«Рускі свет» размывае беларускую ідэнтычнасць і фармуе «вось зла»
Ідэалогія «рускага свету» не падобная ні да адной з тых, што існавалі. У ёй сумяшчаюцца неспалучальныя элементы савецкай і антысавецкай ідэалогіі. Яна складаецца з пяці частак: месіянская роля Расіі, еўразійства, геапалітыка, інструменталізацыя гісторыі і культ вайны.
У Вільні ў Музеі акупацый прайшла публічная лекцыя «Беларусь vs "Рускі свет": супраціў хватцы Крамля». Мерапрыемства было арганізавана некамерцыйнай арганізацыяй «Адукацыйная ініцыятыва Vilnius».
У анонсе публічнай лекцыі адзначалася: «Расія выдаткоўвае велізарныя сродкі для прасоўвання сваіх інтарэсаў у Беларусі, адбылася сінхранізацыя дзяржаўнай прапаганды дзвюх краін, так званы "рускі свет" — гэта вялікая інфраструктура інстытутаў "мяккай сілы" і ўнутраная сетка ўплывовых прыхільнікаў у Беларусі, у значнай часткі грамадства да канца не сфармаваная нацыянальная ідэнтычнасць».
Пра ўкараненне ідэалогіі «рускага свету» ў Беларусі, пра стаўленне да гэтага беларускага грамадства і формы супраціву прысутным у лекцыйнай зале музея расказваў беларускі даследчык і гісторык Павел Церашковіч, піша «Голас Амерыкі».
Ён падкрэсліў, што месіянская ідэя, якая легла ў аснову тэорыі «рускага свету», з'явілася яшчэ ў XV стагоддзі, калі рускія князі парадніліся з візантыйскімі імператарамі. І яны разам выпрацавалі канцэпцыю Масквы як «трэцяга Рыма», прызначэнне якога заключалася ў супрацьстаянні Захаду.
Пазней з'явіліся славянафілы, а затым і «еўразійцы», якія былі перакананыя ў тым, што Расія — унікальная дзяржава, бо там нібыта магчымы сімбіёз усіх народаў, а задача расійскіх патрыётаў — інтэграваць гэтыя народы ў «адзіную і непадзельную дзяржаву».
У гэтай сувязі расійскія дзяржаўнікі, узначаленыя сучасным Крамлём, перакананыя, што Украіны і Беларусі не павінна існаваць. У прыватнасці, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі і яго найбліжэйшае асяроддзе праводзяць палітыку, накіраваную на знішчэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і на русіфікацыю ўсіх абласцей паўсядзённага жыцця, уключаючы адукацыю, культуру і рэлігію.
Удзельнікі лекцыі адзначылі, што ў самім словазлучэнні «рускі свет» ёсць два сэнсы: у шырокім гэта сучасная ідэалогія расійскай дзяржавы, і тут гэта «рашызм», «пуцінізм». А ёсць больш вузкі — палітыка падтрымкі суайчыннікаў за мяжой і палітыка «мяккай сілы».
Ідэалогія «рускага свету» не падобная ні да адной з тых, што існавалі. У яе няма агульнай назвы, бо словазлучэнне «рускі свет» з'яўляецца экспертным. У ідэалогіі няма «святых» кніг — яны адсутнічаюць, але, разам з тым, яна валодае велізарнай сілай, якая дазваляе моцна ўплываць на розумы. У ёй сумяшчаюцца неспалучальныя элементы савецкай і антысавецкай ідэалогіі. Яна складаецца з пяці частак: месіянская роля Расіі, еўразійства, геапалітыка, інструменталізацыя гісторыі і культ вайны.
«Трыадзінага народа насамрэч ніколі не існавала»
У размове з карэспандэнткай «Голасу Амерыкі» Павел Церашковіч сказаў, што для яго дзіўнай падаецца сама пастаноўка пытання: ці з'яўляюцца расійцы і беларусы адным народам? «Беларусы як нацыя, умоўна кажучы, фармаваліся ў VIII-IX стагоддзях нашай эры, і толькі 250 гадоў яны знаходзіліся ў складзе Расіі. А ўвесь астатні перыяд сваёй гісторыі яны існавалі як асобная нацыя — са сваёй ідэнтычнасцю і са сваёй мовай», — адзначыў эксперт.
