«Карэктуючае згвалтаванне»: Як карная медыцына спрабавала «вылечыць» гомасэксуальнасць
Беларусь цяпер жыве ў двух паралельных рэальнасцях. У першай з іх ужо больш за 20 гадоў таму гомасэксуальнасць і трансгендарнасць не лічацца хваробамі: яны былі выключаныя ўжо з 10-й рэдакцыі Міжнароднай класіфікацыі хвароб (МКБ), якая выйшла ў 1990 годзе. Беларусь і Расея перайшлі на яе толькі з 2003-2004 года.
У другой жа рэальнасці Лукашэнка заяўляе адкрыта: «Дзяўчынак я, як прэзідэнт, дарую. Бяру на сябе гэтую віну і на вас, на мужыкоў. Значыць, мы дзесьці не даглядзелі, не дапрацавалі ў чымсьці... Што тычыцца геяў, то гэта вычварэнцы, мярзота апошняя».
У студзені 2022 года СААЗ была рэкамендаваная 11-я рэдакцыя МКБ, дзе таксама ў хваробах няма гомасэксуальнасці і трансгендарнасці. Але Расія прыпыніла ўкараненне новай класіфікацыі з-за «супярэчнасці традыцыйным маральным і духоўна-маральным каштоўнасцям». Па сутнасці, гаворка ідзе толькі пра адзін пункт: з псіхічных разладаў былі выдаленыя засмучэнні гендарнай адпаведнасці, бо няма падставаў лічыць іх псіхічнымі.
З нагоды падыходзячага да завяршэння месяца гонару ЛГБТК+ медычны тэлеграм-канал «Белыя халаты» падрыхтаваў матэрыял пра тое, як прымусова «лячылі» гомасэксуальных людзей, калі гомасэксуальнасць лічылася хваробай. І нават хочуць лячыць дагэтуль, напрыклад у Расіі.
А як вядома, многія аўтарытарныя практыкі Беларусь ахвотна пераймае сабе.
Канверсійная тэрапія
Такім чынам, канверсійная тэрапія, таксама вядомая як рэпаратыўная тэрапія або спробы змены сэксуальнай арыентацыі, ахоплівае метады, якія здольныя змяніць гомасэксуальную арыентацыю чалавека на гетэрасексуальную. Гэтыя метады ўключаюць хірургічныя ўмяшанні, такія як выдаленне маткі, яечнікаў, клітара, вазектамія, кастрацыя і лабатамія; выкарыстанне гарманальных прэпаратаў ці антыпсіхотыкаў; псіхааналіз, гіпноз, электрашокавая тэрапія, фізічны гвалт, пазбаўленне ежы, ізаляцыя і нават так званае «карэктуючае згвалтаванне».
У 2020 годзе эксперт ААН па пытаннях сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці Віктар Мадрыгал-Борлас заклікаў да глабальнай забароны канверсійнай тэрапіі.
У постсавецкіх краінах афіцыйная псіхіятрыя не прызнае і не прапануе такога роду «лячэнне». Аднак, паводле досведу ЛГБТ-актывістаў, у гэтых рэгіёнах існуюць прыватныя рэабілітацыйныя цэнтры, куды людзей адпраўляюць пад ціскам блізкіх ці нават сілком, каб «выправіць» іх сэксуальную арыентацыю. Пры гэтым часцяком паслугі прадастаўляюцца таемна, пра іх не пішуць у адкрытым доступе ў Інтэрнэце.
Некаторыя псіхіятры і сэксолагі працягваюць прапаноўваць паслугі, аналагічныя канверсійнай тэрапіі, пад маскіравальнымі найменнямі, як «пераадоленне гомасэксуалізму» або «псіхатэрапія гомасэксуалізму і трансгендарнасці». Лекары, якія прытрымліваюцца прынцыпаў доказнай медыцыны, настойваюць на небяспецы такіх метадаў, бо тыя могуць прывесці да ўзмацнення гендарнай дысфарыі, траўматызацыі і дэпрэсіі.
