35 гадоў склейвання зефірак і абсталяванне па «апошнім слове тэхнікі». Жыццё звычайных беларусак

З нагоды Дня маці 14 кастрычніка Лукашэнка выступіў з прамовай, у якой распавёў пра цудоўныя ўмовы для жыцця беларусак — у прыватнасці, для выхавання дзяцей. Паглядзелі, у якіх умовах насамрэч працуюць і праводзяць сваё жыццё некаторыя звычайныя беларускі. 

vokladka_132.jpg

«Сацыяльная палітыка, якая праводзіцца ў краіне, садзейнічае таму, каб жанчыны змаглі ўвасобіць сваё прызначэнне — выгадаваць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Беларуская дзяржава і ў далейшым будзе ствараць неабходныя ўмовы для паспяховай дзейнасці жанчын ва ўсіх сферах жыцця», — звярнуўся да ўсіх жанчын беларускі дыктатар. 

Ён таксама пазычыў ім ззяння вачэй «ад адчування сапраўднага жаночага шчасця» ды згадаў, што роля маці ўплывае на ўмацаванне прэстыжу сям'і, духоўнае адраджэнне грамадства, фарміраванне грамадзянскіх інстытутаў, паўнацэннае развіццё дзяржавы. 

Рэчаіснасць беларускай маці і дзіцяці пачынаецца ад чэргаў у добры дзіцячы садок, устаўляння палак у колы пры жаданні навучацца на беларускай мове, прымусовага ўступлення ў піянеры ды БРСМ. Завяршаецца — немагчымасцю атрымаць даведку з адзнакамі для паступлення ў замежны ВНУ, выпускным з песнямі «дазволеных» выканаўцаў і фактычна поўным перакрыццём шляхоў ухіліцца ад арміі на законных падставах. І гэта толькі некалькі прыкладаў найбольш актуальных праблем, якія навіслі над беларускім грамадствам.

Уся гэтая карціна дэманструе, што прамовы Лукашэнкі размешчаны на супрацьлеглым полюсе магніта ад беларускай рэальнасці. 

Але хіба не самым паказальным прыкладам наплявальніцтва на жаночую годнасць з’яўляецца ролік праўладнай блогеркі Тамары Вяцкай, які сёлета завірусіўся ў TikTok і набраў ужо больш за тры мільёны праглядаў.

Крыніца: tamaraviatskaya [ tiktok ]

Жанчына прадэманстравала працэс вытворчасці зефіру: у прыватнасці, працаўніц, якія сядзяць уздоўж канвеернай стужкі і ўручную склейваюць дзве палавінкі салодасці. Высветлілася, што на «Чырвоным харчавіку», адкрытым у 1870 годзе, гэтая абсалютна банальная для механізацыі працэдура дагэтуль не аўтаматызаваная. Варта падкрэсліць, што прадпрыемства не пазіцыянуе сваю вытворчасць як прадукцыю ручной работы: гэта звычайны зефір, які прадаецца ў крамах па ўсёй краіне і каштуе каля 3 BYN за ўпакоўку.

Вытворчасць зефіру на «Чырвоным харчавіку»

Вытворчасць зефіру на «Чырвоным харчавіку»

Па словах адной з работніц «Чырвонага харчавіка», яна працуе на прадпрыемстве ўжо 35 гадоў, штодзень выконваючы гэтае дзеянне — перакульванне палавінак зефіру. Жанчына адзначае, што ўвесь час робіць гэта толькі левай рукой і можа працаваць з заплюшчанымі вачыма. 

«Як можна кукухай не паехаць ад такой манатоннай працы гадамі?», «Бацька руліць! У нармальным свеце ўжо даўно робат на лініі гэта робіць, у тут сядзяць», «Каменнае стагоддзе, гэтую працу можна было аўтаматызаваць ужо даўно», «Божа, якая бессэнсоўная бязлітасная праца», «35 гадоў склейваць палоўкі зефірак? Якое цікавае і насычанае жыццё», «І куды жыццё іх сышло, наўпрост усё жыццё ў зефір…», — дзеляцца думкамі каментатары пад відэа.

Некаторыя карыстальнікі спрабуюць апраўдаць выкарыстанне такой працы, аргументуючы яго тым, што жанчыны вырабляюць «самы смачны зефір у свеце», а таксама жаданнем кіраўніцтва захаваць працоўныя месцы. Але гэта ніяк не звязана з існаваннем у 2024 годзе такой некваліфікаванай працы, што жорстка зневажае чалавечую годнасць. Варта толькі ўявіць тое, што вялізная доля беларусаў нават не нарадзілася ў часы, калі гэтая жанчына перакульвала палавінкі зефірак.

Адзін з карыстальнікаў справядліва заўважае, што нават жыццё бяздомнага можа быць нашмат цікавейшым за штодзённае выкананне такой працы цягам 35 гадоў без перспектывы развіцця.

У Instagram і TikTok ёсць багата іншых відэа, на якіх наведвальнікі здымаюць іншыя тэхналагічныя працэсы вытворчасці ласункаў. Напрыклад, акунанне зефіру ў ёмістасць з шакаладам таксама адбываецца ўручную. 

Паглядзім на суседні раён — Нараўлянскі, куды напачатку кастрычніка прыязджала дэлегацыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чале са старшынёй Юрыем Сянько. Лукашэнкаўцы з гонарам прадставілі «сучаснае» абсталяванне для швейнай майстэрні Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа. Як падкрэсліў Сянько, сёння вельмі многія беларускія заводы і фабрыкі аснашчаны «па апошнім слове тэхнікі, таму маладыя спецыялісты, якія прыйдуць на іх працаваць, павінны ўмець звяртацца з сучасным абсталяваннем на "ты"».

Па словах дырэктара каледжа Віктара Прадчанкі, швейныя вытворчасці краіны зараз якраз абсталёўваюцца такімі машынамі. І не, гэтыя кадры не з СССР і нават не з Паўночнай Карэі — так выглядаюць «годныя» ўмовы працы для беларускіх жанчын.

Сянько наведаў і нараўлянскую фабрыку «Чырвоны мазыранін», на якой таксама вітаецца ручная праца пры магчымасці аўтаматызаваць лініі ў абсталяванне.

 «Чырвоны мазыранін»

 «Чырвоны мазыранін»