І нагадаў, што на працягу тысячы трохсот гадоў беларусы былі не толькі часткай Вялікага Княства Літоўскага, але таксама Полацкага і Тураўскага княстваў.
«Пісьменнасць была на царкоўна-славянскай мове, але па меры таго, як улада Кіева аслабла, на месцы сталі пранікаць словы, якімі карысталіся жыхары. Напрыклад, дамова паміж Смаленскам і Рыгай, падпісаная ў XIV стагоддзі, захавалася на кірыліцы, але там можна заўважыць беларускую фанетыку. Таму што людзі пісалі так, як яны гаварылі. І калі мы возьмем Вялікае Княства Літоўскае, дзе гэтая мова была афіцыйнай, канцылярскай, то сюды пранікала чым далей, тым больш беларускіх слоў», – звяртае ўвагу Павел Церашковіч.
І дадае, што ў тэкстах XVII стагоддзя беларуская мова дамінуе. Спаслаўшыся на даныя незалежных даследаванняў, суразмоўца «Голасу Амерыкі» сцвярджае, што жыхарамі Беларусі ідэя інкарпаравання іх краіны ў так званы «рускі свет» не падтрымліваецца. Гэтак жа, як і ідэя правесці ў Рэспубліцы Беларусь мабілізацыю для адпраўкі вайскоўцаў на вайну супраць Украіны. Супраць гэтага, паводле яго, выказваюцца не менш за 80% грамадзян Беларусі.
А навязванне расійскай прапагандай свайго бачання гісторыі, так званай «інструменталізацыі», Церашковіч уважае за самую вялікую пагрозу для беларускай незалежнасці. «Гэта самае небяспечнае, у тым ліку і ўяўленне пра "трыадзіны народ", якога насамрэч ніколі не існавала, але гэта размывае беларускую ідэнтычнасць», — падсумоўвае гісторык.
«Міжнароднае права дае нам права на абарону народа ад тыраніі»
Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» таксама пагутарыла з кіраўніком грамадзянскага цэнтра «Беларускі вердыкт» Ігарам Рынкевічам.
У каментары ён адзначыў, што мэтай так званага «рускага свету» з'яўляецца злом існуючага і ўсталяванне новага міжнароднага парадку з дамінуючай роляй Расіі ў свеце. «Аднак пасля расійскага ўварвання ў Грузію, а затым, з 2014 года, ва Украіну кіруючы ў РФ рэжым перайшоў да новай, больш жорсткай, стадыі сваёй трансфармацыі», — дадае Рынкевіч.
Эксперт таксама лічыць, што ў цяперашняй Беларусі ўсе сферы развіцця дзяржавы і грамадства русіфікаваныя, знаходзяцца пад кантролем і фактычна акупаваныя Расіяй, і тут усталёўваецца такі ж неататалітарны лад. Беларуская эканоміка цалкам працуе на падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны. «А цяпер трэба біць у набат, папярэджваючы аб экзістэнцыяльнай небяспецы "рашызму", інакш яго метастазы паглынуць не толькі Украіну, Беларусь, але і распаўсюдзяцца па ўсім свеце, што ўжо адбываецца ў выглядзе стварэння цёмнай "восі зла" з краін расійскіх хаўруснікаў, што нясе пагрозу Трэцяй сусветнай вайны», — эмацыйна сцвярджае кіраўнік «Беларускага вердыкту».
Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Голасу Амерыкі», наколькі беларусы, якія застаюцца ў сваёй краіне, гатовыя супраціўляцца «рускаму свету», Ігар Рынкевіч перш за ўсё падкрэсліў, што пад «рускім светам» разумеецца пэўная гібрыдная ідэалогія і палітыка «мяккай сілы», якія апошнія 20 гадоў вядзе Крэмль. Але цяпер асабіста ён лічыць, што формула «рускага свету» вырадзілася ў форму сучаснага рускага фашызму, які правільней называць «рашызмам».
