Асвенцім. Жахі нацысцкага генацыду, цуды чалавечай годнасці

Канцлагер Асвенцім служыць нямым напамінам аб зверствах, учыненых падчас Халакосту. Праз сведчанні тых, хто выжыў, і гісторыі тых, хто загінуў, спадзяемся праліць святло на самы цёмны раздзел чалавечай гісторыі, каб ніколі не забываць урокаў, якія яна нам выкладае.

Вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц, 1945

Вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц, 1945


Канцэнтрацыйны лагер Асвенцім створаны нацысцкай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны. Ён быў пабудаваны ў 1940 годзе блізу польскага горада Асвенцім, які немцы называлі Аўшвіц. Месца было абрана таму, што яно знаходзілася недалёк ад асноўных транспартных шляхоў.

Першапачаткова Асвенцім задумваўся як лагер для польскіх палітычных зняволеных, але хутка ператварыўся ў буйны комплекс смерці. Першыя зняволеныя прыбылі туды ў чэрвені 1940 года, а да 1942-га Аўшвіц пашырыўся — былі пабудаваны некалькіх дадатковых лагераў, у тым ліку сумна вядомы Біркенау.

Нацысты выкарыстоўвалі Асвенцім як цэнтр знішчэння габрэяў і іншых груп, якія гітлераўскі рэжым лічыў «непажаданымі». Падчас вайны ў Асвенціме было забіта больш за мільён чалавек, у асноўным габрэі. Лагер быў абсталяваны газавымі камерамі, крэматорыямі і іншымі страшэннымі аб'ектамі, прызначанымі для масавых забойстваў.

Стварэнне Асвенціма стала адным з самых цёмных раздзелаў у гісторыі чалавецтва, які ўвасабляе крайнюю форму жорсткасці і дэгуманізацыі. Ён служыць суровым напамінам аб жахах, да якіх можа прывесці неўтаймаваная нянавісць і нецярпімасць.

Будаўніцтва лагера смерці

Будаўніцтва канцлагера Асвенцім пачалося ў красавіку 1940 года, неўзабаве пасля ўварвання Германіі ў Польшчу. Будавалі лагер самі зняволеныя, змушаныя працаваць у невыносных умовах. Першая група зняволеных, якая складалася ў асноўным з польскіх палітвязняў, прыбыла ў Асвенцім у чэрвені 1940 года.

Будаўніцтва лагера было падзелена на некалькі этапаў. На першым этапе зняволеныя пабудавалі асноўны лагер, у які ўвайшлі першая газавая камера і крэматорый. На другім этапе, які пачаўся ў 1941 годзе, быў пабудаваны лагер Біркенау (Асвенцім II). Біркенау быў самым вялікім з дапаможных лагераў Асвенціма, разлічаным на ўтрыманне больш за 100 000 зняволеных. Ён уключаў у сябе чатыры газавыя камеры і крэматорыі, якія выкарыстоўваліся для знішчэння зняволеных.

Многія зняволеныя, што будавалі лагер, памерлі ад знясілення, голаду і хвароб. Тыя, хто выжыў, падвяргаліся страшэнным катаванням, медыцынскім эксперыментам і іншым формам жорсткага абыходжання.

Будаўніцтва Асвенціма стала сведчаннем жорсткасці нацысцкага рэжыму і яго гатоўнасці выкарыстоўваць людзей у якасці аднаразовых інструментаў.

Катаванні ў Асвенціме

Габрэйскія дзеці ў вызваленым лагеры Асвенцім. Кадр з савецкага фільма Аляксандра Варанцова, які быў зняты 28 студзеня 1945 года

Габрэйскія дзеці ў вызваленым лагеры Асвенцім. Кадр з савецкага фільма Аляксандра Варанцова, які быў зняты 28 студзеня 1945 года


Зняволеныя Асвенціма працавалі па 12-14 гадзін у дзень у надзвычай цяжкіх умовах. Іх збівалі, марылі голадам і катавалі ахоўнікі.

У лагеры было некалькі газавых камер і крэматорыяў, у якіх масава забівалі зняволеных. У самым вялікім з іх, вядомым як Крэматорый II, забівалі па 1440 чалавек у дзень.

