Хронікі рэпрэсій за 28 кастрычніка: у «Воўчых норах» памёр вязень
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1443 дні, Дзяніс — 1323.
***
У івацэвіцкай папраўчай калоніі №22» Воўчыя норы " памёр малады зняволены
Як стала вядома MAYDAY TEAM, малады хлопец адбываў тэрмін у 9-ым атрадзе. Цяпер усяму атраду забаронена тэлефанаваць, бо адміністрацыя папраўчай установы прадпрымае спробы схаваць інфармацыю пра інцыдэнт.
Таксама аб недапушчальнасці выдавання абставінаў гібелі асуджанага папярэджаны яго бацькі. Цела загінулага ім выдалі на выходных і яго адразу ж пахавалі.
Паводле непацверджанай інфармацыі, прычынай гібелі мог стаць суіцыд. Малады хлопец не вытрымаў прэсінгу.
https://t.me/MAYDAYMog/4553
***
Сілавікі затрымалі 34-гадовага актора, які ў 2020 годзе «рабіў рэпосты і пакідаў негатыўныя каментары». Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».
На міліцэйскім відэа мужчына кажа, што ў 2020 годзе ён «рабіў рэпосты і пакідаў негатыўныя каментары», а таксама паведамляе што здымаецца ў «расійскіх кінапраектах».
Таксама вядома пра затрыманне яшчэ аднаго актора — Уладзіслава Ліпоўскага. На відэа сілавікоў ён кажа, што «быў падпісаны на "экстрэмісцкія" каналы», рабіў рэпосты з іх, а таксама «пісаў негатыўныя каментары на адрас супрацоўнікаў міліцыі». У роліку паказаны скрыншот сторыс акцёра ў Instagram, дзе ён піша пра тое, што «сволачы ў масках схапілі вакаліста гурта "Мутнае вока" (лідара гурта Яўгена Змушко затрымлівалі восенню 2020 года).
***
У Наваполацку за анлайн-пікетаванне будуць судзіць ганаровую кладаўшчыцу «Нафтана». Імя Алены Іванаўны Жлоба з'явілася ў заўтрашнім раскладзе суда Наваполацка, піша «Віцебск, я гуляю!».
Жанчына не раз станавілася гераіняй заводскай газеты як кладаўшчыца вытворчасці №5, яе партрэт размяшчаўся на дошцы гонару прадпрыемства, яе ўзнагароджвалі ганаровымі граматамі. На «Нафтане» працуе і яе муж Сяргей.
У 2018 годзе заводская газета расказвала, як жанчына выходзіла ўласную дачку пасля цяжкай траўмы ў дзяцінстве і як сама тры гады змагалася з ракам.
Заўтра паводле ч.1 арт.24.23 КаАП яе будзе судзіць Ірына Жарава.
***
Мінчука аштрафавалі за тое, што ён не ўстаў падчас выканання гімна на стадыёне.
Гродзенскі суд аштрафаваў мужчыну на 15 базавых (555 рублёў), піша тэлеграм-канал «Права маюць».
Суд палічыў дзеянні жыхара Мінска «незаконнымі дзеяннямі» ў дачыненні да дзяржсімвалаў (арт.24.54 КаАП).
Таксама прыводзіцца статыстыка па судах па адміністрацыйным артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). Толькі ў судзе Ленінскага раёна Гродна з пачатку года было разгледжана 304 справы па гэтым артыкуле.
***
У Докшыцах за «экстрэмізм» будуць судзіць яшчэ другую начальніцу мясцовага водаканала.
На 29 кастрычніка прызначанае пасяджэнне ў дачыненні да начальніцы аддзела бухуліку Маі Шнітко — жонкі мясцовага дэпутата і дырэктара «Докшыцыводаканала», піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!».
А на сераду выклікаюць Вольгу Ломыш — начальніцу аддзела капітальнага будаўніцтва гэтага ж прадпрыемства.
Абедзвюм жанчынам ставяць у віну ч.2 арт.19.11 КаАП.
***
Яшчэ дваіх чалавек у Пінску судзяць па крымінальных справах за пратэсты ў жніўні 2020 года, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сёння ў судзе Пінскага раёна пачаўся разгляд справы Дзмітрыя Новака, 30 кастрычніка будуць судзіць Уладзіміра Нікалаева. Пінчукоў абвінавачваюць па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Пінску ў 2024 годзе за пратэсты 2020 года па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» асудзілі ўжо 12 чалавек.
***
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 20 «аналітыкаў Ціханоўскай», піша «Вясна». Камітэт дзяржаўнай бяспекі 25 кастрычніка абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — акрамя «аналітыкаў Ціханоўскай» там з'явіліся прозвішчы яшчэ траіх чалавек. Сярод іх — Аляксандр Залатарэвіч, Віталь Саўко і Людміла Дэйнэка.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1193 чалавекі.
***
У Беларусі заблакавалі музычны партал tuzinfm.by. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў кіраўнік «Беларускай рады культуры» Сяргей Будкін.
Паводле інфармацыі Будкіна, сайт праекта з 21-гадовай гісторыяй быў заблакаваны пасля рашэння Міністэрства інфармацыі. Заблакаванымі аказаліся ў тым ліку старонкі, прысвечаныя праектам «НЕрасстраляныя», «Перазагрузка», «Апошні золак», «Заспявай BY» і іншым.
Сяргей Будкін адзначае, што сайт утрымліваў каштоўны архіў кампазіцый 2003-2020 гадоў, і цяпер ён знаходзіцца ў стваральнікаў праекта.
«Спробы спыніць працу "Тузіна" рабіліся і раней — дзевяць год таму за подпісам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч я атрымаў папярэджанне, што доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны "за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам" (якія былі парушэнне — не паведамлялася). Цяпер жа, чыноўнікі нават не парупіліся даслаць паперку. Проста далі загад хосцерам заблакаваць», — напісаў Будкін.
***
25 кастрычніка МУС унёс у «спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў» тэлеграм-канал і чат «Белыя крылы Барановичи». Датычнай да іх стварэння называецца 29-гадовая Вольга Нікалаева.
У Беларусі паводле рашэнняў МУС і КДБ агулам прызнаныя 243 «экстрэмісцкія фарміраванні», пішуць праваабаронцы.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 635 дзён, Максіма Знака — 629 дзён, Мікалая Статкевіча — 626 дзён, Ігара Лосіка — 617 дзён, Віктара Бабарыкі — 555 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 485 дзён, Уладзіміра Гундара — 448 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1294 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1409 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.