«Выпадак Калеснікавай — вельмі яскравы: ён паказвае, з чым у Беларусі сутыкаюцца тысячы людзей»

Упершыню за два гады з асабістага дазволу Лукашэнкі Аляксандр Калеснікаў пабачыў сваю дачку Марыю — «нашу Машу», як называлі яе пратэстоўцы ў 2020 годзе. Наколькі ўвогуле правамерна ўсё тое, што адбываецца з Марыяй Калеснікавай за кратамі?

Жаночая калонія ў Гомелі. Ілюстрацыйнае фота: TUT.BY

Жаночая калонія ў Гомелі. Ілюстрацыйнае фота: TUT.BY

Праз бацьку Марыі Калеснікавай стала вядома, што спатканне з дачкой, першае са снежня 2022 года, стала магчымым толькі пасля прашэння на імя Лукашэнкі. Але ж так не павінна быць: дазвол на спатканне са зняволеным (а факт наяўнасці палітычных вязняў беларускія ўлады адмаўляюць) дае начальнік установы. У дадзеным выпадку — калоніі, яго намеснік альбо выконваючы абавязкі.

Сваякі Марыі амаль два гады такога дазволу не мелі, а лістоў ад яе не атрымлівалі з лютага 2023 года, даведваючыся пра стан роднага чалавека толькі па расповедах людзей, якія ўжо вызваліліся. Адвакат таксама не меў доступу да сваёй падабароннай. Ажно пакуль у кастрычніку 2024 года брытанскі журналіст не спытаў пра лёс і стан Марыі Калеснікавай наўпрост у Аляксандра Лукашэнкі, а той перабольшана здзівіўся.

Аднак — надзіва — праз некалькі тыдняў бацька, хай і ў прапагандысцкім суправаджэнні, упершыню за доўгі час атрымаў магчымасць абняць дачку і пагутарыць з ёй. Якія высновы напрошваюцца з гэтай сітуацыі?

Як мусіла быць насамрэч і якія нормы заканадаўства беларускія ўлады парушылі толькі ў выпадку з Марыяй Калеснікавай, «Филин» папрасіў патлумачыць юрыстку праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлану Галаўнёву.

— Я пачала б нават не з разбору дэталяў дазволу сустрэчы з бацькам — хоць гэта цудоўна, што сустрэча адбылася, — а з таго, што агулам затрыманне Марыі Калеснікавай і ўтрыманне столькі часу ў няволі — адвольнае і неправавое, — зазначае юрыстка. — Выпадак Марыі — вельмі яскравы ў тым сэнсе, што ён паказвае не проста адвольнае пазбаўленне волі, з якім у Беларусі сутыкаліся і сутыкаюцца тысячы людзей.

Але гэта яшчэ і гвалтоўнае знікненне — праз тое, якім чынам яна была затрыманая, і праз 600 дзён, калі нічога не было пра яе вядома, ні сваякі, ні адвакат не мелі дасяжнасці да яе. Усё гэта — сур’ёзныя парушэнні з боку ўладаў.

І іх нельга «перапыніць» проста тым, што вось жа, вы яе ўбачылі, дазволілі бацьку сустрэцца — так гэта не працуе. Нельга сказаць: усё нармальна, мы «перагарнулі старонку».

Абавязак дзяржавы — прызнаць: тое, што адбываецца — гэта парушэнні. Спыніць іх. Выпусціць Марыю, рэабілітаваць яе. Правесці незалежнае расследаванне, як так адбылося і хто за гэта нясе адказнасць, прыцягнуць да яе вінаватых, кампенсаваць нанесеную шкоду (а тут відавочна, што здароўю Марыі нанесеная шкода).


Глядзіце таксама

І зрабіць пэўныя захады, каб далей такога не здаралася. Гэта мінімум, які павінна рабіць дзяржава ў такіх сітуацыях.

Але тое, што мы маем — зусім пра іншую гісторыю. Вось кагосьці выпусцілі, крыху вязняў — але адразу пазапужвалі тых, хто выйшаў на волю, і набралі новых вязняў. Кагосьці паказалі — а пра іншых дагэтуль нічога невядома. Няма гаворкі пра нейкія сістэмныя змены.

І ў выпадку Марыі таксама. Канешне, суперкрута, што яна пабачыла свайго бацьку і што мы пабачылі, што яна жывая. Але гэта, па факце, не паляпшае яе стану.

— Атрымліваецца, што тут былі парушаныя ўсе базавыя правы любога вязня: на медыцынскую дапамогу, на доступ адваката, на ліставанне, сустрэчы і званкі з роднымі?

— Так, бо сувязь са знешнім светам, кантакты з адвакатам, са сваёй сям’ёй — базавыя правы кожнага чалавека, які сутыкаецца з затрыманнем і пазбаўленнем волі. Нягледзячы на тое, ці палітычны гэта вязень, ці не палітычны, але кожны чалавек падчас абмежавання волі захоўвае права на кантакты з блізкімі і з адвакатам.

Адвакат, нагадвае Святлана Галаўнёва — гэта не толькі «паштальён», які перадае звесткі пра стан вязня яго родным і наадварот, перадусім гэта магчымасць абараніць свае правы, абскардзіць тое, што з вязнем адбываецца.

— Ва ўнутраных правілах пенітэнцыярных устаноў, у Крымінальна-выканаўчым кодэксе прапісана, у якіх выпадках вязняў могуць пазбавіць сустрэч з роднымі — чым адміністрацыя гэтых устаноў і карыстаецца, нярэдка са штучна надуманых прычын. Але ўсё адно, паводле закону, такія карныя меры не могуць жа прымяняцца бясконца — інакш гэта рэжым інкамунікада?

— Наогул, трэба глядзець, на што накіраваныя такія абмежаванні, навошта Марыю ці іншага вязня абмяжоўваюць, напрыклад, у камунікацыі з бацькамі. Адзінае, чым гэта можна патлумачыць, — каб не была раскрытая пэўная інфармацыя, якую нельга раскрываць. Але ў дадзеным выпадку відавочна гэта не так.

Прыцягнуць вязня да адказнасці за нейкія парушэнні можна іншым чынам, не пазбаўляючы права на кантакты. Бо нават калі такая мера ўздзеяння, пакарання прапісаная ў правілах ці нейкіх рэгламентах папраўчай установы — ёсць пытанні з пункту гледжання міжнародных стандартаў, на што мае права і чаго не можа быць пазбаўлены любы вязень.


Глядзіце таксама

А ў дадзеным выпадку мы бачым сітуацыю, калі выконваецца і тое, што прапісана ў правілах, і тое, што не прапісана — прынамсі, вязень не можа быць пазбаўлены кантактаў з адвакатам.

— То бок, калі казаць пра тое, што парушылі беларускія ўлады ў дачыненні да Марыі Калеснікавай — можна сказаць, усё што маглі?

— Па сутнасці, так. Бо ў правілах калоній могуць прапісаць усё што заўгодна, але факт застаецца фактам: Марыя пазбаўленая кантактаў са знешнім светам, а так не мае быць, і гэта не прававое абмежаванне.

Што да пытання, чаму для сустрэчы спатрэбіўся дазвол Аляксандра Лукашэнкі — гэта класічнае для беларускага правіцеля ўмяшанне ва ўсе справы, адзначае юрыстка:

— Гэта ўжо нават не пра правы чалавека, а больш пра вяршэнства закону, пра тое, што павінны існаваць межы кампетэнцыі любога органа, любой службовай асобы. А ў Беларусі за трыццаць гадоў склалася так, што «прэзідэнт — эксперт ва ўсім».