Беларускі, жанчыны, маці. Палітзняволеныя за кратамі і іх гісторыі
У Дзень маці праваабаронцы згадваюць тых, хто цяпер не можа быць побач са сваімі дзецьмі — палітзняволеных жанчын.
У зняволенні на дадзены момант утрымліваюцца 167 палітзняволеных жанчын, многіх з іх на волі чакаюць малыя дзеці. Хтосьці ў разлуцы ўжо чатыры гады, а некаторыя — зусім нядаўна. Маці, якія знаходзяцца за кратамі, вымушаныя спраўляцца не толькі з выклікамі зняволення, але і з перажываннямі праз немагчымасць клапаціцца пра сваіх дзяцей. Таксама рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае дзяцей як спосаб ціску на палітзняволеных жанчын, як гэта было ў выпадку Паліны Шарэнда-Панасюк ці Дар'і Лосік. У Дзень маці «Вясна» згадвае некаторыя гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей.
Антаніна Канавалава, дачка і сын
Валанцёрку штаба Святланы Ціханоўскай Антаніну Канавалаву затрымалі 6 верасня 2020 года ў Мінску. Яе абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канал «Армія з народам», «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «падрыхтоўцы» да іх іншых асоб. Праз месяц быў арыштаваны муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, якому ў віну паставілі тыя ж дзеянні. У Сяргея і Антаніны пасля затрымання на волі засталіся двое дзяцей — чатырох і шасці гадоў. Іх за мяжу вывезла бабуля пасля затрымання бацькоў.
Антаніну і Сяргея асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі. Палітзняволеная адбывае тэрмін ў гомельскай жаночай калоніі, дзе ў яе пачаліся праблемы са зрокам. Яна атрымала інваліднасць трэцяй групы па зроку.
Ужо больш за чатыры гады дзеці палітзняволеных Ваня і Насця не бачыліся з бацькамі.
Таццяна Данілюк і трое сыноў
Таццяну Данілюк з Кобрына затрымалі зусім нядаўна — чацвёртага верасня 2024 года за «ўдзел у пратэстах» у жніўні 2020 года. Разам з ёй затрымалі яе мужа. Негледзячы на тое, што ў сям'і трое маленькіх дзяцей, жанчыну з мужам змясцілі пад варту. Яны чакаюць суду.
Вікторыя Дамастой і трое дзяцей
Вікторыя Дамастой першы раз была затрымана КДБ напрыканцы студзеня 2024 года (падчас масавых затрыманняў родных і блізкіх палітвязняў) за тое, што нібыта пераводзіла грошы на рахункі палітвязняў. Тады супраць яе завялі крымінальную справу паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»), але пад варту не ўзялі.
Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля даследавання тэхнікі нібыта былі выяўленыя каментары ў сацсетках, па іх правялі экспертызу. Пасля атрымання вынікаў экспертызы Вікторыя была паўторна затрымана і змешчана пад варту.
Канчаткова Вікторыі прад'явілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), арт.367 («Паклёп на Лукашэнку»), арт.368 («Абраза Лукашэнкі»), арт.342 («Актыўны ўдзел ці заклікі да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак»), арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Вікторыю на волі чакаюць трое непоўнагадовых дзяцей. Сама яна ўтрымліваецца ў турме № 1.
Наталля Давыдуліна і пяць дзяцей
Наталлі Давыдулінай 47 гадоў, яна са Жлобіна. Яе таксама затрымалі падчасу «рэйду на салідарнасць». Жанчыну абвінавачваюць паводле ч.1 і ч.2 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яе судзілі ў Гомельскім абласным судзе.
З сацсетак Наталлі вядома, што ў іх з мужам вялікая сям'я: пяцёра дзяцей, з якіх адна дачка цяпер яшчэ ў малодшай школе. Адзін з сыноў Наталлі Дзяніс Давыдулін — былы палітвязень.
Паліна Шарэнда-Панасюк і двое сыноў
Грамадскую актывістку з Брэста Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі трэцяга студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі. Дома засталіся двое сыноў: чатырохгадовы Стах і 11-гадовы Славамір. Яе муж Андрэй Шарэнда пазней мусіў з'ехаць з дзецьмі ад пераследу.
