«Спадзяваўся хутчэй выйсці на волю». Стала вядомая прычына смерці палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра
Пра смерць палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра стала вядома на мінулым тыдні. 22-гадовы хлопец адбываў тэрмін у ПК-15, што ў Магілёве. Па якой прычыне памёр Дзмітрый, праваабаронцы не паведамлялі.
Знаёмы сям'і Шлетгаўэра распавёў выданню «Зеркало», якую прычыну медыкі ўказалі ў пасведчанні аб смерці.
Па словах знаёмага сям'і, які зараз жыве за мяжой, у пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына – «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.
— Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта здарылася з ім, — сцвярджае ён.
Па словах суразмоўцы, блізкія палітвязня размаўлялі з ім праз лісты. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА №7 Брэста да і пасля суда.
— Сям'я лічыць, што Дзмітрый не збіраўся забіваць сябе. Па словах родных, ён быў вельмі засмучаны з-за таго, што з ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым да добраахвотнага сыходу з жыцця. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калонію — збіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разліку на тое, што яны спатрэбяцца ў лагеры, — кажа знаёмы Шлетгаўэраў.
Суразмоўца выдання таксама дадаў, што яшчэ ў следчым ізалятары ў Дзмітрыя з'явіліся некрытычныя праблемы са здароўем:
— Пакуль Дзіма быў у СІЗА, у яго нарадзіўся сын, і ён вельмі перажываў, што гэта здарылася ў яго адсутнасць. Мабыць, ён моцна нерваваўся, з-за чаго моцна палысеў, у яго з'явіўся варыкоз. Але здзяйсняць суіцыд ён не планаваў. Наадварот, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні і спадзяваўся хутчэй выйсці на волю, убачыць сына і жонку.
Па словах крыніцы, Зміцер казаў родным, што ў следчым ізалятары да яго ставіліся добра, сукамернікі і адміністрацыя праблем не стваралі.
З брэсцкага СІЗА ў магілёўскую ВК-15 мужчыну перавялі ў першыя дні кастрычніка 2024 года. Знаёмы сем'і сцвярджае, што Дзмітрыя адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Аб прычыне такога пакарання ён не ведае.
Ужо 12 кастрычніка сям'я Шлетгаўэра атрымала ад адміністрацыі калоніі паведамленне аб трагедыі. У пасведчанні аб смерці ўказана дата — 11 кастрычніка 2024 года.
Нагадаем, 31 кастрычніка праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў пра смерць у калоніі палітычнага зняволенага. 1 лістапада выданню «Зеркало» удалося даведацца пра яго імя.
Дзмітрый Шлетгаўэр — грамадзянін Расіі. Інфармацыя аб "таемным" судзе над ім з'явілася ў канцы жніўня. Паведамлялася, што мужчыну прызналі вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і "шпіянажы" (арт. 358 КК). Яго прыгаварылі да 12 гадоў калоніі.