Хронікі рэпрэсій за 7 лістапада: Памілаваны яшчэ 31 палітвязень, але «без зняцця судзімасці»
Лукашэнка памілаваў 31 чалавека, асуджанага за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, падчас зачыстак у Смаргоні і Слоніме затрымалі каля 50 чалавек.
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Сярод вызваленых — 29 мужчын і 2 жанчыны. Паведамляецца, што трое маюць інваліднасць, 17 — хранічныя захворванні. 7 чалавек з ліку памілаваных — шматдзетныя бацькі.
Асуджаныя “вызваленыя ад асноўнага пакарання без зняцця судзімасці”. Міністэрства ўнутраных спраў “забяспечыць кантроль за іх правапаслухмянымі паводзінамі”.
Позірк адзначае, што ў Беларусі на 7 лістапада 1 287 чалавек прызнана палітычнымі зняволенымі. Столькі ж было і днём раней, аднак у параўнанні з 5 лістапада іх колькасць зменшылася адразу на 25.“Позірк” накіраваў праваабаронцам запыт, ці не звязана гэта, у прыватнасці, з апошнім указам аб памілаванні. Праваабарончы цэнтр “Вясна” адказаў, што не звязана, са спісу прыбраныя “людзі, якія цягам [апошняга] месяца выйшлі на волю”.
- У Смаргоні і Слоніме «зачыстка» — затрымана каля 50 чалавек
У Смаргоні і раёне «зачыстка» закранула не менш чатырох дзясяткаў чалавек. «Працуюць» таксама лідскія аператыўнікі.
Нагоды для затрымання людзей самыя розныя: удзел у мірных акцыях яшчэ ў 2020 годзе, падпіскі на «экстрэмісцкія» сайты і тэлеграм-каналы, пастаўленыя подпісы ў 2020 годзе за кандыдатаў на выбарах, дапамога сем'ям палітвязняў, атрыманне дапамогі ад ініцыятыў. Затрымліваюць і тых, хто пастаянна жыве ў горадзе, і тых, хто вяртаецца з-за мяжы.
Супраць некаторых распачалі крымінальныя справы паводле артыкулаў 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і 361 КК (Заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы).
У Слоніме было затрымана не менш дзесяці чалавек, у тым ліку вядомых людзей, некаторым ужо прысуджаны адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Некаторым пагражаюць крымінальнымі справамі.
- У Еўрасаюзе адрэагавалі на смерць беларускага палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра
Афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешніх сувязях Петэр Стана выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Дзмітрыя Шлетгаўэра. Ён адзначыў , што Шлетгаўэр cтаў сёмым палітычным зняволеным, які памёр у Беларусі.
«Ён толькі што стаў бацькам, гэта сумна і паказвае бесчалавечную прыроду рэпрэсій Лукашэнкі».
Стана таксама заклікаў да неадкладнага вызвалення усіх амаль 1300 палітвязняў у Беларусі, якія «ўтрымліваюцца рэжымам у жахлівых умовах».
- Цікток «Медыязоны» другі раз прызналі «экстрэмісцкім»
Суд Салігорскага раёна Менскай вобласці паўторна прызнаў цікток «Медыязоны» (mediazona_by) « экстрэмісцкім», гэта вынікае з абноўленага спісу»экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Мінінфарма. Першы раз цікток «Медыязоны» прызналі «экстрэмісцкім» у сакавіку.
У чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Євген Карась», «Гродно и область: полезные новости», «Hrodna 11:27», «Šufliadka» з лагатыпам, «Haradzienski harmidar» з лагатыпам;
- Instagram старонка «talk_mara»;
- YouTube-каналы «Беларуская мечта», «Быць Беларусам»;
- Старонкі ў TikTok «АДРЮХА2», «Макс», «Вольны беларус», «Władisław Andreew», «страник», «andrei_gaponik», «javier.from.belar», «zekme.bу», «tokbelarus», «phoenix_inform», «user5395510724747», «mediazona_by», «breezejo», «barbara_ronde», «madmax8117», «.278708», «extremist2180_2.0», «bel.rada.visiоn», «romanchuk_s», «belarus_mara», «lessprit», «umounyja», «vetvi.vlasti», «racyjabelarus», «zmahar6», «sapraudny_bielarus», «ekstrim_bel_tv», «narco_cartel.rf», «byaroza_media», «osuzhdaem», «volfanchik».
- Ветэранаў МУС задзейнічаюць у «электаральнай кампаніі па розных напрамках»
Пра гэта гэтым заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, у ведамстве налічваецца 27 тысяч ветэранаў.
«Найперш у ахове грамадскага парадку на выбарчых участках. Аксакалы таксама стануць сябрамі камісій, назіральнікамі. І, калі трэба, устануць у баявыя парадкі і павядуць за сабой моладзь».