«Сям'я не выключае, што яго забілі». Што вядома пра загінулага палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра

Хлопцу было 22 гады, і ў яго нядаўна нарадзіўся сын. Сям'я цяжка перажывае гора.

Загінулы палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр

Загінулы палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр

1 лістапада праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што ў магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі: «Механічная асфіксія». Улетку Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб «шпіянажы» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», прысудзіўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачванняў невядомая дагэтуль — працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У гэты час у Дзмітрыя нарадзілася дзіця. «Зеркало» са спасылкай на «Сібір.Рэаліі» пераказвае гутарку са сваякамі і знаёмымі загінулага.

«Літаратуру, напэўна, нейкую знайшлі, і ўсе справы»

Жыхары аддаленага сяла Протасава Алтайскага краю, ад якога да Казахстана бліжэй, чым да любога расійскага горада, часта збіраюцца каля адміністрацыі абмеркаваць навіны. У гэтую пару года пагаварыць звычайна ўжо няма пра што: ураджай даўно сабралі, да новай пасяўной яшчэ далёка. Але нядаўна там даведаліся, што ў беларускай калоніі памёр Дзмітрый Шлетгаўэр. Яго сям'я раней жыла там.

— Дзімку-то я не памятаю. Бацькі яго, Сярогу, — так! Той заўсёды шукаў лёгкіх грошай. Але, калі пра пацана нічога не памятаем, значыць, нешкадлівы быў! Значыць, яго падставілі, — кажа адзін з мясцовых, Андрэй Вагнер (імя зменена).

— Дзімка — шпіён? Ды ну! Літаратуру, напэўна, нейкую знайшлі, і ўсе справы, — дадае пенсіянерка Эма Гартліб (імя змененае). — Іру (маці Дзмітрыя. Заўв. рэд.) шкада. Як такое перажыць?

— Іра ўсё жыццё ў адукацыі прапрацавала. Не магла яна здрадніка вырасціць. Я яе добра памятаю. Калі яна яшчэ ў садку ў нас загадчыцай працавала. Дзеці заўсёды да яе цягнуліся, — дадае яшчэ адна мясцовая жыхарка.

Дзмітрый Шлетгауэр разам з бацькамі Сяргеем і Ірынай, старэйшай сястрой Веранікай і братам Валерам да 2011 года жылі ў Протасава Нямецкага Нацыянальнага раёна Алтайскага краю.

Першыя немцы там з'явіліся напрыканцы XIX стагоддзя, а ў 1907-1910 гадах туды накіраваліся дзясяткі сем'яў «сталыпінскіх» перасяленцаў. Яны ехалі туды з Паўднёвай Украіны і Паўночнага Каўказа. У 1990-х у раёне жыло 22 тысячы чалавек, каля 80% з якіх былі немцамі. Нямецкую мову на вуліцах можна было пачуць часцей, чым рускую. У райцэнтры Гальбштадт шыльды на крамах і дзяржустановах, а таксама на стэле пры ўездзе па-ранейшаму напісаныя на дзвюх мовах. Урад ФРГ у тыя часы фінансава дапамагаў немцам, якія пражываюць у Расіі.

— Я так думаю, Германіі было больш выгадна падтрымліваць вось такія нацыянальныя раёны, як у нас (ёсць яшчэ аналагічны раён у Омскай вобласці), са святамі, традыцыямі і гэтак далей, адпраўляючы сюды нейкія не вельмі вялікія для іх грошы, чым прыняць велізарную колькасць мігрантаў, якія адразу б селі на дапамогі. Так было да канца 1990-х. А потым фінансаванне ўрэзалася. Калгасы дарэшты разваліліся. Працы не стала. І ўсе пабеглі. Ад'язджалі цэлымі сем'ямі. Цяпер у нас афіцыйна каля 30% немцаў у раёне. А суседка ў мяне наракае, што ўжо 25 гадоў няма з кім на роднай мове пагаварыць, бо ніхто не ведае нямецкую, — расказвае Андрэй Вагнер.

«Тыя, хто наносіў татуіроўкі, падвергліся рэпрэсіям»

Шлетгауэры пераехалі. Але не ў Германію, а ў Беларусь, вырашыўшы, што беларускі клімат ім падыдзе больш. У 2018 годзе Дзмітрый атрымаў беларускі ВНЖ, працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

23 лістапада мінулага года Дзмітрыя і яго брата Валерыя затрымалі. Паводле слоў сваякоў, у той дзень Дзмітрый адвёз сваю цяжарную жонку ў бальніцу і перастаў выходзіць на сувязь. Толькі праз некалькі дзён радня даведалася, што яго адправілі ў СІЗА. А Валерыя экстрадавалі ў Расію.


Глядзіце таксама

— Гэта была добраахвотная дэпартацыя. Я думаю, ён бы не хацеў, каб яго згадвалі, — расказала «Сібір.Рэаліі» сваячка братоў Ганна (імя зменена). Працягваць размову пра Валерыя яна адмовілася.

— Не валодаю аніякай інфармацыяй пра яго цяпер, — кажа знаёмая Валерыя Ксенія (імя змененае). Паводле яе слоў, браты не ўдзельнічалі ў беларускіх пратэстах у 2020-2021 гадах, не рабілі аніякіх допісаў.

Дзмітрыя абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «шпіянажы». Сваякі і знаёмыя былі ў шоку.

