лукашэнкі заняць месца за сталом для перамоў па ўрэгуляванні вайны ва Украіне (калі такія наогул адбудуцца) з прыходам Трампа сапраўды крыху ўзраслі, але звязана гэта не столькі з палітычнай вагой беларускага аўтакрата, колькі з магчымай гатоўнасцю новых амерыканскіх уладаў пайсці на кампрамісы з «патронамі» Мінска Масквой і Пекінам. Змены ў галіне санкцыйнай палітыкі, у сваю чаргу, будуць таксама залежаць не ад дзеянняў Лукашэнкі, а ад характару адносінаў паміж «вялікімі гульцамі» — ЗША, Кітаем і Расіяй.
Знешнепалітычныя заявы, з якімі выступалі Трамп і яго віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, гавораць хутчэй пра імкненне да ўгоды з Крамлём, якая можа выказацца ў прызнанні (публічным, а, хутчэй за ўсё, непублічным) постсавецкай прасторы ў якасці «зоны прывілеяваных інтарэсаў» Расіі. Калі гэтыя здагадкі пацвердзяцца, то разлічваць на асобную «беларускую палітыку» Вашынгтона ў перыяд другога прэзідэнцкага тэрміну Трампа не даводзіцца, а развагі пра яго барацьбу за свабоду і дэмакратыю можна аднесці да катэгорыі самападману.
Ціханоўская і Трамп: добрая міна пры дрэннай гульні?
Дональд Трамп неаднаразова дэманстраваў пагарду да ліберальных каштоўнасцей, а барацьба за правы і свабоды чалавека не з'яўляецца яго прыярытэтам. Гэтая асаблівасць дае рэжыму Лукашэнкі надзею на тое, што крытыка беларускіх уладаў за парушэнне правоў чалавека і пераслед іншадумцаў з боку Вашынгтона ў эпоху Трампа хай і не знікне, але будзе насіць хутчэй фармальны характар, а падтрымка Святланы Ціханоўскай і яе атачэння паступова сыдзе на нішто.
Пасля трыумфу Трампа Ціханоўскую на амерыканскім кірунку чакаюць няпростыя часы. Калі ў выпадку перамогі Харыс беларуская палітыка Вашынгтона з вялікай верагоднасцю не зведала б кардынальных змен, то Трамп, верагодна, будзе кіравацца палітычнай мэтазгоднасцю, практычнымі вынікамі і рэальным уплывам на працэсы ў Беларусі. І ў гэтай галіне поспехі і дасягненні дэмакратычных сіл сёння выглядаюць вельмі сціпла.
Палітыка Трампа адносна Беларусі будзе залежаць ад знешніх фактараў. Для дэмакратызацыі Беларусі яго вяртанне ў Белы дом не стане благаслаўленнем. Застаецца спадзявацца, што яно не стане і праклёнам у лёсе беларускай дзяржаўнасці.