У пацярпелых ад такога «лячэння» можа развіцца посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне (ПТСР), комплекснае посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне (КПТСР), дэпрэсія і суіцыдальныя думкі.
Exodus, што не стаў выйсцем
Звярнуўшыся да першакрыніц, мы можам успомніць, што Зігмунд Фрэйд, заснавальнік псіхааналізу, сцвярджаў, што гомасэксуальнасць не з'яўляецца хваробай. Разам з тым, у першай палове XX стагоддзя некаторыя вядомыя псіхааналітыкі таго часу, такія як Эдмунд Берглер і Шандор Радо, сцвярджалі, што гетэрасексуальнасць з'яўляецца адзінай нормай, а прычыны гомасэксуальнасці заключаюцца ў негатыўным уздзеянні бацькоў на развіццё дзіцяці. Іх тэорыі атрымалі шырокае распаўсюджванне, і ў 1948 годзе гомасэксуальнасць была ўнесена ў Міжнародную класіфікацыю хвароб, што прывяло да росквіту практык канверсійнай тэрапіі.
1970-я гады ў ЗША адзначыліся павелічэннем уплыву рэлігійных фундаменталісцкіх рухаў. У гэты час паўстала мноства хрысціянскіх арганізацый, накіраваных на «лячэнне» гомасэксуалаў, сярод якіх варта адзначыць самую вядомую арганізацыю таго часу Exodus International, заснаваную ў 1976 годзе.
Арганізацыя актыўна дзейнічала ў 17 краінах, прапаноўваючы «лячэнне» праз малітвы, чытанне Бібліі, а таксама індывідуальную і групавую псіхатэрапію. Яшчэ больш падрабязнае апусканне ў свет канверсійнай тэрапіі — кніга «Сцёрты хлопчык» Гарарда Конлі. Ён нарадзіўся ў кансерватыўнай баптысцкай сям'і і некалькі гадоў «лячыўся» ад гомасэксуальнасці ў гэтай арганізацыі. Аднак «лячэнне» не складала ўсё жыццё Конлі: паралельна ён вучыўся ва ўніверсітэце літаратурнаму майстэрству і ў выніку адважыўся апісаць свой вопыт у аўтабіяграфічным рамане.
З часам заснавальнікі Exodus International, Майкл Бюсэ і Гэры Купер, пакінулі арганізацыю, каб жыць разам як пара. У 2012 годзе прэзідэнт арганізацыі Алан Чамберс прызнаў, што «лячэнне» аказалася неэфектыўным для 99,9% удзельнікаў.
20 чэрвеня ў начным ток-шоу «Наша Амерыка з Лайзай Лінг» Чамберс публічна папрасіў прабачэння ў ЛГБТ-супольнасці за шкоду, нанесеную супольнасці рухам экс-геяў. Гэтыя словы працягваюць яго пісьмовае прабачэнне, распаўсюджанае праз афіцыйны сайт арганізацыі «за тую шкоду, якую ён прычыніў ЛГБТ і іх сем'ям сваім імкненнем навязаць усім вобраз Бога як суперніка геяў і лесбіянак».
У 2013 годзе Exodus International спыніла сваё існаванне.
Аднак падобныя групы існуюць і цяпер, і не толькі ў ЗША. Напрыклад, паводле апытання ЛГБТ-персон у Вялікабрытаніі за 2019 год, часцей за ўсё канверсійную тэрапію ў тым ці іншым выглядзе ажыццяўляла рэлігійная арганізацыя (51%), другі па частаце адказ — медыцынскія работнікі (19%), а затым — члены сям'і (16%). Пры гэтым у 2020 годзе больш за 370 рэлігійных лідараў з розных краін свету заклікалі забараніць «выпраўленне» гомасэксуалаў.
