Хронікі рэпрэсій за 14 лістапада: У Гродзенскай вобласці — масавыя затрыманні з удзелам КДБ

Пракуратура накіравала ў суд справу блогера Антона Матолькі, якому прад'яўлены абвінавачванні па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод змова з мэтай захопу ўлады, арганізацыя масавых беспарадкаў, паклёп і публічная абраза прэзідэнта, а таксама экстрэмізм. Святара Генрыха Акалатовіча пачнуць судзіць за здраду дзяржаве, яму пагражае 15 гадоў зняволення.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Каталіцкага святара хочуць судзіць за здраду дзяржаве

64-гадовага каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, які служыў у парафіі Святога Іосіфа ў Валожыне, пачнуць судзіць 25 лістапада.

Справу будзе разглядаць Мінскі абласны суд пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі, паведамляюць незалежныя беларускія медыя.

Паводле крыніц, святару пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве.

Акалатовіч утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ з 17 лістапада 2023 года. Варта адзначыць, што святар мае сур'ёзныя праблемы са здароўем — раней ён перанёс інфаркт і анкалагічнае захворванне, а незадоўга да затрымання перанёс аперацыю на страўніку.

Пракуратура накіравала ў суд справу блогера Антона Матолькі

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд завочную крымінальную справу супраць блогера Антона Матолькі. Яму прад'яўлены абвінавачванні па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу. 

Крымінальная справа супраць блогера была распачатая 22 ліпеня 2024 года. Матолька абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

- частка 1 артыкула 357 (змова з мэтай захопу ўлады)

- частка 1 артыкула 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў)

- частка 1 артыкула 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак)

- частка 3 артыкула 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці)

- частка 3 артыкула 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару)

- частка 2 артыкула 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы)

- частка 2 артыкула 367 (паклёп на Лукашэнку)

- часткі 1 і 2 артыкула 368 (абраза Лукашэнкі)

- артыкул 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі)

- часткі 1 і 2 артыкула 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання)

- частка 2 артыкула 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці)

- частка 2 артыкула 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)

- частка 1 артыкула 356 (здрада дзяржаве)

Матолька знаходзіцца за мяжой і будзе судзіцца завочна. 

Былы палітвязень Цімур Хайрулін зноў пад судом

Паводле паведамлення праваабарончай арганізацыі «Вясна», былы палітвязень Цімур Хайрулін зноў будуць судзіць судом 26 лістапада. Яму прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Справа будзе разглядацца ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, суддзя — Юлія Блізнюк.

Раней Хайрулін ужо адбыў тэрмін зняволення: яго затрымалі 30 верасня 2021 года па справе аб каментарах у інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Тады яго абвінавацілі па двух артыкулах — 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

5 жніўня 2022 года Мінскі гарадскі суд прызначыў Хайруліну 2,5 гады пазбаўлення волі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, Цімур выйшаў на волю ў кастрычніку 2023 года па заканчэнні тэрміну.

Падрабязнасці новага абвінавачання на момант публікацыі не паведамляюцца. 

Працягваецца пераслед актывістаў незалежных прафсаюзаў

Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, з верасня 2020 года было затрымана больш за 50 прафсаюзных актывістаў і арганізатараў страйкаў на прадпрыемствах. На дадзены момант 17 актывістаў застаюцца за кратамі.

Асаблівую занепакоенасць выклікае стан здароўя 69-гадовага актывіста прафсаюза РЭП Вацлава Арэшкі. Паводле інфармацыі ад сваякоў, у яго дыягнаставана расслаенне сеткавіцы вока, катаракта і глаўкома. З-за праблем са зрокам лісты з турмы за яго пішуць іншыя зняволеныя. 

У Гродзенскай вобласці адбываюцца масавыя затрыманні з удзелам КДБ

14 лістапада 2024 года ў Гродзенскай вобласці пачаліся масавыя затрыманні з удзелам супрацоўнікаў КДБ.

У рэгіёне паступае шмат паведамленняў пра затрыманні, якія адбываюцца на працягу дня. У аперацыях прымаюць удзел супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Праваабаронцы заклікаюць грамадзян захоўваць пільнасць і клапаціцца пра сваю бяспеку.

«Чым менш лічбавых слядоў у вас выявяць, тым вышэйшы шанц застацца па-за зонай рызыкі ў разгар рэпрэсій», — адзначаецца ў паведамленні праваабарончых арганізацый.

Праваабаронцы просяць паведамляць ім пра вядомыя выпадкі затрыманняў праз давераных асоб, якія знаходзяцца за мяжой.

На момант публікацыі дакладная колькасць затрыманых асоб невядомая, не паведамляюцца таксама и прычыны затрыманняў, адсутнічае інфармацыя пра канкрэтныя населеныя пункты, дзе праводзяцца аперацыі. 

Выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», выкладчыка фізікі Гродзенскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Ігара Губарэвіча будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

На момант публікацыі імя Ігара Губарэвіча ўжо знікла з сайта Гродзенскага ўніверсітэта. 

Футбаліста «Кронана» будуць судзіць па «пратэстным» артыкуле

Паводле паведамлення «Вясны», 22 лістапада ў судзе Савецкага раёна Мінска пачнецца судовы працэс над гульцом футбольнага клуба «Крона» са Стоўбцаў Ранам Сафіянам Сохелем. Футбаліста абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («грубае парушэнне грамадскага парадку»).

Рана Сафіян Сохель з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, яму 24 гады. У стаўбцоўскай «Кроне» ён гуляе нападаючым з пачатку стварэння клуба — з 2020 года.

Працэс будзе весці суддзя Сяргей Шаціла.