«Крэмль ужо адмаўляе прынцыпы дэмакратыі і міжнароднага права, тэрарыстычна распраўляецца не толькі з уласнымі дысідэнтамі, але і грамадзянамі іншых краін і кіруецца імперскім і мілітарысцкім вырашэннем міждзяржаўных спрэчак. А ў Беларусі ўсе сферы развіцця дзяржавы і грамадства знаходзяцца пад кантролем і фактычна акупаваныя Расіяй», — адзначае эксперт.
І працягвае, што Аляксандр Лукашэнка, якога ён называе «крамлёўскім стаўленікам», ідзе ўжо на сёмы з паловай прэзідэнцкі тэрмін, бо ён сабе яшчэ прыплюсаваў два гады 1994-1996. «І якую б мы сферу ні разгледзелі, усюды вельмі магутны ўдзел РФ. Хай вас не бянтэжыць адсутнасць відавочна прарасійскай палітычнай партыі, паколькі сярод чыноўнікаў і сілавікоў вельмі шмат людзей, якія альбо маюць карані з Расіі, альбо атручаныя афіцыйнай расійскай прапагандай, і, фактычна, яны з'яўляюцца праваднікамі "рашызму". А, напрыклад, "Рассупрацоўніцтва", якое мае пяць прадстаўніцтваў у Беларусі, павялічвае колькасць стыпендый, што непараўнальна нават з ЕС. У Расіі шмат вучыцца беларускіх студэнтаў. Тая ж спікерка Нацыянальнага савета рэспублікі Наталля Качанава не хавае сваіх прарасійскіх поглядаў і з'яўляецца стаўленікам (Расіі). А паколькі, паводле Канстытуцыі, менавіта яна з'яўляецца тым, хто будзе ажыццяўляць функцыі кіраўніка дзяржавы ў выпадку, калі што адбудзецца з Лукашэнкам, то яна на кантрольнай пасадзе», — прыводзіць довады кіраўнік грамадзянскага цэнтра «Беларускі вердыкт».
Асаблівую трывогу ў яго выклікае русіфікацыя адукацыі ў Беларусі, аналагаў якой не існуе ні ў адной іншай краіне свету. «Паколькі ў нас руская мова пачынаецца з дзіцячага садка, у нас няма аніводнага нацыянальнага ўніверсітэта, дзе выкладанне вядзецца на беларускай мове. Таксама мы знаходзімся ў інфармацыйным полі Расіі, тэлебачанне цалкам пад кантролем расійскіх тэлеканалаў, а мясцовыя прапагандысты дзейнічаюць у рэчышчы расійскіх імперскіх наратываў», — абураецца Рынкевіч.
Разам з тым, ён лічыць, што ў беларускай апазіцыі ёсць пэўны патэнцыял змяніць сітуацыю ў краіне пасля студзеня 2025 года, але для гэтага трэба пераадолець унутраныя спрэчкі і аб'яднаць асноўныя дэмакратычныя сілы.
«Безумоўна, тут будзе ўнутраная трансфармацыя, для гэтага трэба кансалідавацца, перагледзець многія моманты, зразумець баланс паміж мірнымі спосабамі вырашэння спрэчак і, магчыма, тое, што нам дае міжнароднае права — права на абарону народа ад тыраніі. Сілавыя аспекты павінны не замоўчвацца, а падымацца, і дэмакратычныя заходнія дзяржавы таксама павінны ўспомніць гэтыя базавыя прынцыпы. Таму што Беларусь і Расія будуюць неататалітарныя рэжымы, Паўночная Карэя ім у прыклад. Таму фармуецца "вось зла" — гэта экзістэнцыяльная небяспека для ўсяго свету», — падсумоўвае свой каментар Ігар Рынкевіч.