«Рускі свет» надыходзіць. А што з беларускасцю?

Тое, што Лукашэнка і яго «старэйшы брат» робяць з Беларуссю, сёння прынята называць «паўзучай акупацыяй». Адметна, што на «рускамірскасць» тут працуюць не толькі звонку, але і знутры.

Ілюстрацынае фота «НЧ»

Ілюстрацынае фота «НЧ»

Напярэдадні чарговага дня незалежнасці Беларусі асабліва востра ўспрымаюцца знакі, сімвалы і сігналы яе страты. Была незалежнасць Шродзінгера — ці то ёсць, ці то няма. А цяпер і зусім уся выйшла. Ці то зліліся з саюзнікам, ці то зліпліся. На вайне, на севастопальскім пляжы, у мігранцкім крызісе — варонка саўдзелу і датычнасці зацягвае і ўлады, і абывацеляў.

«Рускі свет» на маршы

Шырокую распаўсюджанасць у Беларусі прарасійскіх настрояў даследчыкі адзначаюць і аналізуюць даўно. Сегмент русіфікаваных і савецкіх (гэта значыць, якія лічаць сябе альбо рускімі, альбо якія разглядаюць беларускую нацыю як частку больш маштабнага праекта, падтрымліваюць ідэю трыадзінай нацыі) у даследаванні 2023 года перавышаў 40%.

Яшчэ 27% складалі абыякавыя — і да культурных спраў, і да пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці агулам. Дранікі, Нясвіжскі замак, Нацыянальная бібліятэка — у прынцыпе, ім дастаткова, піша Вольга Лойка на «Plan B».

«Рускі свет» надыходзіць, беларуская нацыянальная ідэнтычнасць нервова паліць у куце. Не да яе цяпер. Вось губернатар Ленвобласці разлічвае на рэабілітацыю ў беларускіх здраўніцах пацярпелых у зоне так званай СВА байцоў. Вось запрацаваў у Беларусі буйны расійскі сэрвіс арэнды кватэр «Сутачна.ру». А яшчэ рускі IT-свет надыходзіць. Але калі канкрэтны беларус агрызнецца на грамадзян, якія хадзілі па Брэсце з расійскім сцягам з літарай «Z», то яго нам пакажа ГУБАЗіК.


Глядзіце таксама

Беларускую лацінку перамаглі, цяпер прарасійскія турбапатрыёты патрабуюць «вярнуць другую дзяржаўную мову» літаральна ўсюды.

«Я рускамоўная беларуска, я хачу і мне гарантавалі свабоднае атрыманне любой (!) інфармацыі на роднай рускай мове, я не збіраюся давучваць новамову, якая ўвесь час напаўняецца польскімі словамі, мая родная і матчына мова — руская, і я хачу жыць у тым асяроддзі, у якім спакойна сябе адчувала да 2014г, пакуль не запаўзла лацінка і не выціснулі рускую з грамадскай прасторы», — піша і шырока цытуецца абураная грамадзянка.

У інфармацыйнай прасторы «рускаму свету» публічна супрацьстаіць самотны прапагандыст Тур, які, вядома, не супраць рускага, проста яму падабаецца бясіць дзеда (закрэслена) абмежаваных турбапатрыётак. Так што «калі камусьці ў Беларусі незразумелая беларуская мова — трэба падвучыць».

Народ маўчыць

Спаўзанне Беларусі ў расійскі парадак дня небяспечнае і ў перспектыве, і ў моманце. Прычым у моманце — фізічна небяспечнае. У Крыме 23 чэрвеня пры працы СПА ў паветры выбухнула ракета, загінулі чатыры чалавекі, якія адпачывалі на пляжы, больш за сотню пацярпелі. У той жа дзень у выніку тэракту ў Дагестане загінулі каля 20 чалавек.

Па другім кейсе МЗС Беларусі даў справаздачу, што беларусаў сярод загінулых у выніку тэракту няма. Па першым — маўчанне. Але псаваць турыстычны сезон саюзніку беларускія ўлады не спяшаюцца. Падумаеш, паўвостраў нашпігаваны ваеннымі аб'ектамі і іх актыўна атакуе Украіна.


Глядзіце таксама

Ці вось вадалазы выявілі неразарваны касетны боепрыпас пры абследаванні пляжаў, дзе людзі пацярпелі ў нядзелю. У рэшце рэшт, беларусаў у краіне 9 мільёнаў, а саюзнік — адзін.

Сам народ адмаўляцца ад пляжных радасцей з агеньчыкам не спяшаецца. І дзяцей адпраўляе. Як гэта магчыма? Даследаванне паказала, што сёння больш за палову беларусаў не сочаць уважліва за расійска-ўкраінскай вайной. «Прычым такая нязначная ўвага характэрная не толькі для больш нейтральных сегментаў грамадства, але і для самых ангажаваных.

Так, наогул не сочаць альбо сочаць без асаблівай увагі 31% заўзятых праціўнікаў улады і 52% заўзятых прыхільнікаў». Чытач не хоча чытаць пра сумнае. Пра вайну, выбухі, затрыманні, катаванні — лепш не ведаць. Не памятаю — значыць не было. Менш ведаеш — лепш спіш. І спакайней едзеш у адпачынак.

А потым прыйдуць па цябе

Безумоўна, кожны чалавек мае права псаваць сабе жыццё так, як лічыць патрэбным. І раптам выявіць сябе на пляжы, дзе выбухаюць снарады. А МЗС і не папярэджваў. Ці ў краіне, дзе небяспечна размаўляць на роднай мове. Гэта ГУБАЗіК прыслухаўся да турбапатрыётак.

Расійскі пашпарт быў вельмі прывабным для многіх беларусаў. Візы танныя атрымлівалі, працавалі, вучыліся, будавалі жыллё. А потым раптам — вайна, і вам позва. Здаецца, вы за гэта не галасавалі і наогул не планавалі. А каго гэта хвалюе? Размовы ў страі!

Ды і ў Беларусі дагнаць можа ў любы момант. І ў зоне рызыкі не толькі ваенныя аб'екты і заводы, якія працуюць на абаронзаказ. Страшней за ўкраінскую адплаты можа быць брацкая дапамога. А патрыёты намякаюць на ўсю моц.


Глядзіце таксама

Вось прэзідэнцкая мастачка Святлана Жыгімонт, проста не саромеючыся, піша, маўляў вельмі ёй падабаецца, калі беларусаў, «якія адстойваюць права лічыць сябе часткай рускай цывілізацыі, беларускага этнасу як часткі рускага суперэтнасу, б'юцца за захаванне рускай мовы, культуры» называюць вызначэннем «Беларускі Данбас».  Так што калі раптам раптам вас прыйдзе ратаваць армія Пуціна — не здзіўляйцеся. Значыць, метафара спрацавала.

Але што рабіць? Калі любая нелаяльнасць крыміналізаваная, варыянтаў няшмат. Але для пачатку варта хоць бы не рабіць выгляд, што вы не ў курсе, што адбываецца вакол. На якім заводзе вы працуеце. Дзе адпачываеце. Чый Крым у атласе ў вашага дзіцяці. Куды знік ваш сусед, і калега, і яшчэ тысячы беларусаў.

Выплыць з гэтага бурнага патоку складана. Але і лезці ў яго сярэдзіну не варта. Глядзіш, бліжэй да берага цішэйшая плынь. Тым больш, што відавочна: гэты паток нясецца ў прорву. Такі ўжо лёс у ці то саюзнікаў, ці то змоўшчыкаў. Агульны і страшны.