Хронікі рэпрэсій за 24 кастрычніка: За 3 месяцы былі затрыманыя не менш за 360 чалавек
Сумная статыстыка палітычных рэпрэсій у Беларусі: агулам за дзевяць месяцаў 2024 года ў Беларусі затрымалі не менш за 1 797 чалавек. І гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам. Мінімум 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах.
Не менш за 360 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі з ліпеня па верасень
Праваабаронцы «Вясны» традыцыйна падлічылі агульную лічбу затрыманняў за трэці квартал 2024 года і распавядаюць, за што працягваюць пераследваць беларусаў.
У Беларусі з 1 ліпеня па 30 верасня было зафіксавана 1 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Гэта ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д. З іх 360 — затрыманні. Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў за тры месяцы.
Самым распаўсюджаным артыкулам застаецца 19.11 КаАП — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». За тры месяцы паводле яго асудзілі не менш за 380 чалавек.
Але па словах былой арыштанткі ЦІПа на Акрэсціна, якая ў гэты час адбывала арышт, тых, каго судзілі паводле «экстрэмісцкага» артыкула, адпускалі адразу, а тых, каго за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП, часта перазатрымлівалі па заканчэнні першага тэрміну і складалі новыя пратаколы. Такая практыка выкарыстоўваецца ўладамі ўжо некалькі гадоў. Гэта дазваляе ўтрымліваць людзей за кратамі па некалькі месяцаў. Пры гэтым, перадачы для затрыманых не прымаюць, таму яны ўвесь свой арышт сядзець без зменнага адзення і бялізны, а таксама часта без сродкаў гігіены.
Масавыя затрыманні ў рэгіёнах
Акрамя гэтага, сілавікі актыўна ладзяць «хапуны» ў маленькіх гарадах Беларусі. Так, напрыклад, у сярэдзіне верасня, паводле «Віцебскай Вясны», у Глыбокім было затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Амаль у той жа час прайшла «зачыстка» ў Бярозе. Тады сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні як мінімум 10 чалавек. Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што «астатнім 14 прыцягнутым асобам, абраная мера стрымання не звязаная з пазбаўленнем волі».
У верасні адбыўся «рэйд» сілавікоў па жыхарах Століншчыны. Паводле звестак праваабаронцаў, тады затрымалі больш за 10 чалавек.
Таксама перыядычна праходзяць масавыя затрыманні і ў Баранавічах. Пасля чаго мясцовых жыхароў судзяць паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.
Пераслед беларусаў па вяртанні з-за мяжы
Апроч гэтага, не спыняюцца затрыманні і допыты пасля праверак тэлефонаў на мяжы з Беларуссю. Паводле «Вясны», за мінулыя тры месяцы сілавікі працягвалі затрымліваць беларусаў па вяртанні з Літвы і Польшы.
Нагадваем, што прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, «экстрэмісцкія» рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы. Праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў «БЕСпорядки» — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
Кампанія пераследу ўкраінцаў
Мінімум 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі: іх затрымліваюць па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах, а на памежных пунктах Беларусі да гэтага часу працягваюцца дасканалыя допыты і праверкі тэлефонаў украінцаў.
За краты ў Беларусі грамадзяне Украіны траплялі па розных прычынах. Па стане на чэрвень 2024 года ў Беларусі ў зняволенні па крымінальных артыкулах утрымліваліся не менш за 15 украінцаў.
Таксама з пачаткам поўнамаштабнай вайны ўкраінцаў у Беларусі пачалі пераследаваць за «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі». Дзеянні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як «агентурную дзейнасць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК). Так, фігурантамі гэтых артыкулаў сталі мінімум восем грамадзян Украіны. Крыніцай інфармацыі пра такія справы ў большасці выпадкаў з'яўляюцца прапагандысцкія сюжэты. Суды праходзяць у закрытых рэжымах.
28 чэрвеня 2024 года з беларускіх месцаў няволі па абмене як палонных вызвалілі пяць палітзняволеных грамадзян Украіны. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант «справы дыверсіі ў Мачулішчах» Мікалай Швец (у кастрычніку яго завочна асудзілі да 25 гадоў калоніі).
Цяпер у месцах няволі ў Беларусі застаюцца яшчэ мінімум 12 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці», «шпіянажы» і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах.
У Браславе за «экстрэмізм» 23 кастрычніка судзілі чатырох мясцовых жыхароў
Як піша @vitebsk_info, гаворка ідзе пра Алега Даргеля, Алега Сяляха, Наталлю Баяр і Анжаліку Пілат.
Алег Сялях — вядомы на Браслаўшчыне паляўніцтвазнавец, які ў свой час узначальваў аддзел аховы жывёльнага свету ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». Цяпер ён кіраўнік рэгіянальнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З сям'ёй ён трымае аграсядзібу «Беражжа», на якой можна прадэгуставаць усе прыродныя прыгажосці тамтэйшага паазер'я.
Анжаліка Пілат — выпускніца факультэта беларускай філалогіі і культуры «машэраўкі», якая працуе цяпер спецыялістам па сацрабоце ў ТЦСАН Браслаўскага раёна.
У Мінску за «заклікі да санкцый» судзяць мужчыну — яму пагражае да 12 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе судзяць Арцёма Ліцевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сёння ідзе ўжо трэцяе пасяджэнне. Мужчыне пагражае да 12 гадоў калоніі.
Справу разглядае суддзя Алена Ананіч.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны» з верасня 2021 года ў Беларусі за «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК) асудзілі мінімум 99 чалавек. Першымі, каго асудзілі паводле гэтага артыкула, сталі палітзняволеныя Максім Знак і Марыя Калеснікава.
Сілавікі затрымалі інжынера за ўдзел у пратэстных акцыях
У «палонным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у пратэсным маршы ў Мінску 16 жніўня 2020 года, а таксама пакідаў каментары пра расійскую ўладу.