Як КНДР за мяжой ваявала
Калі войскі КНДР уступяць у вайну ва Украіне, гэта будзе не першым выпадкам удзелу паўночнакарэйцаў у замежных ваенных канфліктах.
Канешне, з вядучымі краінамі Захаду паўночнакарэйскі кантынгент за мяжой КНДР ніколі не ваяваў. Ваенныя КНДР засвяціліся толькі ў трэцім свеце ў 1960-1980 гг. Тады Паўночная Карэя далучылася да краін трэцяга свету і Усходняму блоку ў іх асуджэнні рэжыму еўрапейскага каланіялізму ў Азіі і Афрыцы.
Збольшага цікавасць Кім Ір Сена і яго атачэння да той жа Афрыкі была лагічнай. Пачуцці салідарнасці да народаў трэцяга свету ў Паўночнай Карэі грунтаваліся на традыцыях антыяпонскага супраціву. Нагадаем, доўгі час Карэя была абвешчана часткай Японіі, якая праводзіла тут каланіяльную палітыку. Акрамя таго, будучы былымі партызанамі, паўночнакарэйскае кіраўніцтва не дрэнна разумела, што тэхнічна неабходна для эфектыўных антыкаланіяльных паўстанняў.
Рэзалюцыямі салідарнасці з народамі трэцяга свету справа не абмежавалася. Неўзабаве пачалося прамое аказанне ваеннай падтрымкі рэвалюцыйным і антыкаланіяльным рухам па ўсім чорным кантыненце.
Партызаны ад дапамогі з КНДР не адмаўляліся. Тым больш, што ўдзельнікі многіх антыкаланіяльных рухаў лічылі, што незалежная Афрыка не павінна капіраваць стыль СССР ці Кітая, а шукаць свой шлях. Аўтаномная пазіцыя Паўночнай Карэі ў знешніх справах пад лозунгамі ідэй Чучхе прыцягвала шырокае кола наіўных афрыканскіх рэвалюцыянераў.
Безумоўна, ступень ваеннай падтрымкі з боку КНДР была рознай. Самы просты варыянт — інструктаж і навучанне кадраў войскаў маладых афрыканскіх дзяржаў. У прыватнасці, такія праграмы працавалі ў Гвінеі, Зімбабвэ, Малі і Танзаніі.
Аказвалася дапамога і мясцовым партызанскім рухам. Напрыклад, была праграма для ўдзельнікаў супраціву супраць рэжыму апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы. Баевікі, звязаныя з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, праходзілі падрыхтоўку ў паўночнакарэйскіх агентаў у лагерах унутры Анголы. Асаблівы выпадак Чад. Тут група партызан-мааістаў, якая атрымлівала сістэмную падтрымку ад Паўночнай Карэі, нават атрымала сярод абарыгенаў мянушку «карэйцы».
Паўночныя карэйцы рыхтавалі партызан не толькі на афрыканскай тэрыторыі. У 1960-я гады Паўночная Карэя выступала супраць урада Паўднёвай Радэзіі, які фармавалі белыя каланісты, і актыўна падтрымлівала чарнаскурых партызан. Байцы Афрыканскага нацыянальнага саюза Зімбабвэ былі запрошаны ў лагер недалёка ад Пхеньяна, дзе паўночнакарэйскія ваенныя навучалі іх абыходжанню з выбухоўкай.
Нарэшце, перыядычна паўночным карэйцам прыходзілася непасрэдна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Так было ў Анголе, дзе Пхеньян меў даўнія кантакты з ангольскімі камуністамі яшчэ з часоў барацьбы Анголы за незалежнасць. У 1974-м Ангола стала незалежнай, але мір унутры краіны не наступіў. Пачалася грамадзянская вайна, дзе камуністам было не вельмі проста. Давялося прасіць той жа Пхеньян аб падтрымцы.
Паводле ацэнак экспертаў, прыкладна 3000 паўночнакарэйскіх салдат і тысяча дарадцаў прынялі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Анголе ў 1970-х і 1980-х гадах, падтрымліваючы камуністычны ўрад, які змагаўся супраць групоўкі UNITA — проксі паўднёваафрыканскай адміністрацыі.
І, нарэшце, праявілі сябе паўночныя карэйцы ў араба-ізраільскіх войнах. Адносіны Каіра і Пхеньяна ў часы прэзідэнта Садата былі настолькі шчыльнымі, што паўночнакарэйскія пілоты лёталі на егіпецкіх знішчальніках падчас вайны Суднага дня 1973 года. Яны ўдзельнічалі ў бамбаваннях ізраільскіх пазіцый.
Таемны або адкрыты ўдзел паўночнакарэйцаў у афрыканскіх канфліктах зменшыўся толькі ў 1980-я. Гэтаму садзейнічаў кур'ёзны факт. У 1980-я імідж Паўднёвай Карэі як паспяховай эканамічнай дзяржавы і маладой дэмакратыі пагоршыў міжнародны статус Паўночнай Карэі нават сярод сацыялістычных саюзнікаў і партызан трэцяга свету. Не гаворачы ўжо аб тым, што неўзабаве з-за крызісу ў СССР і краінах Усходняга блока ў КНДР пачаўся эканамічны крызіс і Пхеньяну стала не да ваенных авантур за мяжой.
Зрэшты, як лічаць афрыканісты, актыўная падтрымка дэкаланізацыі ў Афрыцы да гэтага часу прыносіць Пхеньяну некаторыя плюсы. З тых часоў Паўночная Карэя змагла атрымаць тут дыпламатычнае прызнанне і эканамічныя прэферэнцыі, якія выкарыстоўвае дасюль.