Лукашэнка спадзяецца на Трампа?

Рыбак рыбака, як кажуць, бачыць здалёк. Вось і Лукашэнка парадаваўся перамозе Трампа — відаць, спадзяецца, што з ім будзе прасцей знайсці агульную мову.

Лукашэнка і Трамп. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Лукашэнка і Трамп. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Гэты выпуск «Пульса Леніна-19» напісаны па матывах рэакцыі афіцыйнага Мінска на перамогу Дональда Трампа і разбіраецца са станам улады Лукашэнкі і рознымі перспектывамі.

Трампіст у Палацы Незалежнасці

Рэакцыя Мінска выказалася ў тым, што Аляксандр Лукашэнка «сардэчна» павіншаваў Дональда Трампа з перамогай на выбарах. Прычым зрабіў гэта і пісьмова, і вусна ў словах і выразах, якія выходзяць па-за рамкі дзяжурнага паслання і рэзануюць з характарам адносінаў Беларусі з ЗША. І Расіі таксама.

Выглядае так, быццам Лукашэнка спрабуе памяняць курс у адносінах з ЗША на 180 градусаў, робячы відавочную спробу іх нармалізаваць, і гэтым у вядомай ступені дэманструе сваю самастойнасць, піша Павел Мацукевіч.

Яго пасланне Трампу крыху рэзануе з укаранёным на Захадзе уяўленнем пра Лукашэнку як марыянетку Крамля.

Уладзімір Пуцін не спяшаўся з віншаваннем новага амерыканскага прэзідэнта, зрабіў гэта пакуль толькі нефармальна на Валдайскім форуме. На кантрасце выйшла, што беларускі вагон забег наперад свайго расійскага паравоза.

Лукашэнка назваў вынікі амерыканскага галасавання «ўвасабленнем асабістага подзвігу» Трампа і пажадаў яму «трапных палітычных рашэнняў, якія зробяць Амерыку зноў вялікай».

І гэта асабліва пікантны момант ва ўсёй гісторыі з гэтым віншаваннем, калі згадаць, што піша такое пажаданне найбліжэйшы саюзнік Масквы. Калі ж лічыць саюзніка марыянеткай, то справа патыхае спробай вызваліцца ад нітак.

Іронія ў тым, што ніхто іншы як Лукашэнка ў 2016-м паставіў пад сумнеў думку пра абранне Трампа як падарунак для Расіі якраз праз лозунг, з якім той ішоў да ўлады — зрабіць Амерыку вялікай. «А дзе месца Расіі?» — пытаўся Аляксандр Рыгоравіч.

Пры гэтым цяперашняе пасланне Лукашэнкі Трампу шмат у чым сугучнае таму, што ён адпраўляў яму 8 гадоў таму — у лістападзе 2016-га, калі таксама віншаваў яго з перамогай на выбарах. Тады адносіны з ЗША таксама былі не цукар, хоць далёкія ад таго дна, што цяпер.

Тагачасная стаўка згуляла: пры Трампе была адкрыта зусім новая глава беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва. Бакі дайшлі да вяртання паслоў, але не паспелі рэалізаваць гістарычнае рашэнне — па віне Мінска.

Паводле Марка Твэна, гісторыя ніколі не паўтараецца, але часам яна рыфмуецца. Пэўныя зрухі цалкам могуць адбыцца і цяпер, патрапіўшы ў рыфму з гісторыяй 8-гадовай даўніны.

Усё залежыць ад практычных крокаў Мінска ў частцы спынення рэпрэсіўнай жэсці і яшчэ больш — у частцы пазіцыянавання сябе не як складовай часткі рэгіянальнай праблемы, звязанай з РФ, а наадварот — як яе развязання.

Настойваючы на прыпыненні вайны ва Украіне, афіцыйны Мінск якраз спрабуе пазіцыянаваць сябе як частку рашэння. Пры гэтым гэтая тонкая лінія выглядае пакуль як тое, што цалкам задавальняе Маскву, інакш яна была б лёгка сцёртая адмовай у крэдыце або малочна-калійнай вайной.

Лічыцца, што Мінск такім спосабам спрабуе трапіць за стол мірных перамоваў. Думаю, што ў Лукашэнкі няма ілюзій, што склад удзельнікаў такога перамоўнага працэсу, прынамсі, на пачатковай стадыі будзе абмяжоўвацца буйнымі гульцамі.


Глядзіце таксама

Прыклад даюць Тэгеран, Ялта, Патсдам. З больш свежага можна згадаць скасаваную Трампам ядзерную здзелку па Іране: спачатку ў закрытым фармаце прыйшлі да згоды ЗША і Іран, а толькі потым перамоўны працэс выйшаў на публіку ў пашыраным шасцібаковым фармаце.

Патэнцыйна Мінск можа прэтэндаваць на месца (або адно з месцаў) правядзення перамоўнага працэсу. І гэта адна з важкіх прычын, па якой міратворчую лінію Беларусі можа падтрымліваць Масква. Справа ў выключнай зручнасці і бяспецы мінскай пляцоўкі для Уладзіміра Пуціна. З гэтага пункту гледжання ўсе звыклыя варыянты ў Еўропе — Жэнева, Рэйк'явік, Хельсінкі і нават Стамбул — цяпер ужо не выглядаюць выйгрышнымі.

Разводчык галубоў і ястрабаў

Рэакцыя Мінска на вяртанне Трампа характэрная тым, што дае добрую нагоду паразважаць пра стан улады Лукашэнкі і некаторыя перспектывы Беларусі.