СССР не адставаў
У СССР таксама праводзіліся практыкі канверсійнай тэрапіі. У канцы 1950-х гадоў псіхіятры Лізавета Дзеравінская і Абрам Свядашч даследавалі 96 жанчын-зняволеных, большасць з якіх былі ў Карагандзінскім папраўча-працоўным лагеры. Яны ўжылі курс канверсійнай тэрапіі да дзевяці «пацыентак», выкарыстоўваючы седатыўны сродак аміназін, які прыдушваў лібіда. Аднак пасля спынення прыёму прэпарата сэксуальная цяга ў жанчын вярталася і не змяняла сваёй арыентацыі.
За апошнія 60 гадоў заслужаны ўрач Расіі Ян Голанд, як сказана на яго сайце, лячыў (і хутчэй за ўсё «лечыць» да гэтага часу) гомасэксуальнасць, сцвярджаючы, што «вылечыў» 78 чалавек. Ён выкарыстоўвае метады аўтатрэнінгу, кіраванне снамі, эратычныя фільмы і танцавальную тэрапію для «абуджэння гетэрасексуальных эмоцый». Голанд працягвае працаваць і лечыць «усіх, ад неўротыкаў да транссэксуалаў».
Таксама ёсць даследаванне, у якім прынялі ўдзел 245 негетэрасексуальных людзей. У падлеткавым узросце бацькі прымусілі іх да канверсійнай тэрапіі. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэты вопыт быў асацыяваны з дэпрэсіяй, спробамі суіцыду, меншым узроўнем адукацыі і даходу.
У канадскай працы 2020 года аўтары высветлілі, што ў 97% выпадкаў канверсійная тэрапія не прыводзіла да змены арыентацыі. Пры гэтым было выяўлена, што яна звязаная з негатыўнымі наступствамі для здароўя, уключаючы нянавісць да сябе, дэпрэсію, суіцыдальныя думкі і спробы самагубства, ужыванне наркотыкаў.
У іншым даследаванні аўтары апыталі 1156 мужчын-геяў, старэйшых за 40 гадоў і аказалася, што 15% маюць вопыт канверсійнай тэрапіі. Людзі, якія падвяргаліся такому «лячэнню», часцей пакутавалі ад дэпрэсіі і ПТСР, чым астатнія ўдзельнікі.
Першая краіна, якая забараніла канверсійную тэрапію на заканадаўчым узроўні — Бразілія, неабходны пакет дакументаў быў прыняты яшчэ ў 1999 годзе. На сёння такія практыкі з'яўляюцца незаконнымі ў 15 краінах, сярод якіх Тайвань, Аргенціна, Уругвай, Мальта, Германія, Францыя, Грэцыя, Канада, Індыя. Дзесьці канверсійная тэрапія забароненая толькі для непаўналетніх, дзесьці для ўсіх, як на Мальце і ў Францыі. У некаторых краінах ёсць крымінальная адказнасць за такую практыку ў дачыненні да непаўналетніх — гэта Тайвань, Эквадор і Мальта.
У 2023 годзе ў Расіі Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству аховы здароўя стварыць псіхіятрычны інстытут па даследаванні паводзін ЛГБТ-людзей: верагодна, для вывучэння магчымасцяў канверсійнай тэрапіі. Асноўная мэта такой тэрапіі — змяніць сэксуальную арыентацыю.
У сакавіку 2018 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае канверсійную тэрапію, і заклікаў дзяржавы ЕС забараніць яе. У Беларусі няма законаў, якія рэгулююць практыкі канверсійнай тэрапіі: ні забаронных, ні тых, што абазначаюць крытэрыі «лячэння».
Паўторымся, навуковых доказаў эфектыўнасці канверсійнай тэрапіі, мэтай якой з'яўляецца змяненне сэксуальнай арыентацыі чалавека, не існуе. Гэтая практыка крытыкуецца за адсутнасць медыцынскай мэтазгоднасці і патэнцыйную шкоду для псіхічнага здароўя.