Асобная думка. Галоўнае — гэта мы
Час перад выбарамі — заўсёды самы жорсткі, а час перад так званымі «выбарамі» ў Беларусі жорсткі ў кубе: тут табе і палітычная барацьба, і рэпрэсіі, і банальная адсутнасць чалавечнасці. Апошняе — асаблівая праблема з вялікай перспектывай на будучыню.
Толькі лянівы не сказаў, што нашы дэмакратычныя сілы ў выгнанні зусім адарваліся ад тых, хто ўнутры краіны. Дый не толькі дэмсілы. Шмат у каго са звычайных беларусаў, якія вымушана з'ехалі з краіны праз пераслед, ужо даўно свае справы — і месца сваё трэба знайсці, жытло, працу, і дзяцей у садок-школу адправіць, здароўе на фоне стрэсу таксама пачынае даваць збоі, а яшчэ ж дакументы, пашпарты, міжнародная абарона... І турму, калі яна здарылася, хочацца забыць, як страшны сон. Таму шмат хто ўжо даўно не чытае навіны, не ходзіць на акцыі і сваіх суайчыннікаў бачыць не можа. Як гаворыцца, connection failed.
Ну а што ўжо казаць пра дэмсілы, у якіх — бясконцае турнэ па дыпламатычных ведамствах Еўропы, камандзіроўкі ў ЗША, «цягнікі» для Лукашэнкі ў Гаагу і пафасна-ўзнёслыя рэчы пра змаганне? Зразумела, што больш нічога яны не могуць, бо змаганне тое магчымае толькі на месцы (і то пры ўмове наяўнасці зброі), але цікавыя самі пасылы.
Вось, напрыклад, так званая «прэзідэнцкая кампанія» — ці «бязвыбары»-2025, гаворачы словамі Офіса Ціханоўскай. Зрабіць нічога не могуць, а рэагаваць жа неяк трэба, правільна? Прыдумляюць «стратэгіі»: то вы галасуйце супраць усіх, а то ідзіце за «левага» кандыдата пастаўце «птушачку»... Нядаўна во і зусім выкацілі прапанову (ці не гэбісцкая гэта «падстава»?) — маўляў, вы не ідзіце, няма чаго вам там рабіць, але НАПІШЫЦЕ АФІЦЫЙНУЮ АДМОВУ Ў ЦВК.
Не, я разумею, змаганне не скончана, мы не павінны складваць лапкі, не павінны здавацца. Але ці падумаў там хтосьці, у гэтых самых дэмсілах, што і сябе мы «здаваць» таксама не павінны? Так і хочацца сказаць: алё, вы там зусім ку-ку? А давайце тады мы ўжо проста будзем прыходзіць у КДБ і ГУБАЗіК з афіцыйнымі запрашэннямі на ператрус і праверку нас, такіх адказных, на «экстрэмізм»!
«Мяркую немагчымым правядзенне сумленнага падліку галасоў ва ўмовах кіравання дзяржавай службовай асобай, названай Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам, якому я не давяраю і лічу неабходным адхіліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з яго супрацьпраўнымі экстрэмісцкімі сцвярджэннямі, што "часам не да законаў" і "пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе"», — такі тэкст прапануюць падаць у ЦВК аўтары «геніяльнай» ініцыятывы.
Так-та яно так, але, мне падаецца, што некаторыя людзі не проста адарваліся ад рэальнасці, а яшчэ і захраслі ў далёкім ужо 2020-м — прычым 2020-м да выбараў, калі магчыма было адстаяць вялізную чаргу проста на подпіс за кандыдата ці паскардзіцца ў ЦВК на масавыя фальсіфікацыі і не атрымаць за гэта па галаве. Цяпер жа такая «паперка» не тое што не будзе мець адказу — яна аўтаматычна азначае «суткі», а то і што пацяжэй, для таго, хто яе падасць — з імем, прозвішчам, адрасам, усё як мае быць.
Усе мы ведаем, якім будзе вынік гэтага фарсу пад зусім не адпаведнай назвай «выбары». Відавочна, што нішто яго не зменіць (хіба што ляснецца на Беларусь метэарыт або Лукашэнка раптоўна сыдзе ў нябыт па цалкам сабе фізіялагічных прычынах). Не будзе пратэстаў, ніхто не выйдзе на вуліцу з плакатам ці «няправільным» сцягам у зачышчанай краіне. Ніхто не палезе пад камеру або пад пільнае вока «дзядзі сцёпы» псаваць бюлетэнь ці яшчэ неяк «выказваць нязгоду». І ўжо дакладна ніхто нічога не будзе адпраўляць у ЦВК.
Дый не ў гэтым сутнасць. Заклікі, прапановы, працэдуры могуць быць якімі заўгодна там, у гэтых «прасветленых» галовах. А справа, па сутнасці, у чалавечнасці. Нідзе, ні ў аднаго так званага палітыка я не бачыла закліку паклапаціцца перш за ўсё пра сябе і сваю бяспеку. Ужо цяпер па ўсёй краіне ідуць хвалі «хапуноў» і зачыстак. Сілавікі наўмысна робяць усё магчымае, каб на вуліцы ніхто не выйшаў, ніхто і пікнуць не змог супраць іх правадыра. Да дня галасавання яшчэ амаль тры месяцы — а гэта кожны дзень затрыманні і суды, затрыманні і суды, здзекі і катаванні. І самае разумнае, што могуць зрабіць беларусы ў гэтай сітуацыі — адправіць к чорту ўсіх, хто не думае пра іх, і падумаць пра сябе.
Так, 2025-ты год не за намі. Як гэта было ў 2015-м. Тут мы бяссільныя штосьці зрабіць супраць «лому», за якім відаць руку расійца. Але, можа быць, для таго, каб падужэла рука беларуса, трэба зараз сціснуць зубы і перачакаць? Застацца. Тут. На волі. Сабой. Не рызыкуючы бязглузда сваёй галавой, не купляючыся на танныя словы ўзнёсласці і заклікі, што «бяруць на понт».
Беларусы мы ці не беларусы вызначае зусім не тое, прыйдзем мы паўдзельнічаць у лукашэнкаўскім фарсе ці не, прыслухаемся да Ціханоўскай ці да Пазняка. І не гатоўнасць адседзець за бел-чырвона-белую стужку на запясці. Гэта ўвогуле не тое, што вызначае нас — як людзей, як нацыю. Пара ўжо забыць усе гэтыя «не сядзеў — не беларус» і іншую бязглуздзіцу, якой, на жаль, хапае ў турбулентныя часы. Выбар — гэта не толькі пра «з'ехаць — застацца», «турма — воля», «Ціханоўская — Лукашэнка». Выбар — гэта яшчэ і «тут і цяпер», «сёння і заўтра», «мы», «будучыня». І калі мы ўсе з'едзем, сядзем, страцім за кратамі здароўе, нервы, а то і жыццё, хто будзе гэтай будучыняй? Якім будзе гэтае «мы»?
Верагодней за ўсё, тады яго будуць вызначаць тыя, хто трымае ключы ад жалезных дзвярэй турэмных камер.