Мажэйка: Лукашэнка не можа «перагарнуць старонку» нават сам для сябе

Аналітык лічыць, што рэпрэсіі не стануць слабейшымі пасля выбараў, а значыць спадзявацца на тое, што можна будзе выдыхнуць, не варта.

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Праваабаронцы працягваюць атрымліваць інфармацыю пра масавыя арышты і ператрусы па ўсёй краіне. Сілавікі ўрываюцца ў дамы, цяпер яшчэ і папярэдне адключаючы чалавеку мабільны тэлефон.

Яны прыходзяць на прадпрыемствы і правяраюць асабістыя справы супрацоўнікаў, з яшчэ большай стараннасцю дапытваюць тых, хто ўязджае ў краіну з-за мяжы.

Як стала вядома праваабаронцам, апошнія некалькі дзён людзей затрымліваюць і дапытваюць у рамках справы аб «змове або іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Агулам з 2020 года павялічваецца колькасць «выяўленых» рэжымам «злачынстваў», звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю».

— Масавыя рэпрэсіі і запалохванні перад выбарамі — гэта стандартны элемент лукашэнкаўскай электаральнай кампаніі, — адзначыў Вадзім Мажэйка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Рэжым павінен прадухіліць усё, адсюль і жаданне запалохаць яшчэ больш. Хоць, здавалася б, з 2020 года ўзровень рэпрэсій і так не слабеў.

Але іх усё роўна даводзіцца эскаляваць. Гэта традыцыйны лукашэнкаўскі падыход. Адсюль і ўсе гэтыя новыя метады кшталту адключэння сувязі, і ўся гэтая тапорная прапаганда, і мабілізацыя бюджэтнікаў для ўдзелу ў ёй, у той жа акцыі «Трэба».

Мабілізацыя сілавікоў працягнецца, будуць разнастайныя нарады, вучэнні па разгоне пратэстаў і г. д.

Чаму тактыка не мяняецца?

Таму што, нягледзячы на ўсю рыторыку пра «перагорнутую старонку», Лукашэнка не можа перагарнуць гэтую старонку нават сам для сябе.

Нагадаю, пасля выбараў 2006-га, 2010 года рэпрэсіі паступова змяншаліся, улады самі імкнуліся вярнуць нейкі спакой.

Пасля 2020 года гэтага не адбылося. Рэпрэсіі не проста не скончыліся, а працягваюць узмацняцца з кожным днём. Натуральна, падрыхтоўка да новай электаральнай кампаніі не можа стаць падставай для нейкіх паслабленняў.

Таму што, як сказаў, старонка не перагорнутая, рэжым так і не адчувае сябе ўстойліва, ён не бачыць аніякай сваёй унутранай легітымнасці, праз што застаецца толькі вось гэта — «сядзець на штыках».

Каб атрымаць легітымнасць, як яны хочуць, трэба каб выбары былі пераканаўчымі і людзі ў гэта верылі.

Але мы бачым, наадварот, імітацыя даходзіць да абсалютнага абсурду. Каго гэта можа пераканаць?


Глядзіце таксама

— Па абодва бакі мяжы некаторыя беларусы, верагодна, згадваючы тактыку мінулых гадоў, пра якую вы згадалі, спадзяюцца, што пасля выбараў нібыта павінна наступіць нейкая адліга. Людзі так і кажуць, вось зараз пераседзім, перачакаем, а потым спакойна з'ездзім у Беларусь ці, наадварот, праз мяжу ў Еўропу.

— Тыя, хто так разважае, відавочна, людзі дэпалітызаваліся. Яны перасталі чытаць сумныя навіны і незалежныя медыя.

Але, на жаль, такія ілжывыя надзеі прыводзяць людзей да таго, што яны самі становяцца героямі гэтых сумных навін пра затрыманні.

Чытаць незалежныя медыя сёння трэба ўсім, хто клапоціцца пра бяспеку, каб не выпадаць з павесткі і разумець рэальнасць.

А рэальнасць такая, што рэпрэсіі не заканчваюцца і не слабеюць, а толькі нарастаюць. І, на жаль, перадумоў для таго, каб тэндэнцыя змянілася пасля выбараў, пакуль не відаць.


Глядзіце таксама

Нават калі гэтая перадвыбарчая лютасць трохі аслабне, гэта ўсё роўна не зробіць сітуацыю ў Беларусі бяспечнай.

Што тычыцца паездак у краіну да або пасля выбараў, то і я ведаю людзей, якія паехалі вырашыць нейкае пытанне з дакументамі і шчасна вярнуліся.

Але любы, хто наважваецца на такую паездку, павінен разумець, што гэта «беларуская рулетка». Правілы ў яе такія ж, як у «рускай»: у барабане ёсць патрон, можна стрэліць — і пашанцуе, але можа і не пашанцаваць.