Хронікі рэпрэсій за 5 лістапада: Новая хваля затрыманняў, арышт вядомага шоумена Дзядзі Вані
Новая хваля затрыманняў напярэдадні выбараў 2025 года, 14 новых палітвязняў, першы прысуд за «адмаўленне генацыду беларускага народа».
У Беларусі назіраецца рэзкае ўзмацненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і актывістаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў і незалежных крыніц, за апошнія тыдні па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманні, ператрусы і допыты. Гэтая хваля рэпрэсій разглядаецца як падрыхтоўка рэжыму да прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 2025 год.
- Так, на мінулым тыдні ў Бабруйску прайшоў рэйд сілавікоў
У людзей праводзілі ператрусы, некаторых пасля затрымлівалі. Вядома, што некаторыя пасля выйшлі на волю, а некаторыя — дагэуль знаходзяцца за кратамі.
Паведамляецца, што сярод затрыманых і тыя, каго не затрымлівалі па адміністрацыйных справах раней.
- 14 новых палітвязняў
Праваабаронцы паведамілі, што прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Сярод іх — Анатоль Чурыкаў, Ілля Лукашэнка, Пётр Кавалёў, Валерый Мароз, Сяргей Пятручык, Андрэй Карчага, Дзмітрый Буланаў, Яўген Бычко, Аляксандр Клімашэвіч, Сяргей Нічыпарук, Аляксандр Мартысевіч, Анастасія Фосцій, Дзмітрый Шчэрба і Аляксандр Шукайла.
Праваабаронцы адзначаюць, што большасць новых палітвязняў былі арыштаваныя за ўдзел у мірных пратэстах або за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў інтэрнэце. Многія з іх былі асуджаныя па так званых «народных» артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія часта выкарыстоўваюцца для пераследу апазіцыйна настроеных грамадзян.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца вельмі напружанай, і заклікаюць улады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычна матываваныя пераследы.
Паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», на дадзены момант у Беларусі налічваецца 1312 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» прыводзіць яшчэ большую лічбу — 1420 палітвязняў.
- Затрыманы вядомы спявак і шоумэн Іван Вабішчэвіч (Дзядзя Ваня)
Стала вядома, што 44-гадовага артыста затрымалі яшчэ ў верасні. Што яму інкрымінуецца — невядома, як і тое, дзе ён цяпер знаходзіцца.
Магчыма, спевака затрымалі «за палітыку» — маўляў, па Вабішчэвіча прыйшлі за падзеі 2020 года. Рэч у тым, што ў сілавікоў і раней узнікалі пытанні да яго, але гэтыя прэтэнзіі нібыта ўдалося ўрэгуляваць і Дзядзя Ваня працягнуў музычную дзейнасць. Праўда, выступаў ён перадусім у Расіі. Зрэшты, знаёмыя Вабішчэвіча пакуль тэарэтычна дапускаюць, што прычынай арышту маглі стаць і іншыя пытанні — напрыклад, грашовыя.
Instagram Івана Вабішчэвіча апошні раз абнаўляўся 26 верасня. Прыкладна з гэтага часу ён неактыўны ў іншых сацсетках і месенджарах.
- Першы прысуд за «адмаўленне генацыду беларускага народа»
У Мінскім гарадскім судзе 30 кастрычніка вынеслі першы прысуд у Беларусі за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (ч. 1 арт. 130-2 КК). 55-гадовага тынкоўшчыка з Мінскага раёна Андрэя Савіцкага асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі яшчэ і ў «абразе» Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Падставай для пераследу сталі пасты ў «Аднакласніках» пра Хатынь і Лукашэнку.
Вядома, што Андрэя Савіцкага затрымалі ў лютым і змясцілі пад варту. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа.
«У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі», — сцвярджаў МУС пасля затрымання.
Такі прысуд вынес Яўген Пісарэвіч, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы.
- Старонку «Грустный Коленька» ва «УКантакце» прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 1 лістапада. Адзначым, што на гэтую старонку падпісаныя 2659 чалавек, а абнаўлялася яна апошнім раз летам 2020-га года.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Youtube-канал «Проект MotolkoHelp:Беларускі Гаюн», TikTok-акаўнт «grec_company_group», а таксама Instagram-старонкі «borduhaev», «bypolofficial», «ciesna_brama», «mayaksiar».
- Улады ліквідуюць Беларускую асацыяцыю садзейнічання ААН, што працавала 35 гадоў
На 12-га лістапада ў Мінскім гарадскім судзе прызначана пасяджэнне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя садзейнічання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый». Гэта вынікае з раскладу пасяджэнняў, піша «Свабода» са спасылкай на «Позірк».
Арганізацыю зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 году і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га. На партале грамадскіх аб’яднанняў яе кіраўніком значыцца Віктар Іваноў, адрасам знаходжання пазначаны Мінск, вул. Бабруйская, 5А. Там знаходзіцца рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Публічных звестак аб актыўнасці аб’яднання апошнім часам няма.
Зрэшты, з 2020 года як мінімум 1838 беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый ці фондаў ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі
Гэтая лічба на 35 арганізацый большая, чым месяц таму.
Паводле інфармацыі https://www.lawtrend.org/freedom-of-association/monitoring-situatsii-so-svobodoj-assotsiatsij-i-polozheniem-organizatsij-grazhdanskogo-obshhestva-v-respublike-belarus-oktyabr-2024 Lawtrend , на канец кастрычніка як мінімум 1161 арганізацыя знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 677 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.
- Берасцейцаў судзяць за ўдзел у пратэстах
Сёння ў судзе Ленінскага раёна Брэста пачынаюць судзіць Міхаіла Ляшкевіча, Іллю Мельнічука, Дзмітрыя Максімука. Іх абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук.
Вядома, што Дзмітрыя Максімука затрымалі ў снежні 2024 года. На відэа, якое апублікавалі праўладныя каналы, бачна, што да яго прыйшлі як мінімум трое ўзброеных сілавікоў у экіпіроўцы. На камеру затрыманы берасцеец казаў, што быў на акцыі пратэсту на праспекце Машэрава, а таксама, што прайшоў рэгістрацыю ў чаце-боце «Перамога» і адпраўляў інфармацыю ў чат-бот праекта «Голас».