«Ненахіляемы» і міньёны. Такой пацешнай электаральнай кампаніі ў Лукашэнкі яшчэ не было

Выбары-выбары — кандыдаты… Беларусь перыяду позняга лукашызму канчаткова пераўтвараецца ў «электаральны султанат», дзе ёсць падзішах і яго палітычны гарэм.

cik.jpg

4 лістапада ў лукашэнкаўскім Цэнтрвыбаркаме зноў аднагалосна галасавалі. Зацвярджалі ініцыятыўныя групы спойлераў, якім нібыта дазволяць збіраць подпісы за сваё вылучэнне на «выбарах» 2025 года.

У выніку ўзгаднілі групу «праўладнай апазіцыянеркі» Ганны Канапацкай, старшыні праўладнага Саюза афіцэраў Сяргея Бобрыкава і кіраўніка праўладнай Камуністычнай партыі Сяргея Сыранкова.

Пры гэтым заяўкі на рэгістрацыю Дзіяны Кавалёвай і Віктара Куляша былі адхіленыя. Складана сказаць, чаму, бо гэтыя цудоўныя людзі яўна не збіраліся «захопліваць уладу шляхам выбараў». Яны альбо проста дзеля забаўкі падалі дакументы ў ЦВК, як палітык-эмігрант Юрась Губарэвіч (што наўрад ці), альбо па ўзгадненні недзе наверсе зрабілі гэта, каб атрымаць загадзя агавораную адмову (што хутчэй за ўсё).

Навошта такія складанасці? Мабыць, каб выглядала больш натуральна. Калі ёсць перадвыбарчыя этапы, то на кожным з іх павінен быць пэўны адсеў. Пазбаўленне ад баласту. Бачыце, маўляў, у нас працэдура — усё ва ўстаноўленым парадку, згодна з «дзействуюшчым заканадацельствам».

У іншыя часы ў Кавалёвай і Куляша журналісты б спыталі, ці не баласт яны. Але часы тыя мінулі, і сапраўднай журналістыкі ўнутры Беларусі не засталося.

Зрэшты, у Кавалёвай і Куляша найперш спыталі б, хто яны такія ўвогуле. Першая нібыта прадпрымальніца, пра другога ўвогуле нічога невядома. Так, прыяцель Антона Сямёнавіча Шпака. Часы змяніліся, сёлета ў спойлеры бяруць самых сапраўдным ноўнэймаў.

Такім чынам, усяго да збору подпісаў дапусцілі семярых. Акрамя трох названых, гэта лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, які быў даверанай асобай Лукашэнкі ў 2020-м. Гэта старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і галоўны ідэолаг Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава — былая прэс-сакратарка МУС, яна ідзе ад імя праўладнага Саюза жанчын.

Ну, і ўласна сам Аляксандр Лукашэнка. Таксама праўладны, бо ён жа і ёсць улада. З 1994 года. Шмат разоў казаў, што ўлады той ён наеўся так, што ўжо няма моцы. Ну але во прагне на сёмы тэрмін, каб кіраваць яшчэ пяць гадоў.

Глядзіце таксама

Вядома, ні Лукашэнка, ні ўсе астатнія асабліва зборам подпісаў займацца не будуць. Прынамсі так, як тое было ў 2020-м з удзелам сапраўдных прэтэндэнтаў — памятаеце тыя бясконцыя чэргі з жадаючых падпісацца? Убачыўшы, як беларусы хочуць новай улады, лукашэнкаўскі рэжым тады хутка пасадзіў Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага. Але людзей гэта не спыніла, што прывяло даа відавочнага пройгрышу «ненахіляемага» правадыра з наступнымі пратэстамі, гвалтам і рэпрэсіямі, што трываюць дагэтуль.

