Хронікі рэпрэсій, 6 лістапада. Мінскаму бізнэсмену і чальцам ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў зняволення

За «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» пачалі судзіць палітзняволенага фатографа. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Генадзю Саўрыцкаму 61 год. Ён родам з Мінска. Ягоны бізнэс — гэта ААТ «Анастан», буйная кампанія, якая займаецца вытворчасцю пенапласту, піша «Наша Ніва». Ягонай жонцы Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спецыялісткай па продажах, а пасля менеджарам у «Анастане».

У сям'і дзве дачкі. Адна з іх, Віялета, у адной справе з бацькамі. Ёй 23 гады, яна скончыла школу ў Мінску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Дзяўчына захапляецца фатаграфіяй і любіць падарожжы. 

Суд над сям'ёй пачнецца 13 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Іх абвінавачваюць у «распальванні варажнечы» (ч. 3 арт. 130 КК). Судзіць сям'ю Саўрыцкіх будзе Міхаіл Макарэвіч. Акалічнасці справы невядомыя, як і сутнасць абвінавачання.

З'явілася інфармацыя аб прычыне смерці палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра

Знаёмы сям'і Шлетгаўэра распавёў выданню «Зеркало», якую прычыну медыкі ўказалі ў пасведчанні аб смерці.

Па словах знаёмага сям'і, які зараз жыве за мяжой, у пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына – «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.

Сям'я лічыць, што Дзмітрый не збіраўся забіваць сябе.

Глядзіце таксама

У Лепелі супрацоўніка «Белтэлекама» судзілі за «экстрэмізм» на родным прадпрыемстве

Прынамсі, так вынікае з раскладу суда Лепельскага раёна, піша тэлеграм-канал @vitebsk_info.

Электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Юрыя Паршко абвінавачвалі па двух адміністрацыйных артыкулах — «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «несанкцыянаваным пікетаванні».Судовы працэс узначальваў суддзя Міхаіл Юрчанка.

За «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» пачалі судзіць палітзняволенага фатографа

Арцёму Зянькову з Мінска 40 гадоў. Вядома, што ён займаецца фатаграфіяй і мае фірму, якая дае ў арэнду фотаабсталяванне. У мужчыны ёсць жонка і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».

Зянькова пачалі судзіць сёння, 6 лістапада, у Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК). Звычайна па такіх артыкулах судзяць за данаты. Іншыя падрабязнасці справы невядомыя.

Судовы працэс узначальвае суддзя Жанна Брысіна.

У Лідзе спыніў працу вядомы ў горадзе рэстаран «Vashi Guli» — яго ўладальніка двойчы затрымлівалі за «экстрэмізм»

Пра закрыццё ўстановы з радасцю паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Гэтым летам уладальніка ўстановы як мінімум двойчы затрымлівалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што закрыццё рэстарану звязанае з гэтым фактам.

У «экстрэмісцкі» спіс дадалі лагатып Telegram-каналу «Šufliadka» — літару «Š» з беларускага лацінскага алфавіту Мінінфарм назваў «польскай»

Сёння Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых, у яго дадалі Telegram-канал «Šufliadka» — адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 4 лістапада. Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны лагатып каналу — «графічная выява белага колеру на чорным фоне ў выглядзе шуфлядкі, верхняя вечка якой намаляваная ў форме, падобнай з літарай "Š" з польскага алфавіту.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў польскім алфавіце няма літары «Š» — яна ёсць у шэрагу славянскіх моў, у тым ліку ў лацінскім варыянце беларускага алфавіту. Да нядаўняга часу, лацінскі варыянт транслітэрацыі з літарай «Š» сустракаўся ў грамадскіх месцах па ўсёй Беларусі.