Палітзняволеныя знаходзяцца ў атмасферы жаху. Расследаванне пра катаванні ў жаночай калоніі ў Гомелі

«Пераследуецца адміністрацыяй і жорстка караецца салідарнасць паміж зняволенымі, напрыклад, калі жанчына падзялілася пракладкай з іншай жанчынай. Гэта можа трактавацца як парушэнне, і карацца».

Жанчыны прыбіраюць снег у калоніі №4 у Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru

Жанчыны прыбіраюць снег у калоніі №4 у Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў сваё чарговае грамадскае расследаванне «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў жаночай калоніі №4 г. Гомеля». Дваццаць былых палітзняволеных жанчын распавялі пра сваё жыццё за кратамі, перадае «Белсат».

314 месяцаў зняволення на 20 жанчын

Асноўная мэта раследавання – агляд сітуацыі з правамі жанчын, якія ўтрымліваюцца ў папраўчай калоніі ў Гомлі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, жаночая калонія №4 на вуліцы Антошкіна, разлічаная больш чым на 1700 чалавек, з’яўляецца сучаснай папраўчай установай з інфраструктурай, якая забяспечвае ўсе патрэбы асуджаных жанчын: сталовая, клуб, спартовая зала, лазня, цырульня, медычны корпус з апаратамі УГД, кваліфікаваным персаналам, зручнымі інтэрнатамі для «спецкантынгенту». У калоніі пабудаваны асобны корпус Дома малюткі, дзе ўтрымліваюцца дзеці асуджаных жанчын. Праўладныя журналісты не раз прысвячалі гэтай калоніі свае рэпартажы. На іх думку, у ПК-4 створаныя ідэальная атмасфера і ўмовы. Аднак вынікі расследавання кажуць пра адваротнае.

Пасля 2020 года кантынгент папраўчай калоніі № 4 заўважна змяніўся са з’яўленнем там палітычных зняволеных. На іх з боку адміністрацыі калоніі аказваецца сталы ціск, які адлюстроўваецца ў размяшчэнні жанчын, асуджаных па палітычных матывах, у атрады з жанчынамі, асуджанымі за забойствы і іншыя сур’ёзныя злачынствы; арганізацыі правакацыяў; натраўліванні асуджаных адна на адну; заахвочванні даносаў.

Прадстаўнікі міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі апыталі 20 былых палітзняволеных жанчын, якія адбывалі незаконнае пакаранне з траўня 2021 года па люты 2024 года.

«Агульная працягласць іхнага знаходжання за кратамі склала 314 месяцаў, гэта ў сярэднім 15,7 месяцаў на чалавека», – удакладніў падчас прэзентацыі расследавання Сяргей Усцінаў, сузаснавальнік міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Глядзіце таксама

«Жанчына ўпрагаецца як кабыла ў плуг»

У расследаванні закранаюцца самыя розныя аспекты і ўсе этапы знаходжання ў калоніі: карантын, побытавыя ўмовы, праца на прадпрыемствах, гігіена, дасуг, пакаранні за парушэнні, правакацыі ў дачыненні да палітзняволеных, медычная дапамога, адміністрацыя і супрацоўнікі калоніі (ім прысвечаны асобны раздзел у расследаванні, у якім змешчаныя фотаздымкі, імёны і прозвішчы і інфармацыя пра некаторых з іх).

Жыццё ў калоніі праходзіць строга па раскладзе. Дзве працоўныя змены вызначаюць, чым павінны займацца зняволеныя ў той ці іншы прамежак часу.

У вольны час зняволеныя павінны глядзець унутранае тэлебачанне калоніі – «Вектар», па якім паказваюць прапагандысцкія перадачы, відэа з удзелам затрыманых, запісаныя сілавікамі і т.п. Зняволеныя жанчыны распавядалі, што не глядзець нельга, бо за табой назіраюць па камерах, таму нават заплюшчыць вочы нельга.