Акрамя газавых камер, вязняў Асвенціма таксама каралі смерцю праз павешанне, расстрэл і іншымі спосабамі. Таксама ў лагеры існавала практыка «маршаў смерці», падчас якіх вязняў прымушалі прайсці дзясяткі кіламетраў без ежы і вады, што часта прыводзіла і без таго знясіленых людзей да смерці.

На вязнях Асвенціма праводзіліся медыцынскія эксперыменты, у тым ліку выпрабаванні на ўздзеянне розных хвароб і ядаў, а таксама спробы распрацоўкі метадаў стэрылізацыі і геннай інжынерыі. Сумна вядомы «Анёл смерці», доктар Ёзэф Менгеле, праводзіў шматлікія з гэтых эксперыментаў. Ён бессістэмна выбіраў зняволеных і падвяргаў іх жахлівым працэдурам без анестэзіі.


Медыцынскія эксперыменты «Анёла смерці»

Медыцынскія эксперыменты над вязнямі Асвенціма праводзіліся нацысцкімі лекарамі, у тым ліку сумна вядомым доктарам Ёзэфам Менгеле.

Вось некаторыя з самых агідных эксперыментаў.

Эксперыменты з інфекцыйнымі захворваннямі. Зняволеных наўмысна заражалі такімі захворваннямі, як сухоты, тыф і гепатыт, а потым назіралі за развіццём хваробы. Часам зняволеных наўмысна паўторна заражалі той жа хваробай, каб паглядзець, як адрэагуе іх арганізм.

Эксперыменты па стэрылізацыі. Нацысцкія лекары былі зацікаўлены ў пошуку спосабаў стэрылізацыі «непажаданых» груп насельніцтва. З гэтай мэтай яны праводзілі эксперыменты над зняволенымі, падчас якіх тыя падвяргаліся апраменьванню, хімічным і іншым метадам стэрылізацыі.

Эксперыменты на блізнятах. Ёзэф Менгеле асабліва цікавіўся блізнятамі і правёў над імі мноства эксперыментаў. Напрыклад, ён уводзіў фарбавальнік у іх вочы, каб змяніць колер, і ампутаваў канечнасці для вывучэння ўздзеяння на іншага блізнюка.

Эксперыменты па пераахаладжэнні. Зняволеных падвяргалі моцнаму холаду, каб паглядзець, як доўга яны змогуць пражыць. Іх апускалі ў ледзяную ваду на некалькі гадзін, што прывяло да мноства смерцяў ад пераахаладжэння.

Эксперыменты са зброяй. Нацысцкія лекары былі зацікаўлены ў распрацоўцы эфектыўнай і таннай зброі, якую можна было б выкарыстоўваць супраць саюзнікаў. З гэтай мэтай яны праводзілі эксперыменты над зняволенымі, падчас якіх іх падвяргалі ўздзеянню розных хімікатаў, каб паглядзець, як яны адрэагуюць.

Усе гэтыя «медыцынскія эксперыменты» праводзіліся пад выглядам «навукі», але насамрэч былі не чым іншым, як садысцкімі катаваннямі бязвінных людзей.

Пасля вайны Менгеле збег у Паўднёвую Амерыку, дзе некалькі гадоў жыў пад ілжывым імем. Яго пераследавалі паляўнічыя на нацыстаў, ён быў аб'ектам шматлікіх следстваў, але доўгія гады паспяхова ўхіляўся ад правасуддзя і, на жаль, ніколі не быў прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы.

У 1979 годзе Ёзэф Менгеле памёр у Бразіліі, дзе жыў пад імем Вольфганга Герхарда. Казалі, што ён памёр ад інсульту, хаця былі падазрэнні, што Менгеле мог быць атручаны.

Спробы збегчы з Асвенціма

Спробы ўцёкаў з Асвенціма былі рэдкімі. Тым не менш, знаходзіліся некаторыя смелыя людзі, што спрабавалі збегчы.