Зза тое, што Паліна нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дадому, ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 364 КК (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў. Пазней яшчэ па двух артыкулах – "абраза Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). У выніку ёй прызначылі два гады зняволення.
Але ціск, які аказваўся на яе ў СІЗА, не спыніўся ў калоніі: яе змяшчалі ў ШІЗА, ПКТ, а потым узбудзілі новую крымінальную справу паводле арт.411 КК. Ёй дадалі яшчэ год зняволення. Паліна стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай паводле гэтага артыкула. Яе перавялі ў калонію № 24 строгага рэжыму. Першыя чатыры месяцы ў калоніі Паліну восем разоў змяшчалі ў ШІЗА, дзе яна правяла амаль тры месяцы, а потым перавялі ў ПКТ. На Паліну завялі яшчэ адну справу паводле ч.2 арт.411 КК. На судзе палітзняволеная заявіла пра збіццё ў зарэчанскай калоніі. У кастрычніку 2023 года жанчыне яшчэ дадалі год калоніі. 21 траўня 2024 года жанчына мусіла выйсці на волю, але гэтага не здарылася. Незадоўга да таго з ёй знялі «пакаяльны» прапагандысцкі сюжэт. У свой тэрмін на волю яна так і не выйшла — паводле арт.411 КК.
У сакавіку 2024 года, калі прапагандысты знялі сюжэт пра палітзняволеную, у кадр трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін зняволення мусіў скончыцца 21 траўня. Але ў гэтую дату Паліна не выйшла, ёй зноў прад'явілі абвінавачанне ў «непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».
Сёння, 14 кастрычніка, над ёй пачаўся трэці суд паводле арт.411 Крымінальнага кодэкса.
Жанна Волкава і двое дзяцей
Жанчыну затрымалі наўпрост ў школе 11 верасня 2023 года, куды яны прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці.
Жанне выставілі абвінавачанне па шэрагу «пратэсных» артыкулаў і змяцілі пад варту. У кастрычніку 2023 года яе абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт.367 («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»), ч.1 арт.368 («Абраза Лукашэнкі»), ч.1 і ч.2 арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч.1 арт.342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч.1 арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Палітзняволенай прызначылі тры гады калоніі. Свой тэрмін яна адбывае ў калоніі № 4. На волі яе чакаюць двое дзяцей.
Ірэна Клявец і чацвёра дзяцей
Спецыялістку Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры затрымалі летам 2022 года па «справе ЧКБ». Нягледзячы на тое, што ў жанчыны чацвёра непаўнагадовых дзяцей, яе ўзялі пад варту.
Яе абвінавацілі паводле ч.3 арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч.3 арт.203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»), ч.3 арт.352 («Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»), ч.3 арт.426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). У выніку Ірэну асудзілі да шасці гадоў калоніі і этапавалі адбываць тэрмін у калонію № 4.
Ларыса Шчыракова і сын
Былую журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года. Сына Святласлава ў той жа дзень забралі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Навасібірску, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.
Супраць Ларысы завялі крымінальную справу паводле арт.369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч.1 і ч.2 арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Палітзняволеную асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі. Яна не стала падаваць апеляцыйную скаргу. У хуткім часе пасля абвяшчэння прысуду яе этапавалі ў калонію.
Ганна Аблаб і двое непаўнагадовых дзяцей
Ганну затрымалі 22 верасня 2021 года. Супрацоўніца «Беларускай чыгункі» стала фігуранткай справы «Рабочага Руху» і адзінай абвінавачанай жанчынай па справе. Яе асудзілі да 11 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».
Жанчына мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя.
Марыя Успенская і сын
Марыю затрымалі 28 верасня 2021 года па падазрэнні ў саўдзеле са сваім мужам Андрэем Зельцэрам у забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Пасля здарэння ў яе пачаліся праблемы з псіхікай.
Жанчыну судзілі як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад». 16 чэрвеня 2022 года агучылі пастанову па крымінальнай справе — прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом. Цяпер яна ўтрымліваецца ў РНПЦ псіхічнага здароўя.
Марыю на волі чакае сын, які яшчэ ходзіць у школу.