У казках беларускіх дзяцей «губазікі і амоны» разумеюць, што яны — зло

Апошнія чатыры гады сталі траўмай не толькі для дарослых беларусаў, але і для дзяцей, якія гэтую траўму перажываюць па-свойму. Асабліва калі ў іх мама ці тата ў турме.

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

За мінулыя пяць гадоў беларусы напісалі цэлую паліцу кніг у розных жанрах пра актуальныя падзеі. Гэта не ўспаміны і не расповеды па свежых слядах, калі «ўсё скончылася». Бо «ўсё працягваецца».

І кніга псіхолага Вольгі Вялічка «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» таксама мае адкрыты фінал.

«Дзеці не даюць нам прызвычаіцца да вайны, да лукашызму. Знаходзяць для гэтага нейкія свае словы. Яны бясстрашныя і сумленныя сведкі», — рэзюмавала ў пасляслоўі да кнігі Святлана Алексіевіч.

Новая старонка ў беларускай літаратуры

Такой актыўнай кніжнай фіксацыі не было ў беларускай літаратуры ў часы Чарнобыля, Хатыні ці ГУЛАГу. Прытым, што «нічога не скончылася» і кожнае выданне можа мець працяг, піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе». Кнігі паэзіі, прозы, драматургіі, дакументальных жанраў складаюцца ў цэлую бібліятэку. Гэты дзіўны феномен сведчыць, бадай, пра сталасць нацыі, якая імкнецца замацаваць падзеі ў нацыянальнай памяці, каб выключыць паўтарэнне гэтага ў будучыні. Гэта досвед, які ўжо маюць многія іншыя нацыі і які беларусы адчуваюць патрэбу набыць толькі цяпер.

Аўтарка кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» Вольга Вялічка — стваральніца і былая дырэктарка гродзенскага дзіцячага хоспіса, якой прысудзілі завочна вялікі турэмны тэрмін. У эміграцыі яна працуе з дзецьмі палітвязняў і сабрала разам гісторыі, казкі, сны і мары, якімі з ёй падзяліліся дзеці — у цяперашнім часе, пасярод падзей, канца якім не відаць, і немагчыма ўпэўнена прадбачыць, чым «усё закончыцца». У гэтым галоўная інтрыга, і яна — па-за кнігай.

«А ад падлетка я пачула: "Цяпер я па поўнай назіраю, як усе мы расчароўваемся ў жыцьці"». На нядаўняй прэзентацыі кнігі ў Вільні аўтарка адзначыла, што людзі расчароўваюцца — і гэта нармальна. Але ж не ў падлеткавым узросце.

Яшчэ адно яе назіранне: дзеці перажываюць траўму ў гульні. Яны прыдумляюць казкі, у якіх дзейнічаюць злыя стварэнні — паводле апісання, губазікі і амоны, і тыя ўрэшце ўсведамляюць сваё зло і пачынаюць жыць паводле правілаў. То-бок, для дарослага тут тупік — разуменне таго, што зло непераможнае, уводзіць у ступар. А ў казцы тупіку няма, прычым зло само ўсведамляе, што яно зло.

Каша з чарвякамі

Каб зразумець, як дапамагчы дзецям, чые бацькі апынуліся ў турме, Вольга Вялічка звярнулася да падобнага досведу — успамінаў жанчын, якія дзецьмі трапілі ў сталінскі канцлагер.

«Я знайшла толькі два адрозненні: у беларускіх дзяцей ёсць шанец убачыць сваіх бацькоў жывымі, і ні ад аднаго з іх я не чула, каб іншыя дзеці дражнілі іх за тое, што мама ці тата цяпер у турме».

Усё астатняе, а гэта, галоўным чынам, здзек і катаванне з боку «людзей у чорным», не адрозніваецца.


Глядзіце таксама

«Нас білі, прымушалі падоўгу прастойваць у куце на каленях за любое, самае маленькае свавольства. Аднойчы падчас "ціхага часу" я ніяк не магла заснуць. Цётка Дзіна, выхавальніца, села мне на галаву, і, калі б я не павярнулася, магчыма, мяне б не было ў жывых»...

Між іншым, папярэдняя кніга беларускіх дзіцячых расповедаў «Ніколі не забудзем» пабачыла свет у 1948 годзе, а пачыналі яе збіраць у 1946-м, адразу ж пасьля вайны. Таму і ўспамінамі ў поўнай меры гэтыя сведчанні не назавеш. Што праўда, сама вайна на той момант скончылася, і дзеці ўсведамлялі гэта. Мяне здзівіла адна дробная дэталь у той кнізе і ў кнізе Вольгі Вялічка, што якраз для псіхолага можа мець істотнае значэнне.

Вось што ўспамінала 10-гадовая Маня з «Ніколі не забудзем», якую разам з маці завезлі ў нямецкі канцлагер:

«Назаўтра першы раз нам далі паесці супу з храпак ад капусты, чарвякамі запраўленага, ды такога рэдзенькага, што я ў сваім кацялочку знайшла палавіну храпкі, восем крупінак ячных і дзесяць чарвякоў. Нам проста было дзіўна, адкуль яны бяруць столькі чарвякоў? Чарвякоў мы выкідалі».

А вось 9-гадовы Міша з кнігі Вольгі Вялічка расказвае свой сон:

«А быў жудасны сон. Мы ехалі да мяжы. Тым часам Лукашэнка забраў усю маю сям’ю. А мяне замкнуў у турме. Мне загадалі ўсё рабіць: мыць падлогу, гатаваць і праць. З ежы была толькі манная каша з чарвякамі»...

Іншыя дзеці

Аўтарка падкрэслівае, што цяперашнія дзеці моцна адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў. Найбольш істотнае тое, што дзеці ўспрымаюць віртуальную рэальнасць як такую самую, што ў жыцці. Для іх гэта адна рэальнасць, як бы цяжка нам ні было гэта зразумець.

Вольга перакананая, што нармальнасць вернецца ў наша жыццё, бо так было заўсёды. Але плаціць за гэта будуць дзеці. Пра тое, што гэта за плата, аўтарка гаварыла на прэзентацыі кнігі. Калі ўявіць сабе лінію жыцця чалавека як лінарку, дзе кожнае дзяленне — этап жыцця, дык уявіце сабе, што якраз дзяцінства з лінаркі прыбранае. Адпаведна, і ўсе іншыя дзяленні не на сваім месцы. Мінулыя пяць гадоў — самыя важныя ў фармаванні дзіцячай псіхікі, уласна і ёсць гадамі дзяцінства.


Глядзіце таксама

Апошні раздзел кнігі — парады псіхолага на тэму «Як гаварыць з дзецьмі пра палітыку». На пытанне «Як успрымаць урокі "патрыятызму" ў школах?», аўтарка, між іншым, адказвае, што дзеці фармуюць свой светапогляд, гледзячы на пазіцыю бацькоў і на кантэкст сацсетак. Прышчапіць ім ілжывыя ідэалы цяжка, калі ўвогуле магчыма.

Неаднойчы ў кнізе Вольга Вялічка падкрэслівае, як важна бацькам папаўняць свае веды ў беларускай гісторыі і культуры, гаварыць па-беларуску, быць самімі сабою. Сапраўды, усё тое, што чыніць сёння рэжым у Беларусі, супярэчыць традыцыйнай беларускай этыцы, якая найлепшым чынам рэгулюе дачыненні людзей, якой першая навучае дзіця мама і якая спрадвеку не прадугледжвае такой «опцыі», каб мама была ў турме.