Хронікі рэпрэсій, 13 лістапада. Хутка пачнуць судзіць святара Генрыха Акалатовіча. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення

Больш за месяц невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча. Чарговая хваля рэпрэсій на Беларускай чыгунцы. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Сёння пачынаюць судзіць мінскага бізнэсмена Саўрыцкага і ягоную сям'ю — ім пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Генадзю Саўрыцкаму 61 год. Ён родам з Мінска. Ягоны бізнэс — гэта ААТ «Анастан», буйная кампанія, якая займаецца вытворчасцю пенапласту, піша «Наша Ніва». Ягонай жонцы Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спецыялісткай па продажах, а пасля менеджарам у «Анастане».

У сям'і дзве дачкі. Адна з іх, Віялета, у адной справе з бацькамі. Ёй 23 гады, яна скончыла школу ў Мінску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Дзяўчына захапляецца фатаграфіяй і любіць падарожжы. 

Суд над сям'ёй пачынаецца 13 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Іх абвінавачваюць у «распальванні варажнечы» (ч. 3 арт. 130 КК). Судзіць сям'ю Саўрыцкіх будзе Міхаіл Макарэвіч. Акалічнасці справы невядомыя, як і сутнасць абвінавачання.

Чарговага «Ганаровага грамадзяніна» Віцебшчыны судзілі за «экстрэмізм»

Гэта Юрый Лабанаў — электрагазазваршчык «Лепельводаканала». Імя мужчыны сёлета занеслі на Дошку гонару Лепельскага раёна па выніках 2023 года.

Учора ў Лепелі, апроч яго, судзілі яшчэ дваіх чалавек па палітычных адміністрацыйных справах. Як піша тэлеграм-канал @vitebsk_info, сярод іх яшчэ адна супрацоўніца «Лепельводаканала» — Вікторыя Стульба.

Спісы на «гутаркі», пагрозы звальненнем, забарона на выезд — чарговая хваля рэпрэсій на Беларускай чыгунцы

Фактычных звестак аб колькасці прыцягнутых да «прафілактычных гутарак» і праверак або затрыманых супрацоўнікаў няма, аднак падобныя выпадкі далёка не адзінкавыя, піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Паводле звестак ініцыятывы, толькі ў адным аддзяленні БЧ (Мінскага — НАЧ-1) у спісах супрацоўнікаў, якіх неабходна праверыць ці «паразмаўляць», утрымліваецца больш за 60 чалавек.

З часткай людзей проста праводзяць «прафілактычную гутарку»: запалохваюць звальненнем ці крымінальнай справай і далейшым турэмным тэрмінам, даюць падпісаць паперу-абавязацельства, што супрацоўнік не будзе ўдзельнічаць у недзяржаўных мерапрыемствах. Іншым пасля «гутаркі» прапануецца ў добраахвотна-прымусовым парадку наведаць КДБ. 

Пры правядзенні «гутарак» супрацоўнікі КДБ забіраюць у людзей мабільныя тэлефоны на сем-дзесяць хвілін і праводзяць з імі маніпуляцыі без ведама ўладальнікаў.

Больш за месяц невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча

У чэрвені у судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню Аляксандру Францкевічу, асуджанаму раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ адзін год зняволення. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль напачатку кастрычніка этапавалі ў калоніі, але якую — невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Таму фактычна больш за месяц нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра.

Маці палітвязня — Таццяна — цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў межах крымінальнай справы.

У канцы лістапада пачынаецца суд на святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве»

Суд над Акалатовічам пачнецца 25 лістапада ў Мінскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Судзіць яго будзе Уладзімір Арэшка, паведамляе "Наша Ніва".

Каталіцкаму святару 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна.

Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года.

Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.

Глядзіце таксама

Спыніла працу найбуйнейшая школа замежных моваў на Берасцейшчыне «АКЦ Мост»

Пра гэта паведамляе выданне "Позірк".

Студэнтам курсаў і іх бацькам пра адмену заняткаў і прыпыненне дзейнасці школы паведамілі ў групавых чатах, без тлумачэння прычынаў.

Паводле звестак «Позірку», офіс «АКЦ Мост» сёння быў апячатаны.