Рэванш — бязлітасны і нікчэмны. «Выбары» пад знакам 2020 года
Так званыя «прэзідэнцкія выбары», якія ўлады прызначылі на канец студзеня 2025 года, і па кандыдатах-спойлерах, і па лозунгах прапаганды выглядаюць як спроба выдаць апошнія чатыры гады за перамогу над праціўнікамі рэжыму. Яшчэ ніколі самаўнушэнне не працавала так моцна.
З падачы Аляксандра Лукашэнкі ў беларускі палітычны лексікон увайшла метафара пра «перагорнутую старонку». І хоць афіцыйныя ўлады падкрэсліваюць, што бурныя падзеі 2020 года засталіся далёка ззаду, уплыў шоку, перажытага кіраўніком і яго асяроддзем падчас папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі, адчуваецца дагэтуль, піша Аляксандр Фрыдман на «Позірку».
Падчас саміта БРІКС у Казані Аляксандр Лукашэнка даў 23 кастрычніка расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай інтэрв'ю, у якім фактычна пацвердзіў свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.
Рашэнне Лукашэнкі пайсці на сёмы тэрмін, а таксама стаўка на бліц-кампанію («выбары» адбудуцца ўжо 26 студзеня) праглядаліся і не сталі сенсацыяй. 1 лістапада быў дэдлайн рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў, іх кола абмалявалася, што дазваляе зрабіць пэўныя высновы пра задумкі і планы ўладаў.
Прыхільнікі правадыра сказалі «трэба»
У інтэрв'ю Скабеевай Лукашэнка ў фірмовым какетлівым стылі даў зразумець, што чакае ад сваіх прыхільнікаў голасных заклікаў да яго ўдзелу ў выбарах. За заявай кіраўніка рушыў услед флэшмоб «Трэба», у рамках якога прадстаўнікі розных пластоў беларускага грамадства (студэнты, рабочыя, вайскоўцы, журналісты і г. д.) настойвалі на працягу прэзідэнцкай кар'еры Лукашэнкі.
Да флэшмобу прыцягнулі і даўняга прыхільніка Лукашэнкі, адыёзнага расійскага філосафа Аляксандра Дугіна, а прапагандыст Рыгор Азаронак і зусім заклікаў беларусаў «прынесці прысягу на вернасць Бацьку».
Флэшмоб «Трэба» нясе на сабе адбітак культу асобы Лукашэнкі, які ў апошнія гады прасоўвае афіцыйная прапаганда, і цалкам адпавядае духу аўтарытарнага рэжыму, які набывае пасля 2020 года ўсё больш таталітарныя рысы.
Калі на мінулыя прэзідэнцкія выбары Лукашэнку выходзіў пад лозунгам «любімую (г. зн. Беларусь) не аддаюць», то праз чатыры з паловай гады лейтматывам кампаніі становіцца наратыў пра «любімага прэзідэнта», якога нельга аддаць, а пра ўдзел у выбарах трэба настойліва папрасіць.
Гэты наратыў прысутнічаў яшчэ і да афіцыйнага ўступлення Лукашэнкі ў перадвыбарчую гонку і павінен быў падрыхтаваць глебу для «выдатнага выніку» кіраўніка на яго — з вялікай верагоднасцю — апошніх прэзідэнцкіх выбарах.
«Выбары» ператвараюцца такім чынам у «рэферэндум аб даверы Лукашэнку» з загадзя вядомым вынікам і наменклатурнымі кандыдатамі-спойлерамі, якія будуць спаборнічаць ў пахвалах незаменнаму правадыру і нападках на «беглую апазіцыю».
Чамаданава і Гайдукевіч паспаборнічаюць за «ганаровае» другое месца?
У лістападзе 2023 года кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Нацыянальнага сходу Алег Гайдукевіч падкрэсліў, што ў выбарах у Беларусі павінны ўдзельнічаць «толькі патрыёты, сістэмныя палітычныя сілы». Падобныя заявы ён працягвае рабіць у кантэксце будучых так званых «прэзідэнцкіх выбараў». І падбор спарынг-партнёраў для Лукашэнкі сведчыць, што кіруючая вярхушка прытрымліваецца менавіта такога прынцыпу.
Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы наменклатурных (у шырокім сэнсе) кандыдатаў. Нясмелая і спрэчная спроба прадстаўніка дэмакратычных сіл Юрыя Губарэвіча, лідара ліквідаванага ўладамі грамадскага Руху «За Свабоду», была спыненая на корані.
На месца ў бюлетэні для галасавання прэтэндуюць малавядомыя партыйныя лідары Аляксандр Хіжняк («Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці») і Сяргей Сыранкоў («Камуністычная партыя Беларусі»), старшыня «Беларускага саюза афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, а таксама прадстаўніца «Беларускага саюза жанчын», начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава і вышэйзгаданы Гайдукевіч. Пра прадпрымальніцу Дзіяну Кавалёву, якая таксама падала дакументы ў ЦВК, шырокай публіцы наогул нічога не вядома, так што яе матывы і шанцы на рэгістрацыю пакінем без каментароў.
Калі раней наменклатурныя кандыдаты былі, як правіла, прадстаўнікамі аднаго з Лукашэнкам «апошняга савецкага пакалення» першай паловы 1950-х (Сяргей Гайдукевіч на выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў; Мікалай Улаховіч у 2015-м), то іх цяперашнія калегі, за выключэннем 62-гадовага генерал-маёра ў адстаўцы Бобрыкава, значна маладзейшыя і сфармаваліся ў Беларусі эпохі Лукашэнкі: Канапацкая нарадзілася ў 1976 годзе, Гайдукевіч-малодшы і Чамаданава з'явіліся на свет у 1977-м, Хіжняк — у 1978-м, а Сыранкоў — наогул у 1981-м.
Яны прадстаўляюць менавіта тое першае пакаленне эпохі Лукашэнкі, прадстаўнікі якога займаюць апошнім часам ключавыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Да гэтай кагорты належаць, у прыватнасці, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты і міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў — патэнцыйныя фаварыты прэзідэнцкай кампаніі 2030 года.
Убогае шоу «пераможцаў»
Калі кандыдатуры Хіжняка, Бобрыкава і Сыранкова спатрэбіліся ўладам хутчэй для колькасці, то фігуры Канапацкай, Чамаданавай і Гайдукевіча заслугоўваюць больш пільнай увагі.
Задачы Канапацкай з 2020 года не змяніліся: нападаць на дэмакратычныя сілы, цяпер выцесненыя па-за межы краіны, пастарацца стаць кандыдатам часткі праціўнікаў Лукашэнкі і прыцягнуць іх да ўдзелу ў выбарах. Гайдукевіч і Чамаданава — таксама «людзі 2020 года», яны выразна праявілі сябе якраз у кантэксце падаўлення пратэснага руху.
Агулам жа Гайдукевіч даўно выступае ў ролі заўзятага адэпта Лукашэнкі, мае скандальную рэпутацыю. Чамаданава, у 2020 годзе прэс-сакратарка МУС, стала адным з сімвалаў жорсткай расправы над пратэстоўцамі.
Чамаданава і Гайдукевіч, як, зрэшты, і астатнія кандыдаты, будуць спаборнічаць у дыфірамбах «нязменнаму прэзідэнту», а рашэнне вылучыць менавіта іх варта ўспрымаць не толькі як плату за службу ў перыяд шостага тэрміну Лукашэнкі, але і як выразны сігнал супернікам рэжыму: 2020 год не паўторыцца.
Выбары-2025 стануць, бадай, самымі сумнымі ў найноўшай беларускай гісторыі. Асноўнай іх задачай з'яўляецца безумоўны трыумф Лукашэнкі, а выбар кандыдатаў-спойлераў ператварае гэтую кампанію ва ўрачыстасць «пераможцаў 2020 года».