Адна з самых вядомых спроб уцёкаў адбылася 20 чэрвеня 1942 года. Чацвярым зняволеным, якія былі членамі польскага супраціву, удалося скрасці форму і зброю СС, а затым на скрадзенай машыне праехаць праз галоўныя вароты лагера. На жаль, усе чацвёра ўрэшце былі спайманыя, але іх уцёкі сталі сведчаннем стойкасці вязняў Асвенціма.

Яшчэ адна вядомая спроба ўцёкаў адбылася 7 кастрычніка 1944 года, калі група зняволеных зондэркаманды (габрэйскіх вязняў, якіх прымушалі працаваць у газавых камерах і крэматорыях лагера) узняла мяцеж. Ім удалося падпаліць адну з газавых камер і атакаваць эсэсаўцаў з сякерамі і камянямі.

Паўстанне ў канчатковым выніку не было паспяховым, многіх забілі, але адвага гэтых людзей натхніла іншых зняволеных супраціўляцца нацыстам любым магчымым спосабам.

Было таксама некалькі выпадкаў індывідуальных спроб уцёкаў з Асвенціма. Некаторыя зняволеныя спрабавалі збегчы, прапаўзаючы праз каналізацыйную сістэму лагера. Іншыя спрабавалі ўцячы падчас працы ці перарэзаць платы з калючага дроту, якія атачалі лагер. На вялікі жаль, пераважная большасць гэтых спроб аказалася беспаспяховай. Многія зняволеныя, пайманыя пры спробе ўцёкаў, былі пакараны смерцю, а іншыя падвергліся жорсткім пакаранням, такім, як адзіночнае зняволенне або галодная смерць. Але ж многія зняволеныя не гублялі надзеі і працягвалі шукаць спосабы супраціву нацысцкаму рэжыму, пакуль у студзені 1945 года не былі нарэшце вызвалены саюзнымі войскамі.

«Няхай мы рабы, бяспраўныя і безабаронныя, няхай прыгавораны да смерці, пазбегнуць якой, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, але, пакуль мы яшчэ жывыя, адна магчымасць у нас ёсць, і мы павінны зрабіць усё, каб не ўпусціць яе, таму што яна — апошняя. Магчымасць гэтая — не мірыцца з нашым становішчам», — пісаў італьянскі хімік габрэйскага паходжання, які ўсё ж перажыў Асвенцім.

Успаміны вязняў, якія даруюць надзею

Адной з самых вядомых зняволеных Асвенціма была Ганна Франк, маладая габрэйская дзяўчына.

Ганна Франк

Ганна Франк

Ганна нарадзілася 12 чэрвеня 1929 года ў Франкфурце, Германія, у сям'і Ота і Эдыт Франк. У 1933 годзе яе сям'я пераехала ў Амстэрдам, ратуючыся ад уздыму нацызму ў Германіі. Калі немцы акупавалі Нідэрланды ў 1940 годзе, сям'я Анны хавалася ў сакрэтнай прыбудове над офісам яе бацькі.

На працягу двух гадоў, калі яны хаваліся, Ганна дакументавала ў сваім дзённіку іх паўсядзённае жыццё, а таксама свае асабістыя думкі і перажыванні.

— Усё наша жыццё праходзіць у страху. Ёпі заўсёды кажа: «Баюся за што-небудзь брацца — а раптам гэта забаронена?», — пісала Ганна Франк.

Пазней яе дзённік стаў сімвалам надзеі і стойкасці, а таксама яркім напамінам аб жахах Халакосту.

У жніўні 1944 года сакрэтную прыбудову ўсё ж выявілі, і Ганну з сям'ёй адправілі ў Асвенцім.

Ганна Франк памерла ад тыфу ў сакавіку 1945 года ва ўзросце 15 гадоў, усяго за некалькі тыдняў да таго, як лагер быў вызвалены войскамі саюзнікаў.

Пасля арышту Франкаў дзённік Ганны знайшла спадарыня Міп Гіз — яна працавала ў кампаніі Ота Франка і дапамагала габрэям хавацца ад нацыстаў. Бацька Ганны быў адзіным з сям'і Франкаў, хто выжыў лагерах нацыстаў. Пасля сканчэння вайны Міп Гіз перадала яму дзённік дачкі. Дзённік Ганны Франк стаў міжнародным бестселерам, пераведзеным больш чым на 70 моў.

