Хронікі рэпрэсій за 25 жніўня: за апошні тыдзень па палітычных матывах судзілі як мінімум 66 чалавек

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

hroniki_represij2_9.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1443 дні, Дзяніс — 1323

***

На гэтым тыдні паводле крымінальных палітычных спраў судзілі 66 чалавек, палову з якіх — за ўдзел у пратэстах 2020 года, піша «Вясна». Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе за пяць дзён асудзілі 35 чалавек. У Брэсце 23 і 24 кастрычніка судзілі адразу шэсць чалавек за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска 25 кастрычніка за ўдзел у пратэстах судзілі сем'ямі. Працэс на чацвярых фігурантаў вяла суддзя Юлія Крэпская.

Паводле інфармацыі «Вясны», агулам з 2020 года паводле арт.342 КК асудзілі мінімум 2740 чалавек.

З 21 па 25 кастрычніка адбылося 11 судоў за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК), чацвярых чалавек судзілі за «паклёп на Лукашэнку». Агулам з 2020 года паводле арт.368 КК асудзілі не меней за 950 чалавек, а за «паклёп у дачыненні да Лукашэнкі» — мінімум 258 чалавек. Большасці асуджаным па гэтых артыкулах прызначаюць пазбаўленне волі.

Таксама на гэтым тыдні судзілі за каментары пра тэракт у «Крокус Сіці Холе», адмаўленне «генацыду беларускага народа» і «заклікі да санкцый». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2021 года за «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт.361 КК) асудзілі мінімум 99 чалавек.

Не спыняецца і пераслед украінцаў. За «агентурную дзейнасць» толькі на гэтым тыдні судзілі чатырох грамадзян Украіны: Івана Ліхалата, Вячаслава Бародзія, сына і бацьку Паўла і Сяргея Кабарчукоў. Апошнім прызначылі па 20 гадоў калоніі і штраф у 700 базавых велічынь кожнаму (28 тысяч рублёў). Агулам у зняволенні ўтрымліваецца не меней за 12 грамадзян Украіны.

Былі судовыя працэсы і за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»: данаты, грашовыя пераводы, перадачы палітвязням, інтэрв’ю незалежным СМІ ці перадачу інфармацыі ў боты медыя. Праваабаронцам вядома як мінімум пра чатыры такія працэсы.

Шэсць чалавек за тыдзень судзілі за «здраду дзяржаве». Паводле арт.356 КК у Беларусі з 2020 года асудзілі мінімум 85 чалавек на тэрміны да 25 гадоў калоніі.

Акрамя таго, адбылося 14 працэсаў па замене «хатняй хіміі» ці «хіміі» на калонію. Агулам у кастрычніку адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 45 судоў па замене пакарання асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») на пазбаўленне волі.

***

Паводле звестак праваабаронцаў, на гэтым тыдні ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска адразу некалькіх асуджаных давялося адправіць у лякарню з дыягназам «пнеўманія».

Як адзначылі ў «MAYDAY», з 14 да 20 кастрычніка «адміністрацыя калоніі адмаўлялася ўключаць ацяпленне, хоць жудасны холад быў нават у адрамантаваных памяшканнях для працяглых кароткатэрміновых спатканняў».

«У калоніі такія правілы, што вокны пастаянна трымаюць адчыненымі і зачыняць іх начальнікі атрадаў забараняюць, таму па ўсіх памяшканнях гуляе скразняк», — расказалі праваабаронцы.

***

Сілавікі затрымалі футбольнага фаната за татуіроўку «ACAB», піша «Медыязона»Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

На камеру мужчына кажа, што раней быў у групоўцы футбольных заўзятараў «Дынама Мінск». Аўтары канала дэманструюць татуіроўку мужчыны з абрэвіятурай «ACAB» і пішуць, што затрыманаму пагражае 15 сутак.

Па якім артыкуле затрыманы мужчына, невядома.

***

У Брэсцкім абласным судзе 24 кастрычніка пачаўся суд над мужам і жонкай з Баранавічаў Уладзіславам і Таццянай Кашчэевымі. Іх абвінавачваюць паводле ч.ч. 1, 2 арт.356 КК («Здрада дзяржаве»). Сужэнцам пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе «Вясна».

У «BELPOL» высветлілі, што, паводле звестак за 2005 год, Таццяна працавала на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе тэхнікам працы. Уладзіслаў — вайсковец. Паводле звестак за 2019 год, ён працаваў на 61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах (в/ч 54804).

Дакладна невядома, што ставіцца ў віну Кашчэевым. Верагодна, іх утрымліваюць пад вартай, бо апошняя іх актыўнасць у сацсетках была ў 2023 годзе.

«Вясна» знайшла ў сацсетках старонкі Уладзіслава і Таццяны. Інфармацыі пра сям'ю няшмат. Вядома, што мужчыну 49 гадоў, жанчыне — 44. Сям'я жыве ў Баранавічах. У іх двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы.

Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Дзмітрый Карачынскі. Абставіны справы праваабаронцам невядомыя.

***

У Брэсце сілавікі затрымалі прадпрымальніка за ўдзел у пратэстах 2020 года. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

На камеру мужчына кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, кідаў брук у бок сілавікоў і заблакаваў лавачкай дарогу.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках. У Instagram мужчына падпісаны як Сяргей Гарун. У апісанні профілю Сяргей напісаў, што ён прадпрымальнік.

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

***

Мінчука Мікалая Ражко абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), паведамляе «Вясна».

Яго справу разглядае суд Маскоўскага раёна Мінска.

Сілавікі затрымалі Ражко ў жніўні. На відэа сілавікоў ён казаў, што выходзіў на пратэсты летам 2020-га года, пісаў каментары ў чатах, але «ўжо нават не памятае якія», а таксама што рэгістраваўся ў чат-боце плана «Перамога».

***

Пракуратура Магілёўскай вобласці абмежавала доступ да сайта «Беларускай аналітычнай майстэрні», паведамляе «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу ведамства.

Паведамляецца, што на заблакаваным сайце «размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюць прыкметы "экстрэмізму", накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў улады і праваахоўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама вынікі сацыялагічных даследаванняў, праведзеных без адпаведнай акрэдытацыі».

Мінсувязі выканала пастанову пракуратуры.

«Беларуская аналітычная майстэрня» (Belarusian Analytical Workshop, BAW) — незалежная даследчая арганізацыя, якая займаецца аналізам сацыяльна-эканамічных і палітычных працэсаў у Беларусі і вакол яе.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 632 дні, Максіма Знака — 626 дзён, Мікалая Статкевіча — 623 дні, Ігара Лосіка — 614 дзён, Віктара Бабарыкі — 552 дні, Сяргея Ціханоўскага — 482 дні, Уладзіміра Гундара — 445 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1299 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1412 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.