— Ды які ён шпіён? Гэта проста смешна! Я столькі ўсяго начыталася пра Дзіму, чаго толькі ні пішуць. Дзмітрый быў выдатным чалавекам: добрым і сумленным. Заўсёды дапамагаў людзям, аддаваў апошняе. Для многіх быў прыкладам для пераймання. У асноўным ён бавіў час дома са сваёй жонкай. Ён быў не асабліва сацыяльным чалавекам, — расказвае сваячка Ганна.

Бацькі братоў перасталі выходзіць у сацсеткі, на пытанні журналістаў не адказваюць.

— Цяпер такая сітуацыя ў краіне, што людзі баяцца гаварыць. Баяцца наступстваў. Як кажуць, любое слова можа быць выкарыстана супраць цябе ў судзе. А я б дадала, што не толькі супраць цябе, але і тваіх родных і блізкіх. Нават тыя, хто з'ехаў з краіны — баяцца, — каментуе актывістка Алеся Міцкевіч (імя змененае).

На думку блізкіх, экстрэмізм Шлетгауэру, верагодна, паставілі праз татуіроўку чорнага сонца, якую ён набіў летам 2020 года, але пазней зафарбаваў (чорнае сонца ў славянскай міфалогіі — сакральны сімвал, які паказвае сонца свету Наві, што не свеціць і не грэе. Гэты сімвал прысвечаны богу зімовага сонца Калядзе. Выкарыстоўваўся і ў нацысцкай Германіі. У Беларусі гэты сімвал прызнаны «нацысцкім».Заўв. рэд.).

— Ён набіў сабе цэлы рукаў у скандынаўскім стылі, мабыць, гэта было часткай эскіза, — дадала суразмоўца.

У ліпені гэтага года праўладны беларускі тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за татуіроўку чорнага сонца тату-майстрам з Магілёва. Паводле якога артыкула ён затрыманы і дзе цяпер знаходзіцца — невядома. Праваабарончы Тэлеграм-канал «Права маюць» зафіксаваў больш за 25 затрыманняў і судоў за прызнаныя ў Беларусі нацысцкімі сімвалы на целе або ў сацсетках.


Глядзіце таксама

Адзін з затрыманых расказваў: «Я быў вельмі здзіўлены, калі да мяне прыйшлі сілавікі, таму што быў упэўнены ў тым, што гэта памылка, бо адзіны момант, калі я парушыў закон, гэта быў пераход дарогі ў неналежным месцы. Супрацоўнікі патлумачылі мне, што справа ў маёй татуіроўцы "Чорнае сонца", бо гэты сімвал прызнаны нацысцкай сімволікай. Я ніколі не прытрымліваўся нацысцкай ідэалогіі і катэгарычна супраць яе. Я выдатна памятаю ўрокі гісторыі ў дзіцячым доме, ведаю і разумею, што нацысты зрабілі з нашымі продкамі. Я ніколі не прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і заўсёды быў і буду патрыётам сваёй радзімы. Гэтую татуіроўку я зрабіў каля двух гадоў таму і перад тым, як набіць яе, я прачытаў, што яна з'яўляецца старажытным славянскім абярэгам».

«Людзей затрымліваюць кожны дзень»

Улетку 2024 года Дзмітрыя Шлетгаўэра судзілі. Беларуская сістэма правасуддзя настолькі закрытая, што не заўсёды вядомыя нават імёны асуджаных. У выпадку з Дзмітрыем невядома нічога, акрамя таго, што яму далі 12 гадоў калоніі.

— З прычыны таго, як закручваюць усё ўнутры Беларусі, для мяне не стаў здзіўленнем той факт, што пра затрыманне не паведамлялі, — кажа праваабаронца, кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская. — Мы ж нічога не ведаем: ні абставінаў, пры якіх затрымлівалі, ні сапраўднай прычыны затрымання, ні таго, што адбылося ў калоніі. Мы не ведаем, ці аказваўся ціск на родных і блізкіх. Таму складана цяпер сказаць, чаму пра гэты суд не ведалі. Важна іншае. У калоніі памёр палітвязень ва ўзросце 22 гадоў. Гэты хлопец у прынцыпе не павінен быў там быць, калі б у Беларусі пасля 2020 года рэжым не развязаў тэрор у дачыненні да сваіх жа грамадзян. Як паказвае практыка, у Беларусі не трэба здзяйсняць злачынствы, каб цябе асудзілі. Так што складана будаваць здагадкі пра тое, што адбылося. Магчыма, аднойчы мы гэта прачытаем у архівах, а магчыма, не даведаемся ніколі.

Дзмітрыя Шлетгаўэра праваабаронцы цэнтра «Вясна», Беларускага ПЭНа, Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага і «Прававой ініцыятывы» прызналі палітычным зняволеным. Падстава — пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.


Глядзіце таксама

У верасні яго перавялі з СІЗА Брэста ў ПК-15 у Магілёве. А 11 кастрычніка яго знайшлі мёртвым. Вядома пра гэта стала толькі на пачатку лістапада. Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта з ім здарылася. Паводле слоў знаёмага сям'і, у пасведчанні аб смерці паказаная прычына — «механічная асфіксія». Часта такі запіс робяць пры самагубствах.

Сям'я, паводле слоў знаёмых, не выключае, што яго забілі. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА № 7 Брэста да і пасля суду. Сваякі ад яго не адварочваліся, пісалі лісты, адпраўлялі перадачы.

— Блізкія ўпэўненыя, што ён не мог гэта зрабіць. І са здароўем у яго ўсё было ў парадку. Да таго ж, нядаўна ў яго нарадзіўся сын, — расказала сваячка Дзмітрыя Ганна. — Сям'я цяжка перажывае гора. Асабліва бацькі. Яго жонцы дапамагае спраўляцца маленькі сын.