Асобная думка. Смерць сышла зімаваць, але хутка вернецца

Сёння — Міжнародны дзень талерантнасці, і ён адзначаецца ў свеце, які цярпець не можа і іншых, і самога сябе.

Ілюстрацыя, згенераваная нейрасеткай

Ілюстрацыя, згенераваная нейрасеткай

Чалавек — жывёла сацыяльная. Мы не можам існаваць паасобку, адно без аднаго, мы збіраемся ў зграі, статкі, гурткі і суполкі, шукаем аднадумцаў дзеля таго, каб было лягчэй існаваць.

Чалавек — жывёла. Мы лёгка паддаемся інстынктам, яны кантралююць нас, нават калі нам падаецца, што мы такія разумныя, «вянец эвалюцыі» і гэта мы кантралюем усё на свеце. А насамрэч варта толькі нам адчуць голад, як мы шукаем магчымасці яго спатоліць. Прычым з голадам фізічным мы яшчэ неяк навучыліся зжывацца, часам нават наўмысна адмаўляючыся ад ежы пры пэўных абставінах — напрыклад, у турме, калі гэта адзіны спосаб кінуць выклік сістэме. А вось з голадам метафарычным нашмат складаней, асабліва калі гаворка ідзе пра кантакт з іншым: размова, абдымкі, сэкс. Я ўжо маўчу пра такі моцны раздражняльнік, як небяспека. Варта толькі паставіць пад пытанне наша жыццё і свабоду — і вось мы ўжо ўцякаем падалей ад крыніцы трывогі, або заміраем (авось пракаціць?), або ператвараемся ў драпежніка і кусаем у адказ.

Вельмі рэдка чалавеку ўдаецца паставіць сябе вышэй за сваё прыроднае і стаць сапраўды сацыяльным, развітым, адукаваным. Культура — тое, што адрознівае гома сапіенс ад неандэартальца. У тым ліку культура паводзінаў. Уменне стрымліваць інстынкты, кантраляваць рэакцыі, выходзіць на дыялог замест вырашэння справы кулакамі.

Што праўда, апошняе па-ранейшаму застаецца папулярным. Чалавецтва прыдумала — і працягвае прыдумляць — столькі спосабаў забіць сябе, што аднойчы нейкі з іх павінен-такі стрэліць і сцерці нас з гэтай планеты. Здавалася, мы прагрэсуем: ад палкі-капалкі да штучнага інтэлекту пройдзены аграменны шлях. Але па-ранейшаму людзі забіваюць адно аднаго, свет стаіць на парозе глабальнай вайны, фармуецца цэлая «вось зла», у якой увесь «тонкі налёт культуры» даўно здзьмула вятрамі цемрашальства. Дастаткова толькі паглядзець, як, дапусцім, у Іране людзей кідаюць за краты за «няправільнае» адзенне або не так паголены твар. Ды што там Іран! Дзе вы бачылі, каб у краіне, якая пастаўляе айцішнікаў Крамянёвай даліне, саджалі ў турму за «не тыя» шкарпэткі? За «не тую» прачытаную навіну. «Не туды» пастаўлены «лайк». «Не да тых» адпраўленыя лісты.


Глядзіце таксама

У часы войнаў забываюць пра чалавечнасць. Таму да ўлады прыходзяць «крэпкія хазяйственнікі» — тыя, хто можа трымаць людзей у «яжовых рукавіцах» і даваць адпор патэнцыйнаму ворагу, асабліва не разменьваючыся на розныя там правы чалавека. Яскравы прыклад — аглушальнае вяртанне Трампа ў Белы дом. Увасабленне ўсіх «фобій», энцыклапедычны прыклад «perfect white american man», з яго патрыярхальнымі ўстаноўкамі, папуліст, якіх яшчэ трэба пашукаць — менавіта ён адпавядае цяперашняму запыту амерыканцаў, якіх, на хвіліначку, больш за трыста мільёнаў. А гэта значыць, што як мінімум сто пяцьдзясят мільёнаў чалавек у адной з самых развітых краін свету падтрымліваюць ксенафобію, расізм, гамафобію, мізагінію, гендарную няроўнасць і ігнараванне правоў чалавека, брудныя палітычныя гульні і схемы, хлусню, знявагі і культ сілы.

Што тады гаварыць пра іншыя краіны? Што тады гаварыць пра нас, беларусаў, у якіх адна частка грамадства забівае ў турмах другую? Нас, у якіх дагэтуль ледзь не палова падтрымлівае смяротнае пакаранне — рэальнае забойства чалавека ад імя дзяржавы. Нас, у каго збіралі подпісы, каб кідаць за краты геяў і лесбіек, і «зарэзалі» закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту — таму што, відаць, так падабаецца біць адно аднаго...

Тэндэнцыя, канешне, несуцяшальная. Свет коціцца ў прорву, і гэта каласальны адкат у мінулае — часам нават тое самае дагістарычнае, дзе якраз палкай-капалкай можна было і зямлю узараць, і суседа забіць. Толькі што сёння неандэртальцы апранутыя ў камуфляж і замест палак трымаюць у руках дручкі і аўтаматы. І войны па-ранейшаму пачынаюцца за тэрыторыі, карысныя выкапні і таму што гэты «не такі». Украінцы — «не такія», габрэі — «не такія», геі — «не такія».

Лібералы і дэмакраты яшчэ носяцца са словам «талерантнасць», але яно ўжо даўно ператварылася ў лаянку і так набіла аскоміну, што ад яго хочацца трымацца крыху падалей, нават тым, хто за ўсё добрае без усяго кепскага. А між тым, «талерантнасць» — гэта «цярплівасць, здольнасць трываць». Свет, у прынцыпе, ніколі не быў цярплівым, але цяпер відавочна не здольны трываць — нават сам сябе. І гэтай нянавісцю, няздольнасцю прыняць сябе і іншых патыхае з кожнага кута. У Афганістане неандэртальцы мужчынскага полу «адмяняюць» жанчын, у Чачні яны выразаюць геяў, у Нідэрландах прапалесцінскія актывісты ладзяць габрэйскія пагромы... Я ўжо маўчу пра тое, што твораць расійцы ва Украіне. 


Глядзіце таксама

Аднойчы з гэтай нянавісці вырасла такое вялікае і чорнае зло, што сабою засланіла сонца — і доўгія месяцы неба было зацягнутае дымкай смерці. З комінаў ляцеў дым — але тое быў не дым мірных дамоў, а страшнае змесціва агромністых печаў, у якіх палілі людзей. Знікла ўся радасць свету, і нішто не магло яе вярнуць — пакуль смерць не наелася дасыта і не адправілася зімаваць туды, дзе заканчваецца край святла.

Зіма, відаць, заканчваецца, белае пухнатае покрыва радасці мяшаецца з брудам, усё менш становіцца сонца, а ў паветры зноў лунае прадчуванне бяды, якая пагрукалася ўжо ў многія дамы і шукае дарогі да іншых. Што яе спыніць цяпер?