Былы палітвязень: Мой тата таксама калісьці прайшоў праз ГУЛАГ
59-гадовы Мікалай (імя суразмоўцы змененае ў мэтах бяспекі) з Брэста, шмат гадоў займаўся бізнесам. У сакавіку 2023 года быў асуджаны за пратэставы каментар у сеціве да паўтара года пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у наваполацкай ПК-1. Былы палітвязень адседзеў яго цалкам і неўзабаве пасля вызвалення пакінуў Беларусь. Пра перажытае Мікалай апавёў «Новаму Часу».
«Не прымаю несправядлівасць на генетычным узроўні»
— Гэтую ўладу я не ўспрымаў ніколі, але поўнае беззаконне з яе боку адчуў на сваёй скуры ў 2008 годзе. Тады ў мяне была свая фірма, і дзяржава была вінная мне грошы, — распавядае мужчына. — Я вырашыў спагнаць іх з дзяржпрадпрыемства праз суд, але ў выніку сам застаўся вінаватым.
На мой бізнес наехалі комплексныя праверкі, накруцілі неверагодную колькасць падаткаў. У выніку мне далі адзін штраф парадку 20 тысяч долараў — я думаў, гэтым і адкараскаюся. Заплаціў яго. Але драпежнікі палічылі, што калі заплаціў, то трэба яшчэ садраць. У выніку выставілі яшчэ адзін штраф у больш чым 40 тысяч долараў. Плюс мяне асудзілі на два з паловай гады ўмоўна. І калі, дарэчы, адбываўся суд па палітычнай справе, улады мне гэта яшчэ і прыгадалі.
Мой тата прайшоў праз ГУЛАГ. Адседзеў у тым пекле 9 гадоў, пакуль не памёр Сталін — з 1945 па 1953 гады. Як жа прыкра, што нічога з тых часоў не змянілася і ўсё ў Беларусі адбываецца па старым сцэнары…
Таму несправядлівасць я не прымаю на генетычным узроўні. І ў дваццатым годзе ў мяне была надзея, што мы нарэшце зможам штосьці змяніць у Беларусі.
«Губазікаўцы абяцалі запісаць пакаяннае відэа з маёй сям’ёй»
Мікалай гаворыць, што праз пару дзён пасля выбараў 9 жніўня 2020 года «зразумеў, што хутчэй за ўсё пратэсты згаснуць».
— Калі я ўбачыў, што няма плана, лідара, людзі разгубленыя і адбываецца нейкі хаатычны рух, адчуў, што пратэсты неўзабаве будуць здушаныя.
А пасля пачаўся сапраўдны генацыд. Разам з тым ніхто не думаў, што ўлады да такой ступені звар’яцеюць, што ўжо не спыняцца і будуць саджаць усіх запар.
Мікалая затрымаў ГУБАЗіК у студзені 2023 года.
— Завезлі да сябе, пачалі прэсаваць. Не хачу маляваць сябе нейкім героем, але я даслаў іх куды падалей. За гэта мне пасля накруцілі дадатковы тэрмін. Бралі за каментар, а ў выніку асудзілі па двух дыфамацыйных артыкулах — «Абраза прадстаўніка ўлады» і «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Губазікаўцы сказалі, што калі я не прызнаюся ў «злачынстве», то яны паедуць да мяне дамоў і прывязуць адтуль пакаяннае відэа з маімі жонкай і дзіцём, на якім тыя стаяць на каленях і плачуць, просяць, каб я ва ўсім прызнаўся.
«Я сказаў усё, што думаю пра дзейную ўладу і дадаў: Пішыце, што хочаце, я ўсё падпішу». Збіваць не збівалі, які сэнс, калі я ва ўсім прызнаўся. Толькі ў брэсцкім ІЧУ адзін адмарозак прайшоўся пару разоў дубінкай па целе, але гэта, бадай, не самае страшнае, — дзеліцца цяжкімі ўспамінамі былы палітвязень.
Доктар Менгеле адрадзіўся ў Наваполацку
— Я адседзеў амаль паўтара года ў наваполацкай калоніі і нічога добрага там няма, калі коратка. Шэсць дзён на тыдзень працавалі, — працягвае свой аповед Мікалай. — Нядзеля, калі фармальна і лічылася выходным, такой насамрэч не з’яўлялася. Нас усё роўна загружалі па поўнай праграме. Альбо нейкія лекцыі прыдумлялі абавязковыя, альбо дадатковыя дзяжурствы. І калі за месяц і была адносна вольнай хоць адна нядзеля, гэта ўжо было добра.
Званкі дамоў — пяць хвілін (сюды ўваходзіць і час набору нумару супрацоўнікам калоніі) і не кожны месяц. Пазбаўлялі пасылак, спатканняў. Калі ўжо надыходзіў іх тэрмін — турэмнікі штосьці прыдумлялі, каб гэта сарваць.
Былы палітвязень апавядае, што за кратамі ўвесь час яго мучылі моцныя болі ў спіне. Этап у калонію доўжыўся дзесяць сутак, Мікалая моцна перамарозілі, таму ўсе паўтара года зняволення «гэта была барацьба за выжыванне з-за спіны».
— Начальнік санчасткі Фурс Наталля Мікалаеўна — абсалютна абыякавая, з ёй увесь час узнікалі канфліктныя сітуацыі. Паміж сабой мы называлі яе «Доктар Менгеле».
Калі закліноўвала спіну, медыкі рабілі ўкол, але ляжаць не дазвалялі, прымушалі сядзець. Але ж калі паясніца баліць, сядзець супрацьпаказана. Ніжні ярус мне не давалі, начмед прынцыпова не падпісвала дазвол. Нават у перыяды, калі ў мяне закліноўвала спіну, яна казала: «Гэта не мае праблемы, вам забаронена».
