Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 14 кастрычніка: «хатнюю хімію» масава замяняюць на калонію; затрыманні ў кіраўніцтве БЧ

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_8_4.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1432 дні, Дзяніс — 1312

***

Сёння, 14 кастрычніка, у судзе Рэчыцкага раёна пачаўся новы судовы працэс над палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк, паведамляе «Вясна».

Палітзняволеную судзяць паводле арт.411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Справу разглядае Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення.

Падтрымаць Паліну Шарэнда-Панасюк прыйшлі прадстаўнікі пасольстваў.

«Абвінавачанні, выстаўленыя супраць яе, несправядлівыя і палітычна матываваныя, — адзначылі ў дыппрадстаўніцтве ФРГ. — Прадстаўніца амбасады Германіі ў Мінску, а таксама прадстаўнікі іншых дыппрадстаўніцтваў у Беларусі накіраваліся сёння да будынка суда, каб выказаць сваю салідарнасць з Палінай Шарэнда-Панасюк».

«Той факт, што маці дваіх непаўнагадовых дзяцей у Дзень маці, нягледзячы на ўжо адбыты турэмны тэрмін, вымушаная зноў паўстаць перад судом, дэманструе бязлітаснасць беларускага рэжыму ў дачыненні да іншадумцаў. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

***

У Рагачове масавыя праверкі тэлефонаў у настаўнікаў і вучняў. Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» жыхары Рагачова паведамілі, што ў школах горада апошнімі днямі ідзе масавая «адпрацоўка» настаўнікаў і вучняў міліцыянтамі. У людзей правяраюць тэлефоны, шукаючы там «экстрэмісцкія» падпіскі і перапіскі.

Мяркуецца, што масавыя міліцэйскія праверкі ў школах звязаныя з тым, што ў медыя з’явілася інфармацыя пра звальненне дырэктара школы № 4 Рагачова Аляксандра Лейкіна і суд над ім па адміністрацыйнай справе за «распаўсюд экстрэмізму».

***

Сілавікі апячаталі кватэру ў Магілёве асуджанай у 2021 годзе на 2,5 гады калоніі па «справе студэнтаў» Анастасіі Булыбенка. Пра гэта дзяўчына расказала ў сваім інстаграме.

Дзяўчына падазрае, што ў дачыненні да яе рыхтуецца спецвытворчасць для завочнага суду.

Булыбенка працуе ў «Беларускай асацыяцыі журналістаў», ініцыятыве «Вольныя паштоўкі» і ў «Беларускай асацыяцыі бізнэсаў за мяжой» — усе яны прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Пасля таго, як я з'ехала з Беларусі, я актыўна давала інтэрв'ю, удзельнічала ў афлайн-мерапрыемствах і акцыях і нават арганізоўвала свае. Я рабіла ўсё, што ў маіх сілах», — гаворыць былая палітзняволеная.

***

Сілавікі затрымалі траіх чалавек з упраўлення «Беларускай чыгункі» і Цэнтра кіравання перавозкамі, піша «Медыязона».

Затрыманыя начальнік службы перавозак Віталь Панюшэнка, намеснік начальніка службы — начальнік Цэнтра кіравання перавозкамі службы перавозак (ЦКП) Фёдар Шулянкоў, першы намеснік начальніка Цэнтра кіравання перавозкамі службы перавозак — начальнік аператыўна-распарадчага аддзела ЦКП Аляксандр Іваноў.

Паводле папярэдніх звестак, затрыманых абвінавачваюць у «атрыманні хабару» (арт.430 КК). «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» мяркуе, што затрыманні могуць быць звязаныя са справай намесніка кіраўніка «Беларускай чыгункі» Пятра Дулуба.

***

Марыя Калеснікава не выходзіла на сувязь з роднымі больш за 18 месяцаў, піша «Радыё Свабода».

Палітзняволеная застаецца ў рэжыме інкамунікада, і ніхто не ведае, які яе цяперашні стан здароўя і што з ёю адбываецца.

Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй Калеснікавай 18 месяцаў таму. Пасля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны праз іншых зняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калоніі, пра просьбы Калеснікавай аб медыцынскай дапамозе.

