Хронікі рэпрэсій за 12 лістапада: Марыя Калеснікава сустрэлася з татам
Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй Калеснікавай 18 месяцаў таму, а пасля сувязь абарвалася.
- Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам — упершыню за 18 месяцаў
Палітычная зняволеная Марыя Калеснікава сустрэлася са сваім бацькам у турэмнай бальніцы, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на былых палітзняволеных, якія пазналі месца па фотаздымках.
Гэта першая сустрэча Калеснікавай з бацькам за апошнія 18 месяцаў. Фотаздымкі сустрэчы былі апублікаваныя ў Telegram-канале Рамана Пратасевіча.
Як паведамляе «Наша Ніва», на дадзены момант застаецца невядомым, ці знаходзіцца Калеснікава на лячэнні ў турэмнай бальніцы, ці яе прывялі туды з памяшкання камернага тыпу, дзе яна ўтрымліваецца.
Апошні раз сваякі мелі магчымасць пабачыцца з Калеснікавай у снежні 2022 года. З таго часу ёй было забаронена нават размаўляць з іншымі зняволенымі ў калоніі.
- Асудзілі 14-ю групу берасцейцаў за ўдзел у пратэснай акцыі 10 жніўня 2020 года
У судзе Ленінскага раёна Брэста 6 лістапада асудзілі Артура Трушко, Вадзіма Кутасевіча і Аліну Новікаву паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын.
Прысуд апублікаваў у сваім прэс-рэлізе Брэсцкі абласны суд, заўважыла «Берасцейская вясна».
Берасцейцаў абвінавацілі ў тым, што яны «выкрыквалі лозунгі і дэманстравалі палотнішча бел-чырвона-белага колеру».
Артуру Трушко і Вадзіму Кутасевічу прызначылі кожнаму па аднаму году і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аліне Новікавай – два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Такім чынам, вядома ўжо як мінімум пра 70 чалавек, якіх асудзілі паводле арт. 342 КК за ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года ў Брэсце.
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Telegram-каналы і чаты «БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМІ!», «Гродно, Ленинский р-н Для Жизни», «Радыё Harodniar» з лагатыпам, а таксама старонка ў TikTok «chinovniktiktok».
- «Ганаровага грамадзяніна Мёрскага раёна» будуць судзіць за «прапаганду нацызму»
Трактарыст глыбоцкіх электрасетак Станіслаў Пілецкі па выніках 2021 года быў занесены на Дошку гонару Мёрскага раёна.
Як паведамляе @vitebsk_info, у канцы кастрычніка яго асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а заўтра мужчыну будуць судзіць па новай справе — цяпер яго абвінавачваюць у «прапагандзе нацызму». Судовы працэс будзе ўначальваць суддзя Ірына Яскевіч.
- Распачаўся чарговы суд над «рэйкавым партызанам» з Віцебску
У Бабруйску 12 лістапада пачалі разглядаць справу 52-гадовага палітвязня Сяргея Канавалава. Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 ініцыявала узбуджэнне справы супраць Сяргея паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Цяпер яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Працэс будзе весці суддзя Павел Карцінін.
Нагадаем, у верасні 2022 года Сяргея асудзілі па крымінальнай справе аб «распальванні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК) і аб «падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года. Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Жыхара Рагачова адправілі ў калонію за абразу Лукашэнкі
У судзе Рагачоўскага раёна 8 кастрычніка адбыўся суд над 46-гадовым мясцовым жыхаром Аляксандрам Акакіевым.
Яго прызналі вінаватым у «абразе Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 368 КК). Суддзя Ірына Прадун прызначыла Аляксандру адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша @viasnaHomel. Падрабязнасці суда невядомыя.
- Праблемы ў новым СІЗА
Як паведамляе Радыё Свабода, у новым следчым ізалятары ў Калядзічах пад Мінскам працягваюцца праблемы з перадачамі.
З часу пераезду «Валадаркі» ў новыя будынкі ў пасёлку Калядзічы мінула больш за 5 месяцаў, але наладзіць перадачы гэтак, каб было зручна і не займала зашмат часу, не ўдаецца, сцвярджаюць сваякі вязьняў СІЗА.
Сваякі вязняў паведамляюць пра доўгія чэргі і цяжкасці з дастаўкай неабходных рэчаў. А чэргі па прыёме перадач у ізалятары непазбежныя, бо звычайна працуюць не ўсе акенцы, а толькі два-тры.
«Я прыехала ў 4.55 і была 50-я ў чарзе», — распавяла адна з жанчын, якая перадавала перадачу ў будзённы дзень.
«Збіраюся ехаць у суботу, і мне сказалі, што чаргу трэба займаць з пятніцы. Мінулым разам мы выехалі а трэцяй ночы, там былі а пятай і былі ўжо трыццатыя», — кажа сваячка іншага зняволенага. Яшчэ адна жанчына паведаміла, што, прыехаўшы ў суботу да сёмай раніцы, аказалася ў чарзе амаль 150-й.
Паводле жанчыны, багата тых, хто прыехаў дзеля перадачы, мусяць чакаць сваёй чаргі ў аўтамабілях, бо ў пакоі для перадач усім не хапае месца.
У іншагародніх праблемы яшчэ большыя, бо ім даводзіцца адольваць вялікія адлегласці, каб толькі дабрацца да Мінску.