За кратамі дапамагала трымацца чытанне кніг і стасункі з аднадумцамі, маральная падтрымка з боку сям’і. Хаця камунікаваць з паплечнікамі ў калоніі было дастаткова небяспечна, гэта трэба было рабіць даволі акуратна. Усё адсочвалася, даносілася ў Штаб, і палітвязні перыядычна траплялі за гэта ў ШІЗА, — згадвае мужчына.
Суразмоўца кажа, што пасля вызвалення паразмаўляў з сям’ёй і яны падлічылі, што за краты і з-за кратаў даходзіў у сярэднім кожны трэці ліст. Здаралася, што перапіску на нейкі час блакавалі цалкам. Мікалай згадвае, што тады па два месяцы ніякай пошты не атрымліваў, як і яго сям’я:
— Рабілася ўсё, каб ты ў зоне пачуваўся некамфортна. Турэмнікі і не хавалі таго, што іх задача — каб мы максімальна знясілелі.
Але былі сярод гэтага кашмару і добрыя моманты. Калі здаралася нейкая бяда альбо чалавека «не грэлі з волі» (маецца на ўвазе, калі зняволены не атрымлівае пасылкі і перадачы звонку — В.К.), вязні гуртаваліся і дапамагалі адзін аднаму. Шмат узаемавыручкі было.
Былі і нечаканыя моманты, калі адзін з афіцэраў, начальнік атрада, выратаваў вязня ад ШІЗА: сказаў, няма падстаў для змяшчэння туды, ён зрабіў гэтае парушэнне несвядома. І чалавек у ШІЗА не паехаў.
Я ведаю толькі яшчэ аднаго такога супрацоўніка. Але колькі ён пратрымаецца на гэтай працы, цяжка сказаць. Атмасфера там яшчэ тая. Цякучка кадраў вялікая. І чалавек альбо не вытрымлівае і сыходзіць альбо робіцца такім жа адмарозкам, як і іншыя.
У медчастцы працавала жанчына-псіхолаг, усяго толькі некалькі месяцаў там вытрымала. Сказала, што звальняецца, бо не можа глядзець, як здзекуюцца з людзей.
Мікалай гаворыць, што яму шмат чаго ёсць распавесці пра палітвязняў, якіх ён сустрэў за кратамі, але пакуль ён ад гэтага ўстрымаецца:
— Мы сутыкнуліся з тым, што калі прозвішча палітзняволенага прафігуравала ў медыя, чалавека пачынаюць прэсаваць. Я лепей распавяду пра турэмнікаў, якія ажыццяўлялі рэпрэсіі.
Гэта рэжымнік Зубаў, намеснік па тылавым забеспячэнні Валюшкін — пры ім харчаванне стала невыносным. На першае, другое і трэцяе давалі гнілую квашаную капусту. Ну і начальнік калоніі Руслан Машадзіеў. Афіцэр па выхаваўчай працы, рэдкасны садыст Крыўко Валерый Валер’янавіч, аператыўнікі Хількевіч, Іванчанка, намеснік па выхаваўчым працэсе Вальвачоў. Яны ненавідзелі палітычных.
«Спачатку пачалі прыходзіць міліцыянты, пасля КДБ»
— Я не верыў, што выйду па заканчэнні тэрміну. Не выключаў, што «ўпакуюць» па новай адразу каля турэмнай брамы. Але спадзяваўся на лепшае. Надзея дапамагала трымацца, — працягвае суразмоўца. — Адразу пасля вызвалення шчыльна заняўся здароўем. Пракапаў сасуды, бо перад выйсцем з калоніі пачаліся праблемы з імі, лопаліся вены, я згубіў шмат крыві. Спіну трошкі падцягнулі, але болі засталіся. Як разумею, гэта доўгі працэс, і праз гэта цяжка знайсці нейкую працу. Вядома, пачаліся праблемы з зубамі — на жаль, пакуль няма магчымасці паставіць пломбы. Арганізацыі, у якія я звяртаўся, з прыкрасцю канстатуюць, што пакуль на гэта няма фінансавання.
Пасля вызвалення людзі ў пагонах не пакідалі мяне ў спакоі. Спачатку дамоў пачалі прыходзіць міліцыянты, пасля КДБ. Калі прыйшлі апошнія, я зразумеў, што час з’язджаць.
Відавочна, што другое кола пасадак палітвязняў пачнецца рана ці позна, яно ўжо пачалося. Нагодаў для гэтага не трэба, іх заўсёды можна прыдумаць.
Суразмоўца кажа, што падчас адбыцця тэрміну ўсплёскаў надзеі, што ў хуткім часе адбудуцца перамены, у яго не было:
— Я разумеў, што рэсурс, які штосьці мог змяніць, альбо сеў альбо выціснуты з краіны.
На сёння ў Беларусі няма рэсурса, які штосьці можа зварушыць у станоўчы бок. І на Захадзе таксама няма рэсурса, зацікаўленасці, з-за якіх ён прыклаў бы нейкія каласальныя намаганні, каб сітуацыя ў Беларусі пахіснулася ў іншы бок. На маю думку, Беларусь для Захаду на сённяшні дзень не вельмі цікавая.
Маё бачанне: нічога ў Беларусі, на жаль, не зменіцца ў бліжэйшы час, таму я і з’ехаў. Наша краіна ў суцэльнай залежнасці ад Расіі і старэйшы брат нас ніколі не адпусціць. Ды і ўсплёску актыўнасці беларусаў, які мы назіралі ў 2020 годзе, ужо не будзе.
Так, погляды беларусаў збольшага не змяніліся, унутры краіны па-ранейшаму знаходзіцца вялікая колькасць прыхільнікаў перамен, але гэта не той людскі рэсурс, які выйдзе на вуліцы.