Беларусь страціла лідарства ў IT: рынак і персанал захопліваюць кампаніі з Расіі
У канкурэнцыі з вельмі шчодрымі прышэльцамі з Усходу мясцовым працадаўцам становіцца ўсё складаней «перахопліваць» спецыялістаў і студэнтаў профільных ВНУ, якія па нейкіх прычынах не з'ехалі на Захад.
Расійскія працадаўцы канчаткова абагналі ўсіх на рынку працы Беларусі па попыце на IT-спецыялістаў. І мясцовы прыватны бізнес, і дзяржсектар, які раней актыўна інвеставаў у лічбавую эканоміку, піша Іван Карповіч у Plan.B.
Прыбытак — у кадры
Як падлічыў Plan B., толькі ў сістэме найбуйнейшага еўразійскага інтэрнэт-рекруцёра HeadHunter расійскія IT-кампаніі размясцілі звыш 500 вакансій для беларусаў. Ім прапануюць працу як у даччыных офісах у Мінску, Гомелі, Брэсце, Полацку і інш., так і рэлакацыю ў расійскія гарады.
У лідара па вакансіях — групы кампаній «Астан» — ёсць жаданне падпісаць кантракты са 110 спецыялістамі. Разгортваецца IT-падраздзяленне T-Банка (былога «Тинькоффа»), які нядаўна выкупіў для мінскага офіса ледзь не палову будынка ля Белдзяржцырка. Цяпер яму патрэбныя больш за 60 праграмістаў.
Звыш 20 чалавек шукае вядомая кампанія Bell Integrator, якая з'яўляецца часткай ГК Softline. Прыкладна па 15 вакансій для Беларусі ёсць у «Яндэкса» і «Першага біта». З дзясятак чалавек гатовая падпісаць ГК Т1.
І гэта — толькі лідары расійскага IT-сектара, які стаў галоўным бенефіцыярам ад сыходу заходняга бізнесу. Па выручцы і па прыбытку. Частка апошняга ён у выглядзе часцяком нават больш вялікіх, чым на Захадзе, заробкаў, інвестуе ў кадры.
Таму што ўпэўнены — заходнікі на рынак не вернуцца, а рост на ім будзе працягвацца.
Перайсці на расійскі аўтсорс
У маштабах, больш-менш супастаўных і па вакансіях і па заробках з расійцамі, ханцяць у Беларусі ўсяго дзве прыватныя структуры — Anderson і Itransition. І, хутчэй за ўсё, хутка перастануць.
Заробкі ад расійцаў дакладна не параўнальныя з тымі, якія могуць дазволіць плаціць спецыялістам з высокімі кампетэнцыямі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі. Хоць IT-супрацоўнікі ім востра неабходныя.
І чым далей, тым больш. Толькі па даных Рэспубліканскага банка вакансій і толькі па праграмістах у бягучым моманце попыт дасягае 410 чалавек.
Каля 15 вакансій на rabota.by адкрыў Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. Больш за 10 спецыялістаў не хапае інфармацыйна-выдавецкаму цэнтру Міністэрства па падатках і зборах і Цэнтру банкаўскіх тэхналогій. Апошні, напрыклад, знаходзіцца ў пошуку інжынера па якасці, які мог бы ацаніць яго новы прадукт — беларускі лічбавы рубель.
Беларусь, якая некалі прэтэндавала на статус адной з галоўных лічбавых дзяржаў свету, ужо ўвайшла ў тройку найбуйнейшых імпарцёраў расійскага праграмнага забеспячэння. Усё выглядае так, што на фоне нарастаючага кадравага дэфіцыту заказы і кантракты будуць аддавацца на аўтсорс расійскім падрадчыкам і пастаўшчыкам.
У некалькіх сферах (кібербяспека, аперацыёнка для дзяржарганізацый) расійцы ўжо змаглі досыць лёгка і хутка стаць амаль манапалістамі.