 «Мы разглядалі дакументаванне ўмоваў знаходжання ў калоніі з пункту гледжання міжнародных стандартаў. Што мяне найбольш уразіла – умовы працы жанчын і колькасць гэтай працы. Жанчыны не атрымлівалі вызваленне нават па стане здароўя, калі медычны супрацоўнік даў даведку, што рэкамендуецца абмежаваць працу, – распавядае Алена, юрыстка міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі. – Жанчыны, нягледзячы на боль, вымушаныя працаваць. Але акрамя працы на фабрыцы, там шмат гаспадарчых функцыяў, да якіх прыцягваюцца жанчыны – дзяжурствы, прыборка снегу. Жанчыны пераносяць мяшкі з гароднінай, чысцяць мяшкамі бульбу, цыбулю».

Алена была шакаваная аповедамі палітзняволеных пра тое, як іх прымушалі чысціць тэрыторыю паміж платамі.

«Жанчына фактычна ўпрагаецца як кабыла ў прыладу, якая нагадвае плуг, і цягне яе – так узрыхляюць глебу паміж платамі, каб было бачна, калі там з’явяцца сляды», – распавядае юрыстка.

«Змушаюць браць скрынкі і хадзіць вакол баракаў»

Асобная тэма – доступ жанчынаў да гігіены ў калоніі. Магчымасць нармальна памыцца ёсць раз на тыдзень.

«Асабліва пасля таго, як жанчына насіла мяхі з бульбай, ёй трэба памыцца, але яна не мае такой магчымасці. Жанчына мусіць увесь дзень быць у той жа вопратцы, якую абвесцілі на пачатку дня, у незалежнасці ад забруджванняў, а за забруджванні яна можа атрымаць пакаранне.

Паколькі няма ўмоваў для сушкі адзення, жанчыны часам апынаюцца на марозе ў мокрай вопратцы, што спрыяе развіццю шэрагу захворванняў, а мы разумеем, як важна для жанчыны адсутнасць пераахалоджванняў», – кажа Алена.

Юрыстка камітэту па расследаванні катаванняў зазначае, што вопратка, якую абавязаныя насіць жанчыны ў калоніі, нязручная для выканання фізічнай працы:

«Жанчыны вымушаныя ў спадніцы-алоўку чысціць снег. Палітвязняў, і агулам – любых вязняў, нельга трымаць у такіх умовах, трэба працаваць над тым, каб іх вызваляць і паляпшаць умовы ўтрымання».

У дачыненні да палітзняволеных жанчын шырока ўжываюць пакаранні за самыя дробныя, часта «прыцягнутыя за вушы» парушэнні.

«Пераследуецца адміністрацыяй і жорстка караецца салідарнасць паміж зняволенымі, напрыклад, калі жанчына падзялілася пракладкай з іншай жанчынай. Гэта можа трактавацца як парушэнне, і карацца», – зазначае Сяргей Усцінаў.

За дробныя парушэнні могуць прымусіць дзяжурыць, выконваць нейкую гаспадарчую працу. Калі яе няма – жанчын змушаюць браць скрынкі і хадзіць з імі вакол баракаў. За больш сур’ёзныя парушэнні – ШІЗА. 

Пакаранні, не прадугледжаныя законам

Акрамя прадугледжаных Крымінальна-выканаўчым кодэксам пакаранняў, у калоніі ўжываецца шэраг іншых, не прадугледжаных законам. Адно з самых жахлівых – клетка, якая знаходзіцца на тэрыторыі калоніі на кантрольна-прапускным пункце паміж жылой і прамысловай зонамі.

Жанчын змяшчаюць у гэтую клетку за адмову ад выканання патрабаванняў супрацоўнікаў або гвалтоўныя канфлікты з іншымі зняволенымі. Жанчыны праводзяць там ад паўгадзіны да 8 гадзінаў. Клетка размешчаная такім чынам, каб яе бачыла як мага больш асуджаных па дарозе на працу або з яе. Пра знаходжанне ў клетцы распавядала былая палітзняволеная Наталля Хершэ.

