Асобная думка. Абдыміце сваіх мам!
Сёння — Дзень маці. Кожнаму і кожнай з нас наўрад ці трэба нагадваць пра тое, што ў нас ёсць мамы. А вось мамам часам трэба нагадваць, што іх любяць.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_zyccjo_ekanomika_ljudzi_dzeci_2024_fota_novy_czas.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1728904881&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Мая мама нарадзілася ў часы перамен. Не тых, праз якія мы праходзім сёння, але, як і ўсё новае, не менш хвалюючых. Стомленыя эканамічным і культурным застоем, людзі па інерцыі выжывалі, стаялі ў чэргах, даставалі «з-пад палы» замежныя тавары, апрацоўвалі свае агародзікі, нарыхтоўвалі закаткі на зіму — карацей, круціліся як маглі. Савецкі Саюз уваходзіў у «перабудову», ад якой чакалі лепшага — але сцішана, асцярожна, навучаныя тым, што ад перамен дабра не чакаюць.
Па-за ўсім гэтым заставаліся маленькія элементы будучыні — дзеці, прадастаўленыя самі сабе, суровым выхавацелькам у дзіцячых садках, піянерважатым і дваравому выхаванню. Накарміць, апрануць, абуць, «паставіць на ногі» — такой была мацярынская любоў у тыя часы, без сумневу, не самыя лёгкія і спрыяльныя для здароўя народа. Гісторыя не новая: адны недалюбленыя дзяўчынкі нараджалі іншых, такіх жа недалюбленых, ад якіх чакалі лепшых версій жыцця — але насамрэч лепшых версій сябе. Кандалы ідэалогіі, татальнага сачэння адно за адным, адвечнае «а што скажуць людзі» не дазваляла свабоды быць сабой, праяўляць пачуцці, жыць адрозна, так, як захочацца, а не як прынята. У выніку за аднымі недалюбленымі і траўмаванымі дзецьмі прыходзілі іншыя, а грамадства нараджала ўсё новых монстраў — маленькіх і вялікіх: кіраўнікоў, чыноўнікаў, загадчыкаў, кантралёраў, наглядчыкаў — тых, хто помсціў усяму свету за нешчаслівых сябе.
«Часы мяняюцца» — хочацца сказаць, думаючы пра тое, што маё пакаленне ўжо іншае. Нам таксама не тое каб моцна давалі любоў і ўвагу, але мы заспелі адносна спакойны і сыты час, калі глабальныя катаклізмы неяк абміналі нас, на вуліцах было бяспечна, у крамах — поўна прадуктаў, з бацькоўскіх заробкаў нават перападала на марозіва, а лецішча ўжо станавілася паціху месцам адпачынку. У нас былі свае праблемы — маленькія, дамашнія, у якія грамадства ўжо не совала свой нос. «Бьёт — значит любит» — прыдумала яно сабе адгаворку, і нашы мамы засталіся адзін на адзін з нешчаслівымі шлюбамі. Ніхто не даваў няпрошаных парад, але ніхто і не дапамагаў выратавацца. Таму любоў нам даставалася на досвітку, пасля маміных слёз, калі сціхала ў суседнім пакоі і трэба было ўставаць у садок ці школу.
Глядзіце таксама
![Матуліны рукі. Медытацыя па-беларуску Матуліны рукі: медытацыя для атрымання дапамогі, абуджэння і натхнення](/img/v1/images/i.ytimg.com__vi_eof1uptri9y__4562ba259bcca66f65922007de03d7ef.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Мая мама цалкам паўтарыла гісторыю сваёй мамы, аддаўшы маладосць і ладную частку жыцця чалавеку, які не здолеў справіцца са сваімі траўмамі і помсціў за іх іншым, у першую чаргу — блізкім. Яна ніколі не абдымала мяне маленькую і не гаварыла, што любіць мяне — яна проста не ўмела, не навучылася, дый не магла навучыцца. Бо як, калі вакол — адчужанасць і злосць?
Пра любоў мы гаворым толькі цяпер, калі я ўжо сама дарослая і іду ёй насустрач. Бачу, што яна засталася ўсё той жа недалюбленай дзяўчынкай, якой патрэбныя ўвага, пяшчота, клопат. Яна прымае іх ад мяне і вучыцца — павольна, складана, — аддаваць у адказ. Вучыцца і на ўнуках, час ад часу прамаўляючы, што нас, сваіх дзяцей, не любіла — «дык хоць гэтым аддам».
А я гляджу, як паступова маё пакаленне становіцца бацькамі. Пакаленне, траўмаванае 2020-м годам і пераследам, гвалтам, турмамі і ўцёкамі. Вайной. Яно спрабуе спраўляцца, ходзіць па псіхатэрапеўтах і псіхіятрах, павальна сядзіць на антыдэпрэсантах, з галавою сыходзіць у быт, уцякаючы ад балючай рэальнасці. Майго пакалення — блізкіх, сяброў, знаёмых — тут амаль не засталося. А там, дзе яны цяпер ёсць, у іх яшчэ пошукі дому і працы, недахоп грошай, адзінота, непаразуменне і... разводы. Дзеці, канешне, адаптуюцца хутчэй, прымаюць новае асяроддзе, вывучаюць мову. Яны з цікавасцю глядзяць на гэты свет, як на вялікую прыгоду, і чакаюць ад яго казак. А на фоне мамы і таты губляюць сябе, сварацца, разыходзяцца. Хтосьці знікае — яго ці яе забіраюць дзядзі ў форме (ці без). Хтосьці з'язджае — і абяцае вярнуцца. А бывае і так, што знікаюць і мама, і тата — і тады мяняецца ўвогуле ўсё: ад дому да акружэння і наадварот.
Глядзіце таксама
![Як рэжым Лукашэнкі пераследуе беларускіх маці Збіццё, вялізарныя тэрміны, помста. Як рэжым ваюе з беларускімі маці](/img/v1/images/31627df2_95e6_481f_9df5_3ac081adff25_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Бог яго ведае, ці здольныя мы ва ўсім гэтым аддаваць любоў сваім дзецям. Бог яго ведае, ці будуць яны потым здольныя аддаваць любоў нам. Я спадзяюся толькі, што самыя глыбокія і моцныя сувязі — паміж дзецьмі і бацькамі — не парушацца канчаткова, не вытрымаўшы выпрабавання часам і абставінамі. Шмат хто цяпер далёка і ў гэты дзень — Дзень маці — не можа абняць сваю маму і сказаць ёй: «Люблю цябе». Шмат у каго мама сёння за кратамі — у невыносных умовах, дзе толькі думкі пра дзяцей, пра сям'ю часам дазваляюць выжыць. Але калі ў вас ёсць гэтая каштоўная магчымасць, абдыміце сваіх мам. Яны заслужылі яшчэ трошкі той любові, якой вартыя. Той любові, якую вы можаце ім даць.