Хронікі рэпрэсій за 15 лістапада: чарговы «хапун» па ўсёй краіне, затрыманні на «БЕЛАЗе»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1461 дзень, Дзяніс — 1341.
***
Па ўсёй краіне 14 лістапада прайшла чарговая хваля затрыманняў, пад якую трапілі і сваякі палітвязняў, паведамляюць праваабаронцы. Паводле звестак «DissidentBY», «хапун» праводзілі супрацоўнікі КДБ. Пры ператрусах і арыштах сілавікі цікавіліся атрыманнем дапамогі.
Фонд «Краіна для жыцця» піша, што затрыманні адбыліся як мінімум у Гродзенскай вобласці, Баранавічах і Мінску.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», частка затрыманняў звязаная з тым, што 29 кастрычніка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» кааліцыю дваровых чатаў. Падобна, што ў той жа час ГУБАЗіК «адпрацаваў» некалькі прадпрыемстваў у рэгіёнах, дзейнічаў паралельна. ГУБАЗіК пераважна прыходзіў да людзей, якія траплялі пад увагу сілавікоў раней.
Кіраўнік «BySol» Андрэй Стрыжакнапісаў, што ў іх каманды сёння шмат працы:
«Уся служба эвакуацыі "BySol" працуе поўным складам у сувязі з сённяшняй аблавай. Заявак шмат. Выводзім людзей з-пад удару».
***
З'явілася інфармацыя пра затрыманні на «БЕЛАЗе» — яны звязаныя з іх новымі ботамі, паведамляе «Вясна».
Праваабаронцы 14 лістапада атрымалі інфармацыю пра «хапун» на жодзінскім прадпрыемстве. Паведамляецца, што затрыманні звязаныя з новымі кітайскімі ботамі, якія пачало выпускаць прадпрыемства.
Сцвярджаецца, што нехта з супрацоўнікаў прадпрыемства стварыў нейкі чат, у якіх пачаў высмейваць боты — пасля гэтага пачаліся затрыманні.
***
Загадчыка анестэзіёлага-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэя Курловіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), піша «Гомельская Вясна».
Суд над Курловічам пройдзе 19 лістапада ў судзе Рэчыцы.
У горадзе і раёне Курловіч вядомы як адзін з самых прафесійных лекараў. Раённая газета пісала пра яго ў 2022 годзе: «Многія ўважлівыя чытачы добра ведаюць, каму часцей за ўсё на старонках газеты рэчычане, якіх медыкі літаральна вырывалі з чэпкіх абдымкаў каронавіруса, адрасавалі словы падзякі. Правільна, Андрэю Курловічу, загадчыку аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Рэчыцкай ЦРБ».
Пакуль імя Курловіча не выдаленае з сайта Рэчыцкай бальніцы.
***
Міліцыя ў Ваўкавыску затрымала 16-гадовага падлетка, які зрэзаў з аднаго з дамоў чырвона-зялёны сцяг, піша «Медыязона» са спасылкай на набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.
Паводле інфармацыі канала, падлетак захоўваў сцяг у шафе ў сябе дома. Прапажу сімволікі заўважылі работнікі ЖКГ, якія звярнуліся ў міліцыю. Затрыманы — студэнт мясцовага каледжа.
Паводле слоў сілавікоў, хлопец чакаў свайго сябра ў пад'ездзе на апошнім паверсе. Калі стаяць надакучыла, ён узламаў замок дзвярэй і выйшаў на дах. Убачыўшы сцяг, падлетак дастаў складны нож і зрэзаў яго.
Аўтары канала сцвярджаюць, што на затрыманага завялі крымінальную справу па артыкуле аб «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370 Крымінальнага кодэкса). У якім статусе знаходзіцца затрыманы — невядома.
***
Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд завочную крымінальную справу блогера Антона Матолькі.
Як нагадваюць праваабаронцы, сёлета 22 ліпеня супраць Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт.357 («Змова з мэтай захопу ўлады»), ч.1 арт.293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.1 арт.342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ч.3 арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч.3 арт.361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)»), ч.2 арт.366 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы»), ч.2 арт.367 («Паклёп на Лукашэнку»), ч.ч.1 і 2 арт.368 («Абраза Лукашэнкі»), арт.369-1 («Дыскрэдытацыя Беларусі»), ч.ч.1 і 2 арт.361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»), ч.2 арт.361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч.2 арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч.1 арт.356 («Здрада дзяржаве»).
***
15 лістапада МУС традыцыйна абнавіла «Спіс эктстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Вясна». У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты: «Блёк воля», «Heretic Camp -MZ/WJ official discography», «Штабные крысы»;
- Instagram-старонкі: «bela.manc», «belgium_razam», «allboty, thewesternbattalion», «_asadak_», «yauhendrums, belarusiansdc»;
- Старонка ў «ВКонтакте»: «Эмиграция из Белорусского концлагеря»;
- Сацсеткі праекта «Не твоя война»;
- YouTube-канал: «Нашы Шортсы»;
- Старонкі ў «Аднакласніках»: «Bel.Lit», «Незалежны прафсаюз РЭП», «Свабода»;
- TikTok-старонкі: «chinovniktiktok», «nedeshevka228».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 647 дзён, Мікалая Статкевіча — 644 дні, Ігара Лосіка — 635 дзён, Віктара Бабарыкі — 573 дні, Сяргея Ціханоўскага — 503 дні, Уладзіміра Гундара — 466 дзён, Аляксандра Арановіча — 161 дзень.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1274 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1400 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 23 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.