Справа ў тым, што пасля 2020-га прынята лічыць, што курс, які праводзіцца ў нашай краіне, з'яўляецца вынікам канкурэнтнай барацьбы умоўных «ястрабаў» з такімі ж умоўнымі «галубамі» і што ястрабіны пункт гледжання пераважае. Прычым Лукашэнка настолькі вымушаны лічыцца з меркаваннем «ястрабаў», што ўжо не можа зладзіць адлігу, таму што сілавікі не зразумеюць.

Такі ход думак прыводзіць да высновы, што спыненне рэпрэсій, выпуск на свабоду палітвязняў і нармалізацыя адносінаў з Захадам — усё гэта опцыі толькі ў той ступені даступныя Аляксандру Рыгоравічу, у якой гэтых захадаў жадаюць сілавікі і Крэмль. А яны не жадаюць.

Свежыя рэверансы ў бок Трампа і ЗША разам з новым памілаваннем палітвязняў слаба вяжуцца з уплывам сілавікоў і непрыманнем Масквы.

Рэальнае збліжэнне з ЗША, цікавасць да якога дэманструе Лукашэнка такімі жэстамі, запатрабуе ад яго арганізацыі адлігі. І я думаю, што ён на яе пойдзе, калі справа толькі за гэтым стане, а сілавікі прымуць чарговую лібералізацыю пакорліва як натуральны ход падзей. Прыкладна гэтак жа, як раптам прынялі ўвядзенне бязвізу для грамадзян «варожых» заходніх краін, хоць лічылі гэта недапушчальным.

У гэтым адна з беларускіх рэалій: улада Лукашэнкі па-ранейшаму з'яўляецца абсалютнай. Такімі ж абсалютнымі з'яўляюцца магчымасці яе рэалізацыі ў Беларусі. Гэта не азначае, што пад ім няма барацьбы падыходаў, але вырашае яго меркаванне — і тут жа становіцца пунктам гледжання ўсёй вертыкалі.

Яшчэ лічыцца, што ад Беларусі і Лукашэнкі ўжо, па вялікім рахунку, мала што залежыць — што лёс краіны і ўсяго рэгіёна вызначаецца ў вайне Расіі з Украінай. Пакуль там нявызначанасць, магчымасці для нармалізацыі ў Беларусі і дыялог з Захадам, абмежаваныя.


Глядзіце таксама

Аднак спробы да нармалізацыі Мінскам відавочна робяцца і, што цікава, зноў жа, не сустракаюць абурэння сілавікоў і Крамля.

Якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае і адыграе вайна, пытанне яшчэ ўсё-ткі адкрытае. Пакуль яна, як ні дзіўна, наадварот спрыяе ўмацаванню становішча Лукашэнкі, а значыць і ўзмацняе яго перамоўныя пазіцыі.

Загваздка з нармалізацыяй хутчэй у супярэчлівым змесце беларускіх сігналаў, што пакуль не задавальняюць Захад, чым у вайне.

Аднак нармалізацыя адносінаў на заходнім вектары ў любым выпадку не азначае ўстойлівай дэмакратызацыі Беларусі. Гэта ўмова толькі для змякчэння рэжыму, што ў нашых рэаліях ужо нямала.

Адна з тэорый дэмсіл, што апісваюць магчымасці для грунтоўных дэмакратычных перамен у Беларусі, грунтуецца на «эфекце даміно»: толькі тады, калі пасыплецца Расія, пасыплецца і беларускі рэжым.

Асцярожны пункт гледжання на гэты конт гучыць больш стрымана: крах або паслабленне Расіі адкрые «акно магчымасцей» для Беларусі.

Праверыць усё гэта магчыма толькі вопытным шляхам, калі РФ пачне сыпацца, але пакуль зусім не падобна, што справа да гэтага ідзе. На гэтым месцы ўзнікае пытанне: што ж будзе, калі Расія не пацерпіць краху ва Украіне ці праз Украіну.

Адказ можна пашукаць у гісторыі. Гістарычныя аналогіі зусім не ўніверсальныя, каб з іх дапамогай адказаць адназначна, але яны даюць уяўленне, як можа быць.

Прыклад аналогіі, у чымсьці сугучнай падзеям у нашым рэгіёне, дае кровапралітная вайна ў В'етнаме, у якую былі ўцягнутыя ЗША. Тады разганяўся пункт гледжання, што калі сёння падзе Сайгон, то заўтра тая ж доля напаткае ўсю Азію, а паслязаўтра — Еўропу. У сэнсе, камуністычная пагроза.


Глядзіце таксама

Пра гэтыя абагульненні пісаў у сваіх мемуарах германскі канцлер Вілі Брандт, якога Вашынгтон спрабаваў пераканаць у тым, што амерыканцы ў В'етнаме абараняюць Берлін. Брандт не паверыў — і меў рацыю: Сайгон пацярпеў паразу, але яго доля, як вядома, не спасцігла ўсю Азію, а тым больш Еўропу.

У гэтым сэнсе можа быць вялікім перабольшаннем сцвярджэнне, што калі Расія не будзе пераможаная ва Украіне, то пад пагрозай акажацца Усходняя Еўропа, дэмакратыя і яе каштоўнасці. Правяраць гэтую гіпотэзу, вядома, не хацелася б, але, магчыма, давядзецца.

Дэмакратыі ў Беларусі гэта дакладна не пагражае, таму што нельга пагражаць таму, чаго няма і не праглядаецца. Для нашай краіны гаворка можа ісці пра крыху лепшыя ці горшыя перспектывы выхаду з-пад уплыву Расіі. Цяпер яны не сказаць каб ёсць. Пачатак нармалізацыя адносінаў з Захадам пры дзеючым рэжыме — тое, што іх можа прыадкрыць.