Хронікі рэпрэсій за 4 лістапада: масавыя затрыманні мінулага тыдня — за «спробу захопу ўлады»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

hroniki_represij2_1_2.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1450 дзён, Дзяніс — 1330

***

Сталі вядомы падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні, піша «Вясна».

Падчас зачысткі 31 кастрычніка і 1 лістапада да шэрагу людзей па ўсёй краіне прыходзілі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы, узбуджанай паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Частка людзей знаходзяцца за кратамі, частка — выйшлі на волю ў якасці сведкаў па крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні наконт дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярныя ў паслявыбарчыя часы.

***

Таксама паведамляецца пра масавыя затрыманні ў Смаргоні на мінулым тыдні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, шмат чалавек было затрымана ў пятніцу, 1 лістапада.

На мінулым тыдні паведамлялася, што ў Смаргоні і Ваўкавыску праходзілі масавыя ператрусы і затрыманні. У людзей правяралі тэлефоны і па геалакацыі спраўджвалі, дзе чалавек знаходзіўся падчас пратэстаў у 2020 годзе.

***

У Брэсце будуць судзіць 55-гадовага ўраджэнца Украіны за «здраду дзяржаве».

26 лістапада Брэсцкі абласны суд пачне разглядаць справу супраць 55-гадовага Мікалая Клока. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК) і «прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу» (ч. 2 арт. 216).

Паводле інфармацыі «BELPOL», прадастаўленай «Медыязоне», абвінавачаны нарадзіўся ў Валынскай вобласці Украіны. У «Фэйсбуку» ў мужчыны пазначана, што ён родам з Шацка.

У Клока беларускае грамадзянства. Ён працаваў на пасадзе намесніка дырэктара ПГУП «Універсал-люкс» — прадпрыемства па вытворчасці кандытарскіх вырабаў. Адным з заснавальнікаў кампаніі з'яўляецца жонка мужчыны Людміла.

***

Мінчука прысудзілі да прымусовага лячэння за «падрыхтоўку да ўдзелу ў баявых дзеяннях».

Як стала вядома праваабаронцам, у Мінскім гарадскім судзе 8 кастрычніка быў асуджаны 25-гадовы Аскер Алахвердзіеў. Яго судзілі паводле ч.1 арт.361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»).

Мінчука судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне». Гэта азначае, што ён асабіста не прысутнічаў на судзе — яго інтарэсы прадстаўляў законны прадстаўнік. Як стала вядома са «спісу экстрэмістаў», Аскеру прызначанае прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі з узмоцненым назіраннем.

Рашэнне прыняла Святлана Чарапанава.

Паводле звестак сацсетак хлопца, ён жыў у Мінску, займаўся спортам, здымаўся ў кліпах.

***

31 кастрычніка суд Лунінецкага раёна на выязным судовым пасяджэнні прысудзіў дваіх хлопцаў да 6 месяцаў калоніі паводле артыкула аб «здзеку з дзяржсімвалаў» (арт.370 КК), паведамляе тэлеграм-канал суда. Увагу на паведамленне звярнула «Берасцейская Вясна».

Паводле абвінавачвання, Артур Моўчан сарваў чырвона-зялёны сцяг з фасада крамы ў аграгарадку Дзятлавічы. Разам з Артурам Канапацкім ён прынёс яго ў лес і спаліў. Абвінавачаныя прызналі віну ў поўным аб'ёме.

Выязное пасяджэнне праходзіла ў прысутнасці навучэнцаў політэхнічнага і аграрнага каледжаў у чытальнай зале гарадской бібліятэкі.

***

14 жніўня Гродзенскі абласны суд прысудзіў 21-гадовага курсанта МУС Іллю Нарышкіна да 15 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб «здрадзе дзяржаве» і «ўдзеле ва ўзброеным фарміраванні», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна»Вядома пра гэта стала праз тры месяцы.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме з 22 ліпеня па 14 жніўня.

Нарышкін нарадзіўся ў Слоніме, дзяцінства правёў у Гродне. Яго бацька — ураджэнец Крывога Рога. Апошнія публічныя даныя пра яго былі ў сакавіку 2023 года.

***

Гомельскую пенсіянерку Алу Караленка 1 лістапада затрымалі сілавікі і змясцілі яе ў ізалятар часовага ўтрымання да суду. Такую інфармацыю заўважыў «Флагшток».

Ужо як мінімум трое сутак 62-гадовая жанчына правяла ў зняволенні. Суд па адміністрацыйным артыкуле павінен быў адбыцца сёння, 4 лістапада. У чым абвінавачваюць гамяльчанку, невядома.

Алу Караленка, якая працавала інжынерам ВА «Беларуснафта» і ў многіх праектных арганізацыях, удзельнічала ў будаўніцтве гідраэлектрастанцыі ў Непале, а з 2020 года была вядомая як валанцёрка, затрымліваюць ужо не першы раз.

У студзені 2021 года яе асудзілі на 7 сутак арышту за ўдзел у навагоднім пікніку ў лесе, які сілавікі расцанілі як «несанкцыянаваную акцыю».

У чэрвені 2022 года гамяльчанку кінулі за краты на 15 сутак па тым жа абвінавачванні — гэтым разам «несанкцыянаванай акцыяй» палічылі спробу арганізаваць свята для ўкраінскіх дзяцей. Тады дзяржаўная прэса праводзіла допыт затрыманай, вынікамі якога сталі прапагандысцкія здзеклівыя матэрыялы.

З тых часоў Ала Караленка не з'яўлялася ў публічнай прасторы, не займалася якой-небудзь дзейнасцю.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавекі — цяпер у ім 4618 прозвішчаў, паведамляюць праваабаронцы.

1 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі завочна асуджаную праваабаронцу Алену Маслюкову, маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук Ірыну Такарчук, а таксама палітычных дзеячаў Вольгу Карач, Анатоля Котава, Вераніку Цапкала.

Акрамя таго, КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» шэраг дваровых чатаў.

Адпаведны дакумент на сайце МУС папоўніла ініцыятыва «Ордэн» — туды, паводле КДБ, уваходзяць «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», а таксама арганізацыя «Соседи». Рашэнне было прынятае 29 кастрычніка.

Паводле ведамства, дачыненне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Наталля Дароніна, Дзіяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Наталля Лантух.

Таксама «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны «Солигорск Чат». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 29 кастрычніка. Паводле ведамства, дачыненне да чата маюць Чарашнёў Аляксей, Магронаў Уладзімір, Цімчанка Яўген.

На дадзены момант у гэтым чаце 41 удзельнік, і там публікуецца рэклама махляроў.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 642 дні, Максіма Знака — 636 дзён, Мікалая Статкевіча — 633 дні, Ігара Лосіка — 624 дні, Віктара Бабарыкі — 562 дні, Сяргея Ціханоўскага — 492 дні, Уладзіміра Гундара — 455 дзён, Аляксандра Арановіча — 150 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1298 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1420 чалавек. Сярод іх — 175 жанчын і 3 непаўнагадовых. 23 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.