Імітацыя бурнай дзейнасці на мяжы крымінальнага злачынства

Як і варта было чакаць, некаторыя «спойлеры» Лукашэнкі ў будучай электаральнай кампаніі «пасыпаліся» адразу ж, як ад іх спатрэбілася нейкая дзейнасць. Напрыклад, пачаць збор подпісаў. Але яны ж не для таго ішлі ў гэтую кампанію, правільна? Ім галоўнае было — паказаць сябе. А дакладней — лізнуць.

hroniki_cihaha_supacivu__12__logo_1.jpg

І такое мы яшчэ ўбачым у будучыні.

З электаральнай гонкі зняліся старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз афіцэраў», генерал-маёр запасу Сяргей Бобрыкаў і былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер кіраўніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава. Яе кандыдатуру падтрымліваў Беларускі саюз жанчын.

Бобрыкаў заявіў, што для забеспячэння «стабільнасці» ў краіне афіцэрскаму корпусу неабходна «згуртавацца вакол нашага галоўнакамандуючага» (як быццам гэта было незразумела да яго вылучэння). Чамаданава ж паведаміла, што, што БСЖ пачуў «пасыл грамадства на кансалідацыю вакол Лукашэнкі» і будзе яго «надзейным тылам». І наогул, ці не галоўнай мэтай яе ўдзелу ў працэсе было паказаць, «наколькі выразна выбудаваная наша палітычная сістэма і любы грамадзянін, у першую чаргу патрыёт сваёй краіны, можа ўдзельнічаць у выбарах самага высокага ўзроўню». 

Пагадзіцеся, што ў абодвух выпадках матывацыя зняцця з працэсу вельмі кульгае. Ці раней БСЖ не быў для Лукашэнкі «надзейным тылам»? Ці ў 2020 годзе хіба «любы грамадзянін» не мог удзельнічаць у выбарах? Ён настолькі мог удзельнічаць у выбарах, што ГУБАЗіК дагэтуль спрабуе лавіць тых удзельнікаў і перыядычна ладзіць «зачысткі» гэтых любых грамадзянаў.

Удзел у выбарчай кампаніі мае на ўвазе не толькі заявы, але і дзеянні. Сам Лукашэнка паведаміў, што людзі вельмі неахвотна падпісваюцца за «спойлераў». Дый наўрад ці тыя актыўна збіралі гэтыя подпісы ў сваю падтрымку. Бо на гэтым полі трэба ўмець працаваць: трэба ведаць, як збіраюцца подпісы, як запаўняецца падпісны ліст, трэба ўмець спланаваць кампанію і навучыць валанцёраў... Гэтым прафесійна займаліся палітычныя партыі, бо менавіта яны былі «заточаныя» на такія кампаніі. Цяпер ведаюць як гэта рабіць, хіба Гайдукевіч і Канапацкая. Але не БСЖ і Саюз афіцэраў.

Але Аляксандр Лукашэнка вельмі своеасабліва ацаніў гэты дэмарш. Ён паведаміў, што сам выступіў за тое, каб кожнае буйное аб'яднанне вылучыла сваіх «кандыдатаў у прэзідэнты». Бобрыкаў і Чамаданава яго паслухаліся, але потым убачылі, што «ўнутры арганізацый не вельмі гэта разумеюць». «І яны: “Лепш мы здымаемся”. Ну, як мяне праінфармавалі», — працытавала словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Калі б мы былі ў Штатах, а не ў Беларусі, гэтыя словы каштавалі б Лукашэнку прэзідэнцкага крэсла, а тое і крымінальнага пераследу. Нагадаю: знакаміты Уотэргейцкі скандал пачаўся з таго, што была выкрытая спроба спецслужбаў ЗША, якія дзейнічалі на карысць дзеючага прэзідэнта Рычарда Ніксана, усталяваць праслухоўку ў выбарчым штабе яго канкурэнтаў. Вынік скандалу — Ніксан сышоў з пасады прэзідэнта ЗША, не чакаючы імпічменту.

