Хронікі рэпрэсій за 8 лістапада: як мінімум 164 культурныя дзеячы знаходзяцца за кратамі

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_1_2.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1454 дні, Дзяніс — 1334

***

Сёмага лістапада стала вядома, што ў Беларусі памілаваны яшчэ 31 палітзняволены. Пра гэта паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Лукашэнкі, піша «Вясна». Паведамляецца, што памілаваныя 2 жанчыны і 29 мужчын. Праваабаронцы па-ранейшаму падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы вызваленых.  

17 чалавек з ліку памілаваных маюць хранічныя захворванні, 3 маюць інваліднасць, у 27 асуджаных ёсць дзеці, з іх 7 — шматдзетныя бацькі.

Як піша афіцыйны канал Лукашэнкі, палітвязняў памілавалі без зняцця судзімасці.

«Міністэрства ўнутраных спраў забяспечыць кантроль за іх правапаслухмянымі паводзінамі».

***

Уладальніка гродзенскага сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку зноў судзілі, гэтым разам паводле артыкула аб «несанкцыянаваным пікетаванні» (арт.24.23 КаАП), піша тэлеграм-канал «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць».

25 кастрычніка Чабоцьку судзілі па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). Тады суд арыштаваў яго на 15 сутак. У гэты ж дзень сайт s13.ru прызналі «экстрэмісцкім». І партал, і сацсеткі праекта не абнаўляліся з серады, 23 кастрычніка.

Сайт s13.ru існуе амаль 20 гадоў.

***

Гродзенца Дзмітрыя Скубілава будуць судзіць па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (арт.356 КК), піша тэлеграм-канал «Права маюць».

Справу Скубілава 18 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе пачне разглядаць суддзя Мікалай Рачынскі. Сутнасць абвінавачванняў невядомая, судзіць мужчыну будуць у закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія гады па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» былі асуджаныя 88 чалавек. Сярод іх, напрыклад, актывіст і бізнэсовец Мікалай Аўтуховіч, журналістка Кацярына Андрэева, «рэйкавы партызан» Дзяніс Дзікун.

***

Дваіх пінчукоў будуць судзіць паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса) за ўдзел у пратэстах 2020 года, піша «Вясна».

У судзе Пінскага раёна 12 лістапада пачнецца разгляд справы Сяргея Казака, а 14 лістапада — Максіма Ляўшы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку 2024 года па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» праз удзел у пратэстах у Пінску асудзілі ўжо 14 чалавек.

***

Прымусова ліквідавана яшчэ 31 некамерцыйная арганізацыя ў сферы культуры, а «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны не менш за 210 крыніц з матэрыяламі на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры. Знаходзяцца ў зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі не менш як 164 супрацоўнікі гэтай сферы. Усё большае кола дзеячаў культуры трапляе на «хатнюю хімію», расце колькасць судоў з заменай абмежавання волі на яе пазбаўленне, піша «Беларускі ПЭН» у сваім маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за перыяд студзень — верасень 2024 года.

За гэты час зафіксавана 960 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. На канец верасня ў Беларусі было 1317 палітычных зняволеных, сярод якіх як мінімум 101 чалавек  дзеячы культуры.

***

За парушэнне выкарыстання замежнай дапамогі судзілі евангельскую суполку ў Брэсцкай вобласці, паведамляе «Хрысціянская візія». Гэта здарылася летам, але стала вядома толькі цяпер, адзначае рэсурс.

Справа ў дачыненні да рэлігійнай абшчыны «Царква хрысціян веры евангельскай» у вёсцы Войская разглядалася 9 жніўня 2024 года ў судзе Камянецкага раёна.

Царкве ставілася ў віну ч.2 арт.24.14 КаАП («Парушэнне парадку выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Другая частка гэтага артыкула закранае парушэнні ў выглядзе «нямэтавага выкарыстання (поўнасцю або часткова) замежнай бязвыплатнай дапамогі яе атрымальнікамі».

Санкцыя артыкула прадугледжвае для юрыдычнай асобы штраф у памеры 100% ад кошту гэтай дапамогі з яе канфіскацыяй.

Вынік суду невядомы.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 646 дзён, Максіма Знака — 640 дзён, Мікалая Статкевіча — 637 дзён, Ігара Лосіка — 628 дзён, Віктара Бабарыкі — 566 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 496 дзён, Уладзіміра Гундара — 459 дзён, Аляксандра Арановіча — 154 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1287 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1402 чалавек. Сярод іх — 175 жанчын і 3 непаўнагадовых. 23 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.