Дык вось чэргаў, вядома, цяпер не будзе. Беларусы ўнутры краіны цяпер застрашаныя, дэпалітызаваныя, вымушаныя дэманстраваць лаяльнасць. Па вялікім рахунку, ім пляваць і на гэтыя «выбары», і тым больш на кішэнных прэтэндэнтаў на галоўную пасаду. Тым не менш запланаваную колькасць спойлераў кандыдатамі зарэгіструюць. Прыкладна па той жа схеме, як у 2020-м зарэгістравалі тую ж Канапацкую. Тады шмат хто дзівіўся, як гэта яна сабрала больш за 100 тысяч подпісаў, калі візуальных сведчанняў гэтаму не было. Ганна Анатольеўна казала, што за яе падпісваліся не на пікетах, а падчас пакватэрнага абыходу членамі яе каманды.

Вельмі дзячыла, дарэчы, адміністрацыі завода БелАЗ у Жодзіне — маўляў, дазволілі агітаваць сярод рабочых, і такім чынам было сабрана больш за 8 тысяч подпісаў. Праўда, у афіцыйных спісах ЦВК журналісты потым знайшлі «палева». Выявілася, што ва ўсёй Мінскай вобласці за Канапацкую тады набралася ўсяго 811 аўтографаў. Але належнай увагі гэтаму не надалі, бо спойлерскі статус кандыдаткі ўжо ў той час сумневу не падлягаў — нягледзячы на яе дэманстрацыйную прыхільнасць да БЧБ-сцяга.

Выглядае, што Канапацкую і цяпер дапусцяць да «выбараў», але наконт усіх семярых гарантыі даваць не варта. Паводле той жа логікі адсеву, мусіць і тут быць вызначаны баласт. Нешта падказвае, што ахвяруюць афіцэрам Бобрыкавым. Бо ён хоць і афіцэр, але неяк найменш пасуе да траплення ў бюлетэні. Хутчэй за ўсё абыдуцца без Бобрыкава. А, можа, і без яшчэ каго-небудзь, планаў лукашэнкаўскай адміністрацыі мы не ведаем.

Далей пачнецца агітацыя, і, бадай, гэта будзе самая фантасмагарычная частка марлезонскага балета. Бо трэба ж хаця б фармальна казаць пра жаданне стаць прэзідэнтам, пра нейкія змены да лепшага, нешта абяцаць электарату. А паспрабуй сёння пра тое заікнуцца — тут адразу турма за «падрыў канстытуцыйнага ладу».

Зрэшты, ніхто з гэтых міньёнаў увогуле пра жаданне ўладарыць казаць не збіраецца. Роля ў іх зусім іншая — трэба далікатна суправадзіць 70-гадовага Аляксандра Рыгоравіча да чарговага «пераабрання». Зрабіць так, каб яму было прыемна, не самотна, камфортна. Каб ён нідзе не спатыкнуўся і не прастудзіўся па дарозе. Ва ўсіх сэнсах гэтая роля спадарожная, адпаведна сцэнару яны будуць і дзейнічаць, і выказвацца.

Глядзіце таксама

Няцяжка здагадацца, што «агітаваць» спойлеры будуць двума наратывамі. Першы — хваліць Лукашэнку, другі — ганіць «збеглых». Цалкам магчыма, што другога будзе больш, чым першага, але тут лёгка, як той казаў, сумясціць.

Відовішча гэта будзе вартае жалю, ну але чаго не зробіш дзеля служэнню дзейнай уладзе. Спадчынны спойлер і самы крыклівы з міньёнаў — «ліберал-дэмакрат» Гайдукевіч — ужо прыкладна акрэсліў стратэгію сваю і іншых марыянетак. Каментуючы свой удзел у кампаніі, ён звыкла пахваліў Лукашэнку, які нібыта «захаваў суверэнітэт, умацаваў краіну, не прадаў яе». Згадаў «ворагаў», якімі кіруюць «заходнія цэнтры». Сказаў, што на «выбарах» ён збіраецца працаваць на «ўмацаванне канстытуцыйнага ладу». Ну і, як вядома, назваў галоўную стратэгічную мэту — каб усіх прыхільнікаў перамен «ванітавала ад кожнага кандыдата ў прэзідэнты».

Здаецца, дасягнуць вызначанай мэты ва ўдзельнікаў гэтай электаральнай клаўнады цалкам атрымаецца. Адпаведныя высілкі яны ўжо актыўна прыкладаюць. Фінальны акт калектыўнага ванітавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года.