Неспадзяванка для Лукашэнкі: КНДР «увядзе» ролю «малодшага брата»?

Пасля адпраўкі на ўкраінскі фронт 10 тысяч паўночнакарэйскіх салдат Кім Чэн Ын прэтэндуе на ролю найбліжэйшага хаўрусніка Пуціна. Для Лукашэнкі такі паварот падзей нічога добрага не абяцае.

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Ужо больш за два тыдні адной з галоўных тэм расійска-ўкраінскай вайны застаецца прысутнасць у зоне баявых дзеянняў войскаў КНДР.

З'яўленьне іх там стала поўнай нечаканасцю для Аляксандра Лукашэнкі. Удзел у вайне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў мае шэраг негатыўных наступстваў для афіцыйнага Мінска, піша на «Свабодзе»Валерый Карбалевіч.

Адмыслоўцы гавораць пра больш як 10 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія ўжо ўступілі ў баявыя дзеянні і нават панеслі першыя страты.

Паўночная Карэя мае патрэбу ў замежнай валюце і гатовая плаціць за гэта жыццямі сваіх грамадзян. Акрамя таго, КНДР зацікаўленая ў доступе да расійскіх ваенных тэхналогій.

Для Расіі з'яўленне на фронце цэлых падраздзяленняў іншаземцаў — гэта даволі моцны ўдар па прэстыжы. Тое, што не ўдалося абысціся без замежных наймітаў, — важны паказнік абмежаванага мабілізацыйнага рэсурсу РФ. Невыпадкова расійскае кіраўніцтва неахвотна каментуе гэтую тэму.

Што гэта азначае для Беларусі?

Мяркуючы па ўсім, з'яўленне на расійска-ўкраінскім фронце карэйскіх войскаў стала поўнай нечаканасцю для Аляксандра Лукашэнкі. Ужо тады, калі пра гэтую падзею гаварылі сусветныя медыя, ён катэгарычна адмаўляў саму магчымасць такога павароту.

23 кастрычніка ў інтэрв'ю журналісту ВВС Стывену Розэнбергу ў Казані Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра магчымы ўдзел войскаў КНДР у расійска-ўкраінскай вайне, заявіў: «Глупства! Ніколі Пуцін не пойдзе на тое, каб некага ўгаворваць, каб узброеныя сілы нейкай краіны ўвязваліся ў СВА і ў канфлікт ва Украіне, асабліва, як кажуць вайскоўцы, "на перадку", на лініі сутыкнення... Я ў гэта не веру... Ніколі такой размовы і перамоў не было. Я гавару за Пуціна, ведаючы яго характар. У Расіі насельніцтва хапае, каб весці ваенныя дзеянні».

І тут Лукашэнка, умоўна кажучы, трапіў пальцам у неба, то-бок радыкальна памыліўся ў сваіх ацэнках, што з ім часта бывае. Бо амаль праз дзень Уладзімір Пуцін, каментуючы ход вайны, не адмаўляў факт з'яўлення ў зоне баявых дзеянняў карэйскіх войскаў.

З гэтага вынікае, што, нягледзячы на частыя і працяглыя сустрэчы з прэзідэнтам Расіі, Пуцін не інфармуе саюзніка пра ўсе свае планы («ніколі такой размовы не было»). І гэта стала нечаканым і непрыемным адкрыццём для Лукашэнкі. Тут яго падвяла самаўпэўненасць, ён не змог схаваць гэты непрыемны факт ад публікі.

Праз тыдзень, выступаючы на ІІ Мінскай міжнароднай канфэрэнцыі па еўразійскай бяспецы, Лукашэнка ўжо не адмаўляў факта ўдзелу войскаў КНДР у вайне: «Чаму ўхапіліся за нейкіх паўночнакарэйцаў і іншае... Яны (Захад.ВК) раздзімаюць гэты факт».

Але захоўванне Пуціным у сакрэце сваіх планаў адносна вайны — не адзіная непрыемнасць для Лукашэнкі. Ёсць і іншыя негатыўныя для яго наступствы.


Глядзіце таксама

Па-першае, разбураецца тая схема, якую ён з самага пачатку вайны актыўна прэзентаваў — наконт удзелу ў вайне беларускага войска. Ён тлумачыў, што Расія не мае патрэбы прыцягваць да баявых дзеянняў беларусаў. Бо, маўляў, Расія вялізная, там шмат насельніцтва, гіганцкі мабілізацыйны рэсурс. Таму, гаварыў Лукашэнка, Пуцін ніколі не патрабаваў удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне беларускага войска, няма ў гэтым неабходнасці: «Пуцін ніколі перада мной не ставіў пытання аб тым, каб мы ўвязаліся ў гэтую бойку. Ні ён, ні Шайгу, ні цяперашні міністр абароны Белавусаў. Ніколі не ставілі перад намі такое пытанне».

А вось цяпер высвятляецца, што Расіі якраз не хапае на фронце жывой сілы. І давялося прасіць пра дапамогу КНДР, везці салдат за трыдзевяць зямель, шукаць перакладчыкаў, па ходзе вырашаць праблему тэхнічнага і арганізацыйнага зладжвання з Узброенымі сіламі РФ. У той час як побач ёсць беларускае войска, з якім расійцы кожны год праводзяць сумесныя вучэнні, няма праблемы зладжвання, мовы ды інш. Таму цяжка паверыць, што Пуцін не звяртаўся да Лукашэнкі з просьбай даслаць на фронт беларусаў.

Па-другое, з'яўленне на фронце вялікага кантынгенту карэйскага войска (больш як 10 тыс.) можа прывесці Крэмль да высновы, што Беларусь — ужо не галоўны саюзнік. Цяпер на гэтую ролю прэтэндуе таварыш Кім Чэн Ын. З усімі непрыемнымі (найперш эканамічнымі) наступствамі для афіцыйнага Мінска. Таму такая хваравітая і трохі разгубленая рыторыка, якую дэманстраваў Лукашэнка падчас выступу на азначанай вышэй канфэрэнцыі, імкнучыся сцвердзіць сваю ролю галоўнага хаўрусніка: «Хоць на лініі фронту ні расіяне, ні ўкраінцы, ні мы іх (карэйцаў. ВК) там не бачым... А як дапамагае там Паўночная Карэя, Беларусь, пра гэта ведаюць толькі Расія і мы». То-бок менавіта «мы» тут на першым плане, а не нейкія там далёкія паўночнакарэйцы.


Глядзіце таксама

Па-трэцяе, і ў інтэрв'ю Розэнбэргу, і ў выступе на канфэрэнцыі Лукашэнка настойліва паўтарае думку, што з'яўленне на фронце войскаў КНДР — гэта шлях да эскалацыі вайны: «Гэта будзе крок да нейкай эскалацыі канфлікту, калі на лініі сутыкнення з'явяцца нечыя ўзброеныя сілы... Таму што вы, англасаксы, адразу б заявілі, што ў канфлікт увязалася саюзная краіна, — значыць, NATO мае права дапамагчы Украіне. Значыць, натаўскія войскі былі б уведзеныя ва Украіну».

Можна паверыць, што Лукашэнка сапраўды не зацікаўлены ў эскалацыі вайны ва Украіне, умяшанні ў яе войскаў іншых краін, у прыватнасці NATO. Бо гэта непазбежна прывядзе да ўцягвання Беларусі ў гэты ваенны канфлікт. А гэтага катэгарычна не хоча беларускае грамадства. Адсюль такая хваравітая рэакцыя Лукашэнкі на з'яўленне на вайне паўночнакарэйцаў.