У якасці пакаранняў жанчын таксама прымушалі выконваць нейкую зняважлівую і/або бессэнсоўную працу. Напрыклад, ёсць спосаб пакарання, які называюць «Тытанік», калі на падлогу выліваецца вядро ці некалькі вёдраў вады і зняволеная павінна ўсю яе сабраць.

Найбольш вядомыя, медыйныя палітзняволеныя знаходзяцца ў так званых прэс-атрадах, дзе вялікая колькасць зняволеных, што працуюць на адміністрацыю.

«То бок, кожны крок адсочваецца. Адна зняволеная распавядала, што за ёй прыставілі асуджаную, і тая запісвала ў сшытак літаральна кожны крок і дакладвала адміністрацыі. Акрамя таго, над такімі палітзняволенымі здзяйсняюць асаблівы кантроль аператыўныя супрацоўнікі, у функцыі якіх уваходзіць прэсінг», – кажуць аўтары даследавання.

Некаторыя зняволеныя, якія на сённяшні дзень выклікаюць найбольшыя перасцярогі, утрымліваюцца ў максімальнай ізаляцыі. Любая камунікацыя з імі забаранялася і раней, жанчын за гэта каралі. Цяпер жа іх утрымліваюць у фізічнай ізаляцыі, пераводзячы з ШІЗА ў ПКТ, каб ніхто не мог адсочваць іхны стан і атрымаць ад іх нейкую вестачку.

Паводле аўтараў даследавання, стаўленне да палітзняволеных агулам моцна пагоршылася апошнім часам.

Таксама яно становіцца горшым у дачыненні да асобнай палітзняволенай жанчыны, калі яна адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні.

«Жанчынам, якія стаяць на ўліку, забаранілі наведванне клубаў, царквы, любых дасугавых мерапрыемтсваў, спартовай залы. Акрамя таго, пасля пачатку вайны, забаранілі перапіску з усімі, акрамя блізкіх сваякоў», – зазначаюць прадстаўнікі камітэту па расследаванні катаванняў.

Што вядома пра Марыю Калеснікаву?

Падчас прэзентацыі прагучала пытанне, ці праўда, што да Марыі Калеснікавай у камеру рэгулярна падсаджваюць ментальна хворую жанчыну, якая правакуе палітзняволеную і робіць ейнае жыццё яшчэ больш невыносным. Прадстаўнікі камітэту па расследаванні катаванняў адказалі, што не ведаюць такіх фактаў адносна менавіта Калеснікавай, аднак агулам падобнае практыкуецца ў прэс-атрадах:

«Там вельмі моцны псіхалагічны ціск. На палітвязняў крычаць: вы – здраднікі радзімы, вас трэба расстраляць, жанчыны не вытрымліваюць гэтага.

Там ёсць людзі з ненармальнымі паводзінамі, хоць мы не лекары, каб ставіць ім дыягназы. Аднак яны ствараюць «палітычнным» невыносныя ўмовы, ходзяць за імі па пятах, кажуць неадкэватныя рэчы. Праз гэта палітзняволеныя знаходзяцца ў атмасферы жаху».

Пра Калеснікаву ж на дадзены момант дакладна вядома, што яе па чарзе змяшчаюць то ў ШІЗА, то ў ПКТ, а таксама пра кепскі стан ейнага здароўя.

Аўтары расследавання прыходзяць да высновы, што многія міжнародныя стандарты, якія тычацца знаходжання жанчын у месцах пазбаўлення волі, Рэспублікай Беларусь парушаныя, і пенітэнцыярнай сістэме нашай краіны патрэбная кардынальная рэарганізацыя.

Досвед зняволення ў тых умовах, якія існуюць у жаночай калоніі цяпер, адбіваецца на далейшым жыцці жанчыны, у тым ліку ў выглядзе складанасцяў сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі, адсутнасці разумення ў адносінах са сваякамі і наваколлем, разладу ў сям’і і г.д.

Прачытаць расследаванне цалкам можна па спасылцы.