989-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: масіраваная атака расійцаў на ўкраінскія гарады, дзясяткі ахвяр

Паводле апошніх даных, расійцы прасунуліся па лініі фронту на Пакроўскім кірунку — акупавалі яшчэ адно сяло.

316fa58_zsu1300_690x387.jpg

***

Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на тое, што кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін хоча пры прэзідэнцтве Дональда Трампа перазагрузіць расійска-амерыканскія адносіны на сваіх умовах.

Пуцін выступіў на 21-й штогадовай сустрэчы дыскусійнага клуба «Валдай» 7 лістапада і выказаўся за перазагрузку расійска-амерыканскіх адносінаў.

Пуцін намякнуў, што прэзідэнцкая кампанія Трампа «выказала жаданне аднавіць адносіны з Расіяй, дапамагчы пакласці канец украінскаму крызісу», а пазней адзначыў, што Расія «адкрытая да магчымасці аднаўлення адносінаў са Злучанымі Штатамі».

Пуцін паспрабаваў абвінаваціць ЗША ў падрыве расійска-амерыканскіх адносінаў, адзначыўшы, што Злучаныя Штаты наклалі санкцыі і абмежаванні на Расію і вырашылі падтрымаць Кіеў — без згадкі пра тое, што гэтыя меры былі адказам на незаконнае і несправакаванае поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну.

Аналітыкі адзначаюць, што з заявы Пуціна вынікае, што Расія пагодзіцца на перазагрузку расійска-амерыканскіх адносінаў толькі пры ўмове, што ЗША адменяць санкцыі і абмежаванні супраць Расіі і перастаць падтрымліваць Украіну — фактычна, на ўмовах, якія выгадныя Расіі за кошт інтарэсаў ЗША.

***

У кастрычніку Украіну атакавалі блізу 2 тысяч расійскіх дронаў, паведамляе выведка Вялікабрытаніі, якая прааналізавала расійскія ўдары цягам кастрычніка і першага тыдня лістапада.

У аглядзе паказана, што ў кастрычніку Расія запусціла па ўкраінскіх рэгіёнах каля 2 тысяч беспілотных лятальных апаратаў аднабаковай атакі, што прыкладна на 700 адзінак больш, чым у верасні.

Брытанская выведка акцэнтуе ўвагу на тым, што колькасць дронавых нападаў пастаянна расце з сярэдзіны 2024 года, паколькі Расія ўвесь час інвестуе ў вытворчасць БпЛА. 

Вайскоўцы адзначылі, што цягам першага тыдня лістапада інтэнсіўнасць расійскіх пускаў заставалася высокай і адпавядала паказчыкам апошніх тыдняў.

Выведчыкі прагназуюць, што такая высокая інтэнсіўнасць расійскіх удараў захаваецца і ў далейшым.

***

Аўтарытэтны лонданскі «Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў» апублікаваў аналіз стану ўзброеных сіл і абаронна-прамысловай базы ў Еўропе напярэдадні другога прэзідэнцтва Дональда Трампа. З ім азнаёміўся карэспандэнт «Бі-бі-сі»Джонатан Біл.

Ён піша, што ў частцы вытворчасці і паставак ключавых узбраенняў краіны Еўропы працягваюць залежаць ад ЗША.

Выдаткі на абарону еўрапейскіх чальцоў NATO з 2014-га да 2024 года выраслі амаль на 50%. Пры гэтым трэба ўлічваць, што пасля «халоднай вайны» еўрапейскія краіны моцна скарацілі свае запасы зброі і боепрыпасаў.

У многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў Вялікабрытаніі, узброеныя сілы не дасягнулі штатнай колькасці: планы па найме вайскоўцаў выканаць не ўдаецца.

Аднак еўрапейскія краіны NATO паступова нарошчваюць ваенную вытворчасць. 50% іх выдаткаў на новыя сістэмы прыпадае на краіны Еўропы, 34% — на ЗША.

***

Паводле абноўленых звестак праекта «Deep State», расійцы акупавалі Новааляксееўку ў Данецкай вобласці.

Акрамя таго, расійцы стаяць каля Новадзмітроўкі, Новааляксандраўкі і Максімаўкі ў Данецкай вобласці.

Новааляксееўка — сяло Сялідаўскай гарадской грамады Пакроўскага раёна Данецкай вобласці ва Украіне. Паводле перапісу насельніцтва 2001 года, насельніцтва вёскі складала 177 чалавек.

Паведамлялася таксама, што за кастрычнік вораг акупаваў каля 490 кіламетраў квадратных украінскіх тэрыторый, і гэта самы вялікі паказчык за 2024 год і за час расійскага контрнаступлення, якое працягваецца з кастрычніка 2023 года.

***

У ноч на 8 лістапада расійскія войскі нанеслі ўдар па Украіне балістычнай ракетай «Іскандэр-М», чатырма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі «Х-59/69» і 92 ударнымі беспілотнікамі.

Паведамляецца, што расійцы атакавалі з Растоўскай і Белгародскай абласцей, з кірункаў Курск, Прыморска-Ахтарск, Арол (РФ), Чаўда (Крым).

Варожая тактычная авіяцыя нанесла ўдары кіраванымі авіябомбамі па Харкаўшчыне і Сумшчыне.