Бацька палітзняволенай Аляксандр Калеснікаў па тэлефоне расказаў карэспандэнту «Associated Press», што спробы наведаць дачку ў Гомелі не прыносяць поспеху. Паездка ў Гомель некалькі месяцаў таму зноў не дала плёну: ахоўнік на пытанні аб адсутнасці ўсялякай сувязі адказаў: «Калі яна не тэлефануе і не піша, значыць, не хоча».

42-гадовая Марыя Калеснікава, як вынікала са слоў былой зняволенай, трапіла ў шпіталь у траўні або чэрвені. Але падрабязнасці невядомыя. Жанчына, якая перадавала гэтую інфармацыю, назвалася Наталляй, свайго сапраўднага імя не назвала, бо баіцца наступстваў і помсты ад уладаў.

«Я магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая. Улады ігнаруюць мае запыты на сустрэчы і лісты — гэта жудаснае адчуванне бездапаможнасці для бацькі», — гаворыць Аляксандр Калеснікаў.

***

Мінімум 26 былым палітвязням у кастрычніку плануюць замяніць «хатнюю хімію» на калонію. Некаторым — завочна, паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што некаторыя з іх пасля вызвалення з СІЗА пакінулі краіну, таму суды фактычна праходзяць завочна.

Так, напрыклад, сёння, 14 кастрычніка, у Мінску праходзілі 8 судоў па замене «хатняй хіміі» на калонію. Рашэнне прымаюць у тым ліку па справе былой палітзняволенай Вольгі Рытус.

Таксама ў судзе Савецкага раёна Мінска 11 кастрычніка адбыўся суд па замене пакарання даследчыцы беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыі Чарнаморцавай.

Тых былых палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, пасля суду змяшчаюць пад варту і пераводзяць у калоніі.

***

Пенсіянерку з горада Глыбокае Людмілу Барэйка, якую завочна асудзілі на 2 гады калоніі за «паклёп» (арт.188 КК), вызвалілі па амністыі, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

У сакавіку Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць пенсіянеркі. Барэйка была завочна асуджаная ў судзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці 8 траўня. Прысуд — 2 гады калоніі.

Жанчына яшчэ тры гады таму з'ехала з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы. У сакавіку 2020 года яна дала інтэрв'ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму, дзе расказала пра дрэнны стан дарог і прадпрыемстваў. На стрыме яна ўспомніла верш Карнея Чукоўскага «Тараканище».

«Гэта як у казцы нейкай, калі быў прусак усёмагутны, яго баяліся ўсе звяры. А насамрэч, калі паказалі, што ён прусак, што яго можна раздушыць... Вось гэтак жа і ў нас атрымліваецца», — сказала жанчына.

Паводле слоў блогера, менавіта дзякуючы гэтай фразе нарадзіўся лозунг «Стоп таракан, но пасаран».

***

У Лідзе затрымалі музыку DjBIGACTION. Пра гэта стала вядома 13 лістапада. Імя музыкі — Павел Акушэвіч.

Ён праводзіў музычныя вечарыны ў лідскіх барах і рэстаранах, піша @nebovkletku. Сілавікі адзначылі, што ён выступаў ва ўстанове «Hookah_Place_Lida», на якую яны ўжо звярнулі ўвагу.

***

Беларуса затрымалі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы, відэа з імі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».

У размове з праўладным правакатарам Юрыем Комарам хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і разлічваў на змену ўлады. Але пасля хлопец «зразумеў, што не трэба змены ўлады, таму што выдатная ўлада».

«За размяшчэнне нацысцкіх сімвалаў у сеціве Інтэрнэт я з'язджаю на Акрэсціна набірацца мужнасці і патрыятызму», — гаворыць напрыканцы роліка затрыманы.

Па якім артыкуле затрыманы хлопец і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.


***

11 кастрычніка суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў чат мінскіх барыста «MINSK Barista Hustle» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На абноўлены спіс звярнуў увагу праваабарончы цэнтр «Вясна».

У чаце больш за 1500 чалавек. У апісанні сказана, што там можна знайсці супрацоўнікаў або працу.

Таксама ў спіс дададзеныя акаўнты ў Instagram крамы «А2», выдання «BGmedia» і беластоцкага хаба «Новая зямля».

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 621 дзень, Максіма Знака — 615 дзён, Мікалая Статкевіча — 612 дзён, Ігара Лосіка — 603 дні, Віктара Бабарыкі — 541 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 471 дзень, Уладзіміра Гундара — 434 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1289 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1404 чалавекі. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.