«Я ўпэўнены, што чалавек ніколі не хоча памерці ў турме». Гісторыя былога палітвязня

Наваполацкая калонія — адна з самых жорсткіх турмаў Беларусі. Палітвязні там знаходзяцца на мяжы выжывання.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Былы палітвязень Арцём Заруцкі, які да затрымання працаваў гукарэжысёрам, адседзеў у беларускіх турмах і калоніях тры гады і пасля выхаду на волю з'ехаў з краіны. Цяпер ён наладжвае сваё жыццё ў Польшчы: займаецца дакументамі і аднаўляецца пасля калоніі.

Заруцкага затрымалі ў Брэсце за каментары пра IT-спецыяліста Андрэя Зэльцэра, які расстраляў з паляўнічай стрэльбы супрацоўнікаў КДБ Беларусі, што ўварваліся да яго ў кватэру ў Мінску, і быў забіты агнём у адказ:

«Я сказаў, што ў такой сітуацыі, як паступілі супрацоўнікі, яны паступілі, як карнікі. Яны прычапіліся да слоў "як карнікі", — тлумачыць Арцём сутнасць сваёй справы «Настоящему времени». — Хоць гэтае слова ёсць у слоўніку Даля, Ожэгава, ва ўсіх слоўніках — гэта проста вытворнае ад слова "кара". Яно нават выкарыстоўваецца ў Крымінальным кодэксе».

За слова «карнікі» на адрас супрацоўнікаў КДБ Арцёма абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады», «распальванні сацыяльнай варожасці», а заадно ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яго адправілі спачатку ў спецпрыёмнік на Акрэсціна ў Мінску, потым перавялі ў турму ў Жодзіна, а затым — у ізалятар у Мінску і ў калонію № 1 у Наваполацку. Яна вядомая як адна з самых жорсткіх у Беларусі: там цяпер знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, журналісты Ігар Лосік, Анджэй Пачобут і дзясяткі іншых палітвязняў.

Усюды ў гэтых турмах, паводле слоў Арцёма, беларускім палітвязням стваралі асаблівыя, невыносныя ўмовы зняволення. Асабліва адрозніваліся супрацоўнікі наваполацкай калоніі.

«Для "палітычных "там фактычна створаныя асобныя ўмовы, — расказвае ён. — Ідзе нацкоўванне на іх астатніх. Стаўленне прыблізна як у канцлагерах: вось як апісваюць іх усе — вось прыкладна гэтак жа. Ты знаходзішся ў спецыяльна больш жорсткіх умовах, чым астатнія зняволеныя. Да цябе больш нагляду, да цябе больш прыдзірак, больш "асаблівых мер уздзеяння"».

Сярод гэтых «асаблівых мер» — пазбаўленне перадач і званкоў, адмова ў медыцынскай дапамозе, дрэннае харчаванне, рэгулярная адпраўка ў ШІЗА і збіццё.

«Я трапляў двойчы ў ШІЗА, — расказвае Арцём. — У ШІЗА да людзей, якія праяўляюць нейкую волю ў дачыненні да адміністрацыі, займаюць больш жорсткую пазіцыю ў плане рыторыкі або палемікі, прымяняюцца фізічныя меры ўздзеяння. Я чуў, як людзей збівалі, і не раз».


Глядзіце таксама

Вядомых беларускіх палітвязняў, расказвае Арцём, адміністрацыя стараецца максімальна ізаляваць ад іншых асуджаных. Нягледзячы на гэта, за час свайго зняволення мужчына змог пагаварыць з журналістам Анджэем Пачобутам.

«Ён схуднеў, бледны, але трымаўся стаічна, — расказвае пра гэтую сустрэчу Задруцкі. — Я ўпэўнены, што, пры ўсіх яго маральных пазіцыях, як многія цяпер кажуць, што ён не хоча пакідаць Беларусь выключна праз тое, што ў яго такая маральная пазіцыя, я думаю, што наўрад ці гэта так. У тых умовах, у якіх ён знаходзіцца ў Наваполацку, я ўпэўнены, што чалавек ніколі не хоча памерці ў турме».

Таксама, паводле слоў мужчыны, адміністрацыя спецыяльна арганізавала сістэму харчавання ў турмах і калоніях так, што зняволеныя рэгулярна недаядаюць. Сам ён за час адбыцця пакарання схуднеў да 55 кг.

«Ежа аб'ектыўна дрэнная: порцыя — дзве лыжкі кашы, — расказвае Арцём. — Гэтую ежу есці практычна нерэальна, таму што яна прыгатаваная жудасна, яна заўсёды халодная. Суп — гэта, як правіла, вада з кавалкам капусты».

«Усе вельмі моцна худнеюць. Калі паглядзець на прапагандысцкія інтэрв'ю, якія даюць па беларускім тэлебачанні, ты бачыш рэальна асунутыя твары — выключна праз тое, што там немагчыма выжыць, — падкрэслівае Арцём. — Там не хапае ні вітамінаў, ні нармальнага харчавання».


Глядзіце таксама

Да затрымання Задруцкі працаваў гукарэжысёрам, але затым сышоў у сферу IT. Вярнуцца да працы гукарэжысёра ён наўрад ці зможа: у зняволенні ў яго ўзнікла запаленне, і праз несвоечасовае лячэнне Арцём страціў слых на адно вуха.

У Польшчы Арцём ужо паўгода: займаецца легалізацыяй, вучыць мову. Пра тое, які запомніў Беларусь, ён адказвае так:

«У плане ўнутранага адчування — гэта агульны страх. Страх у людзей, якія там жывуць. У большасці сваёй, вядома, адчуваецца атмасфера пустыннасці і страху. Мінск насамрэч стаў пустым».

На думку Арцёма, перамены ў Беларусі магчымыя толькі агульнымі намаганнямі. І дадае, што, нягледзячы на ціск, трэба працягваць расказваць, як улады ставяцца ў турмах і калоніях да палітвязняў, якія выступаюць супраць рэжыму.