У нас Лукашэнка прамым тэкстам кажа, што яго «інфармуюць» з перадвыбарчых штабоў ягоных канкурэнтаў. Хіба можна ў такіх умовах казаць пра роўнасць усіх кандыдатаў у кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы? То-бок сам Лукашэнка прызнаў, што выбарчая кампанія ўжо цяпер не адпавядае агульнапрынятым дэмакратычным нормам.

Лукашэнка лічыць нармальным кіраваць сваімі апанентамі, сачыць за іх штабамі, і ўмешвацца ў іх кампанію. Але ж гэта ўжо насамрэч — не выбары.

А потым ён крыўдзіцца, што яго кампанію загадзя называюць фарсам, і бачыць у гэтым нейкую «перадузятасць». Хоць ужо сотні разоў было сказана: выбары — гэта не факт галасавання і не адзін тыдзень у годзе. Гэта расцягнуты ў часе працэс, які пачынаецца задоўга да даты абвяшчэння выбарчай кампаніі і не сканчаецца нават інаўгурацыяй прэзідэнта. І на ацэнку празрыстасці і дэмакратычнасці выбараў уплываюць і ўзровень свабоды слова ў краіне агулам (а не толькі ў перыяд агітацыі), і свабоды асацыяцый, свабоды сходаў, свабоды меркаванняў...

Хіба будуць свабоднымі выбары ў краіне, дзе няма ніводнай апазіцыйнай палітычнай партыі?

Глядзіце таксама

Таму выбары ў Беларусі ўжо цяпер не называюць выбарамі. Іх называюць «здзекам».

«Напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 26 студзеня 2025 года, сітуацыя з правамі чалавека рэзка пагоршылася. Рэжым узмацніў пераслед кандыдатаў, ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і грамадзян, якія падтрымалі сваімі подпісамі вылучэнне незалежных кандыдатаў у 2020 годзе. У апошні час з'явіліся паведамленні аб трывожным росце адвольных затрыманняў, якія можна прыраўняць да гвалтоўных знікненняў. У гэтай сітуацыі здзек у студзені 2025 года не можа лічыцца выбарамі», — напісалі кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска і пастаянны дакладчык Камітэта па замежных справах Еўрапарламента Гельмут Брандштэтэр.

І тут важна не толькі ацэнка выбараў. Заўважым, што адвольныя затрыманні ў гэтай заяве прыроўніваюцца да «гвалтоўных знікненняў». А гэта ўжо злачынства супраць чалавечнасці. За гэта шмат хто з дыктатараў паўстаў перад судом

А навошта Лукашэнку праводзіць тэрміновыя выбары, нарэшце распавёў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў. Паводле яго, у 2025 годзе агульная сума выплат па дзярждоўгу Беларусі складае 10 млрд беларускіх рублёў, яшчэ каля 5 млрд — гэта абслугоўванне. Паводле сучаснага курсу 15 млрд беларускіх рублёў — гэта 4,5 млрд долараў, прыкладна 13% ВУП Беларусі. А пакуль на выплату гэтых пазык урад спадзяецца наскрэбці 1 млрд долараў унутры краіны і 1 млрд рублёў у Расіі.

А ў той жа час Беларусь скончыла дзевяць месяцаў з дэфіцытам знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Як паведаміў Нацбанк, дэфіцыт гандлю таварамі і паслугамі склаў 355,9 млн долараў.

А ў той жа час чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў скараціўся па выніках 9 месяцаў і склаў 13,11 млрд рублёў. Чысты прыбытак прадпрыемстваў у верасні склаў крыху менш за 1 млрд рублёў. То-бок, за тры кварталы нашы прадпрыемствы не зарабілі на тое, каб пагасіць наш дзярждоўг у наступным годзе.

Можна яшчэ шмат казаць пра «ў той жа час». Але ўсё гэта азначае, што ў 2025-м краіну можа чакаць яшчэ адзін дэфолт. Таму Лукашэнка і спяшаецца перапрызначыцца. А што будзе далей?

Далей ён спадзяецца, што яму пашчасціць.

Толькі вось шанцаванне — гэта не назаўжды.