«Дзіўнае вяселле». Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Дзевяноста пяць гадоў таму — 4 ліпеня 1928 года — у віленскай газеце «Сцяг Працы», якую выдавалі беларускія левыя, было надрукавана апавяданне «Дзіўнае вяселле» пад псеўданімам П. Асака. Пад гэтым псеўданімам друкаваўся больш вядомы Пётра Мятла (1890–1936), які меў яшчэ адзін псеўданім — П.Чабор. У кароткім аповедзе беларускі аўтар уявіў, «як мужчына з мужчынам жэніцца», а ўрэшце, і дзіцё заводзяць.

dziunae_vjaselle.jpg

Так пісьменнік высмейваў паланафільскіх беларусаў-перакіньчыкаў, напалохаўшы тагачасную Вільню першым гей-шлюбам, — няхай усяго толькі ў творы, і няхай назваўшы яго ўсяго толькі «дзіўным вяселлем».

Калі сучасныя беларусы ўявіць сабе не могуць гей-­шлюб, то нашы папярэднікі дапускалі, уяўлялі ўсякае і смела кідаліся вобразамі. Вядома, ужыты пісьменнікам трук абазвалі б сёння, няма сумневу, гамафобскім, як і саму насмешку, схаваную ў аповедзе. Мятла выкарыстоўвае «дзіўнае вяселле» паміж Франукам і Тодарам як насмешку з палітычных апанентаў, як схаваную абразу ў бок пэўнай беспрынцыповай часткі беларусаў, якія шукаюць кампрамісу і за грошы могуць нахвальваць як бальшавікоў, так і палякаў. Пры гэтым пісьменнік проста і так слушна падае тагачасную атмасферу польскіх цэнзуры і дэспатызму, у якой жылі беларусы, што з’ява шлюбу Тодара з Франукам падавалася ўсім зусім не дзівам.

mjatla.jpg

Пётра Мятла

Канечне, Пётра Мятла не з’яўляецца першым беларускім дзеячам, які загаварыў пра гей-шлюб, і тым больш пачаў змагацца за яго, але ён з тых, хто не пабаяўся фантазаваць і артыкуляваць калектыўныя страхі. Да сёння гэтая тэма застаецца табу, страхам, абразай і выкарыстоўваецца — як апазіцыяй, так і ўладамі, — каб абяззброіць і маргіналізаваць апанентаў, і робіцца гэта часта не так далікатна, з гумарам і да месца, як дзевяноста гадоў таму.

Цяпер жа, у ХХІ стагоддзі, калі мужчына з мужчынам жэняцца ўсур’ёз, тэкст «Дзівоснае каханне» губляе негатыўны налёт, мы вяртаемся да артыкулявання фантазіі, жадання ці, папросту, практыкі, якая сталася і становіцца завядзёнкай. Такія тэксты сведчаць пра актуальнасць гендарнага падыходу, з’яўляюцца багатым мясцовым гендарным матэрыялам і здымаюць абвінавачанні ў выключна заходнім паходжанні гендару. Беларуская гісторыя і літаратура багатыя на тэксты, гісторыі, факты, якія кладуцца ў аснову мясцовай гендарнай гісторыі. І цікавая постаць пісьменніка Пётры Мятлы — яшчэ адзін доказ таму.

Апрача гэтага аповеду, ён пакінуў пад псеўданімам П. Чабор, часткова ў друку, часткова ў рукапісе, свае лірычныя, мудрагелістыя і эстэцкія аповеды «Замошская рэспубліка», «Купалле», «Жыць!», «Кірмаш», «Страх». Рукапіс аповедаў захоўвацца ў віленскай бібліятэцы Урублеўскіх і моўчкі напрошваецца разам з астатняй раскіданай у газетах літаратурнай спадчынай на друк. Як публіцыст і пісьменнік, Мятла быў вядомы ў Вільні 1920-х гадоў, але яшчэ больш вядомы ён быў як актыўны дзеяч палітычнай левіцы (сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады). Шмат друкаваўся ў газеце БСРГ «Сцяг Працы», якая з-за цэнзуры за два гады 15 разоў мяняла назву. Распаўсюджваў і перакладаў марксісцкую літаратуру.

Такім парадкам, літаратурная і сацыяльная спадчына забытых, невядомых ці малавядомых аўтараў Беларусі застаецца неацэненым скарбам, часцяком дасюль не апублікаваным, схаваным у архівах ці бібліятэках, куды ўсё радзей ходзяць беларусы… А тэксты тыя — не проста літаратурны і моўны кур’ёз, часцяком гэта годныя і дыхтоўныя зборнікі прозы і публіцыстыкі, якія так і не былі надрукаваныя па той прычыне, што ў беларусаў папросту аднялі памяць і мову. Да такіх малавядомых аўтараў, публіцыстаў і пісьменнікаў якраз і належаў цкаваны і арыштаваны палякамі, а потым вынішчаны Саветамі Пётра Мятла.