З дзённіка Ганны Франк:

«Паспрабуй як-небудзь, калі табе самотна, горка і сумна, у такое ж цудоўнае надвор'е, як сёння, паглядзець з вакна на гарышчы. Не на дамы ці дахі, а на неба. Пакуль ты без страху глядзіш у неба, можаш быць упэўнены, што ты чысты душой і абавязкова зноў будзеш шчаслівы».

«Пакуль я магу бачыць гэта — бясхмарнае неба і сонечнае святло — я не смею сумаваць».

«Сонейка ззяе, неба блакітнае-блакітнае, вее прыемны ветрык, і мне так хочацца... так хочацца... усяго!.. Хочацца пагаварыць, хочацца свабоды, сяброў, хочацца пабыць адной. Так хочацца... плакаць!»

«Петэр сказаў яшчэ:

— Габрэі заўсёды былі і будуць абраным народам.

Я адказала:

— Добра б яны хоць раз былі абраны на нешта добрае».

Віктар Франкл быў аўстрыйскім неўролагам і псіхіятрам. Ён перажыў Халакост і стаў вядомы сваім укладам у экзістэнцыяльную тэрапію і кнігамі «Чалавек у пошуках сэнсу», «Сказаць жыццю «Так!». Псіхолаг у канцлагеры».

Віктар Франкл

Віктар Франкл

Франкл нарадзіўся 26 сакавіка 1905-га ў Вене, Аўстрыя. Ён скончыў ардынатуру па неўралогіі і псіхіятрыі. Падчас Другой сусветнай вайны Віктар быў вязнем некалькіх канцэнтрацыйных лагераў, у тым ліку Асвенціма. Нягледзячы на страшэнныя зверствы нацыстаў Франкл змог знайсці сэнс і нават мэту перажытых жахаў. Ён лічыў, што нават у самых змрочных абставінах людзі могуць заставацца вольнымі.

Пасля вайны Франкл вярнуўся ў Вену і адкрыў Школу лагатэрапіі, заснаваную на веры ў тое, што пошук сэнсу з'яўляецца галоўнай рухальнай сілай чалавека.

Яго праца ў галіне экзістэнцыяльнай тэрапіі і ідэі аб тым, як знаходзіць сэнс у пакутах, аказалі значны ўплыў на сучасную псіхалогію, псіхіятрыю і філасофію. Віктар Франкл памёр у 1997 годзе.

З кнігі Віктара Франкла «Сказаць жыццю «Так!». Псіхолаг у канцлагеры»:

«Тыя, хто захаваў здольнасць да ўнутранага жыцця, не губляў і здольнасці хоць зрэдку, хоць тады, калі давалася найменшая магчымасць, інтэнсіўнейшым чынам успрымаць прыгажосць прыроды ці мастацтва. І інтэнсіўнасць гэтага перажывання, няхай на нейкія імгненні, дапамагала адключацца ад жахаў рэчаіснасці, забываць пра іх. Пры пераездзе з Аўшвіца ў баварскі лагер мы глядзелі скрозь закратаваныя вокны на вяршыні Зальцбургскіх гор, асветленыя сонцам на захадзе. Калі б хто-небудзь убачыў у гэты момант нашы захопленыя твары, ён ніколі б не паверыў, што гэта — людзі, жыццё якіх практычна скончана. І насуперак гэтаму — ці менавіта таму? — мы былі запалоненыя прыгажосцю прыроды, прыгажосцю, ад якой гадамі былі адрынуты».

«Мы вывучылі чалавека так, як яго, верагодна, не вывучыла аніводнае папярэдняе пакаленне. Дык што ж такое чалавек? Гэта стварэнне, якое заўсёды вырашае, кім яно ёсць. Гэта стварэнне, якое вынайшла газавыя камеры. Але гэта і стварэнне, якое ішло ў гэтыя камеры, ганарліва выпрастаўшыся, з малітвай на вуснах».

 

Вароты нацысцкага канцлагера ў Асвенціме, Польшча, каля 1965 года. Keystone/Getty Images

Вароты нацысцкага канцлагера ў Асвенціме, Польшча, каля 1965 года. Keystone/Getty Images