Пацверджана збіццё 4-х кіраваных авіяцыйных ракет «Х-59/69» і 62-х варожых БпЛА ў Адэскай, Мікалаеўскай, Кіеўскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай, Хмяльніцкай і Івана-Франкоўскай абласцях.

26 варожых беспілотнікаў лакальна страчаны ў розных рэгіёнах Украіны. Адзін — у паветранай прасторы Украіны. 

Таксама за мінулыя суткі Сілы абароны Украіны абясшкодзілі больш за 1,5 тысячы захопнікаў, 49 ББМ і 32 артылерыйскія сістэмы. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 08.11.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 705 880 (+1 580) чалавек;
  • танкаў — 9 233 (+9) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 661 (+49) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 20 226 (+32) адз.;
  • РСЗА — 1 245 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 996 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 18 526 (+118) адз.;
  • крылатых ракет — 2631 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 28 495 (+84) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 602 (+6) адз.

***

У выніку масіраванай атакі расійскіх дронаў на Адэсу і раён ёсць параненыя, пашкоджаны школа і прыватныя жылыя дамы, у некалькіх узнікла ўзгаранне, адбылася разгерметызацыя і ўзгаранне двух газавых труб, паведаміў старшыня Адэскай АВА Алег Кіпер.

«Расійскія тэрарысты здзейснілі масіраваную атаку дронамі на Адэскі раён. Ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры і параненыя».

Па даных кіраўніка АВА, вядома пра двух параненых людзях: у Адэсе і прыгарадзе.

«Над ліквідацыяй наступстваў працуюць усе адпаведныя экстранныя службы. Пацярпелым аказваецца дапамога. Праваахоўнікі фіксуюць наступствы чарговага злачынства расійцаў супраць грамадзянскага насельніцтва Адэскай вобласці».

Тэлеграм-канал гарадскога савета Адэсы удакладніў, што ў выніку начной атакі значна пашкоджана адна з найстарэйшых школ Адэсы — ліцэй 125.

***

У ноч на 8 лістапада ў Харкаве прагрымелі выбухі, расійцы атакавалі горад КАБамі. У выніку пападання — 25 параненых, 5 з іх шпіталізаваныя ў медыцынскія ўстановы, стан пацярпелых — сярэдні і лёгкі. Эвакуявалі 30 чалавек, з іх — чацвёра дзяцей, паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.

Часткова разбураны пад'езд жылога дома з 1-га па 3-ці паверх. Пашкоджаныя дамы побач, 5 аўтамабіляў і выхады станцыі метро.

У цэнтры горада вораг ударыў па адкрытай тэрыторыі, пашкоджаны гістарычныя будынкі, грамадскія месцы, жылыя дамы.

Яшчэ адно пападанне — каля жылой забудовы таксама ў цэнтральнай частцы горада. Пашкоджаныя прынамсі 6 шматпавярховых дамоў, крамы, гандлёвыя павільёны, аўтамабілі, выхады станцыі метро.

***

4 чалавекі атрымалі раненні, пашкоджаныя дамы і аўтамабілі, бушавалі пажары ў выніку начной атакі расійцаў у Кіеўскай вобласці, напісаў кіраўнік рэгіёна Руслан Краўчанка ў Facebook.

«8 лістапада акупанты чарговым разам атакавалі вобласць. На жаль, ёсць чацвёра пацярпелых: 52-гадовы мужчына атрымаў скразное раненне тулава, у 45 і 57-гадовага — раненні правай нагі, яшчэ адзін мужчына атрымаў множныя пашкоджанні ўсяго цела. Пацярпелыя шпіталізаваныя, ім аказваецца неабходная медыцынская дапамога». 

Краўчанка ўдакладніў, што расійцы атакавалі вобласць ракетамі. А людзі пацярпелі ў выніку падзення абломкаў збітых варожых цэляў.

«Гэта кіроўцы аўтамабіляў, якія знаходзіліся ў аўто каля месца падзення абломкаў. Мужчыны атрымалі раненні рознай ступені. Стан аднаго з іх цяжкі, яшчэ двое кіроўцаў маюць сярэдні стан. Яшчэ адзін атрымаў лёгкія раненні. Усім аказваецца неабходная медыцынская дапамога».

***

Колькасць загінуўшых у выніку расійскага ўдару па Запарожжы 7 лістапада ўзрасла да 10, сярод ахвяр акупантаў — гадавалае немаўля, напісаў кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў у Telegram.

Вядома таксама, што 42 чалавекі атрымалі раненні.

8 лістапада ў Запарожжы абвясцілі дзень жалобы па загінуўшых.

***

Уначы ў расійскім горадзе Саратаў пасля атакі дронаў успыхнуў пажар у раёне мясцовага нафтаперапрацоўчага завода.

Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін паведаміў, што ў ноч на 8 лістапада над вобласцю былі збітыя дроны, частка абломкаў якіх упала ў прамысловай зоне Заводскага раёна Саратава. Паводле яго, пацярпелых няма.

Тым часам расійскія Telegram-каналы, спасылаючыся на мясцовых жыхароў, паведамляюць пра пажар у раёне нафтаперапрацоўчага завода горада.

Паводле звестак Мінабароны РФ, расійская СПА агулам збіла 17 беспілотнікаў: 6 у Варонежскай вобласці, 6 — у Саратаўскай, 4 — у Белгародскай і 1 — у Бранскай.