Хронікі рэпрэсій за 11 лістапада: роўна чатыры гады таму затрымалі Міколу Дзядка

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_1_2_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1457 дзён, Дзяніс — 1337

Міколу Дзядка затрымалі роўна чатыры гады таму — 11 лістапада 2020 года, падчас затрымання моцна збівалі і катавалі. Паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса яго прысудзілі да пяці гадоў зняволення (арт.342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»; арт.361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»; арт.295-3 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»). Пазней Дзядку ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск. 

Мікола павінен быў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года, але за кратамі на журналіста завялі новую крымінальную справу — паводле арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Па гэтым артыкуле прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.

У чэрвені гэтага года Міколу Дзядка адправілі ў ШІЗА, адкуль ён выйшаў толькі ў верасні. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

***

У 2023 годзе КДБ распачаў 242 крымінальныя справы, з іх 106 (гэта значыць, больш за 40%) — паводле «пратэсных» артыкулаў, пра гэта піша ініцыятыва «BELPOL». Усяго ж у вытворчасці ведамства было 411 спраў (з улікам матэрыялаў з 2022 года).

Напрыклад, у 2023 годзе КДБ распачаў:

  • 27 спраў па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (арт.356 КК),
  • 17 спраў па артыкуле аб «удзеле ва ўзброеным фарміраванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (арт.361-3),
  • 12 спраў па артыкуле аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК),
  • 9 спраў па артыкуле аб «акце тэрарызму» (арт.289 КК),
  • 6 спраў па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК),
  • 6 спраў па артыкуле аб «распальванні варожасці» (арт.130 КК),
  • 5 спраў па артыкуле аб «закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі» (арт.361 КК).
  • больш за ўсё КДБ распачаў крымінальных спраў па артыкуле аб «атрыманні хабару» (арт.430 КК) — такіх было 43.

У 2023 годзе Камітэт дзяржбяспекі прыпыніў 20 крымінальных спраў, сярод іх былі справы па палітычных артыкулах. Паводле інфармацыі «BELPOL», прычыны прыпынення спраў — «неўстанаўленне абвінавачаных» альбо «ўтойванне іх ад органа крымінальнага пераследу».

***

Як мяркуюць праваабаронцы, палітзняволены Руслан Садоўнічы мог выйсці на волю па так званым «памілаванні». Чалавек, падобны да Руслана Садоўнічага, з'явіўся на старонцы аднаго з гродзенскіх блогераў. Там удакладнілі, што мужчына выйшаў на волю раней за тэрмін.

Садоўнічага прысудзілі да 3,5 гадоў зняволення за «абразу прадстаўніка ўлады», «распальванне варожасці» і «гвалт у дачыненні да службовай асобы». У студзені 2023 года на яго завялі новую крымінальную справу — за «абразу прадстаўніка ўлады» і «гвалт у дачыненні да сілавіка».

***

За «экстрэмізм» судзілі Ганаровага грамадзяніна Чашніцкага раёна, паведамляе ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!».

Віталь Вонсік — ляснічы Красналуцкага лясніцтва Лепельскага лясгаса. Паводле вынікаў 2015 года яго імя было занесена на Дошку гонару Чашніцкага раёна.

Яго судзіла 9 лістапада паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») суддзя суда Лепельскага раёна Наталля Сушко. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

***

У Лепелі супрацоўніка «Белтэлекама» проста на працоўным месцы судзілі за «экстрэмізм». Як стала вядома, электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Юрыя Паршко абвінавачвалі па двух адміністрацыйных артыкулах: «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «Несанкцыянаванае пікетаванне».Судовы працэс узначальваў суддзя Міхаіл Юрчанка.

***

14 лістапада Магілёўскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу супраць Паўла Чуркіна. Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў аб «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце» (ч.1 арт.361-3 КК), піша «Вясна».

У красавіку Паўла Чуркіна затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ГУР Украіны. Пра гэта стала вядома з сюжэту дзяржтэлеканала «Беларусь 4 Магілёў».

У ім на камеру мужчына сказаў, што здымаў размяшчэнне «Іскандэраў» па заданні ўкраінскай выведкі. У 2021 годзе беларуса прысудзілі да года калоніі паводле артыкула аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК).

***

Суд Ленінскага раёна Брэста прысудзіў да паўтара года калоніі двух брэстаўчан — Артура Трушко і Вадзіма Кутасевіча, піша «Берасцейская Вясна». Яшчэ адна мясцовая жыхарка, Аліна Новікава, атрымала два гады «хатняй хіміі».

Усіх траіх судзілі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК) з-за ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020 года.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за пратэсты 10 жніўня ў Брэсце асуджаныя ўжо 70 чалавек.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 649 дзён, Максіма Знака — 643 дні, Мікалая Статкевіча — 640 дзён, Ігара Лосіка — 631 дзень, Віктара Бабарыкі — 569 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 499 дзён, Уладзіміра Гундара — 462 дні, Аляксандра Арановіча — 157 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1284 чалавекі.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1400 чалавек. Сярод іх — 173 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 23 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.