Дзесяць запаветаў генацыду
30 гадоў таму у Руандзе падчас генацыду былі знішчаныя каля мільёна чалавек, якія належалі да народнасці тутсі. Расказваем пра тыя трагічныя падзеі.
Ліпень — адметны месяц для Руанды. Адметны, важны і цяжкі. Здабытая незалежнасць, якую святкуюць у самай сярэдзіне лета, для гэтай краіны назаўсёды афарбаваная ў колеры крыві, прыгнёту, забойстваў, здрады.
Пад словам «незалежнасць» у кожнага народа маецца свая гісторыя, і іх нават больш, чым існуе на сёння народаў на гэтай планеце. Яны розныя і падобныя, часцей за ўсё сумныя, але бывае, што і з добрым фіналам. Што аб'ядноўвае іх — дык гэта тое, што ў корані сваім, у самай завязцы падзей ляжыць слова «залежны». Кожная такая гісторыя пачынаецца з таго, што адзін народ, адна дзяржава заняволіла іншую.
Людзям Афрыкі з гэтым не пашанцавала, мабыць, больш за ўсіх — калі можна, канешне, выкарыстоўваць такія словы. Каланізатарская палітыка там праводзілася стагоддзямі і працягваецца дагэтуль (толькі ўжо ў прыхаваным выглядзе). Кантынент багаты на рознага кшталту каштоўнасці, але галоўная яго каштоўнасць — людзі — жывуць у галечы, выкарыстоўваюцца як бясплатная рабочая сіла, пастаянна прыніжаюцца і зведваюць гвалт.
Да прыходу еўрапейцаў Руанда была заможнай дзяржавай і даволі закрытай. Пасля падзелу Афрыкі паміж імперыямі краіна доўгі час знаходзілася пад кантролем Германіі, якая ўстанавіла на тэрыторыі калоніі свае парадкі і ўсяляк спрыяла ўладзе народнасці тутсі, бо лічыла іх больш высокай і развітай расай, чым хуту. Параза Германіі ў Першай сусветнай вайне зрабіла магчымай перадачу кантролю над Руандай Бельгіі, якая першым часам прытрымлівалася ўстаноўленых германцамі парадкаў, потым зрабіла кіраванне калоніяй больш жорсткім, а пасля Другой сусветнай вайны пачала рыхтаваць краіну да дэкаланізацыі, уводзячы дэмакратычныя інстытуты.
З часам больш вострымі станавіліся адносіны не толькі паміж калоніяй і метраполіяй, але і паміж рознымі этнасамі. Хуту, якія гадамі знаходзіліся пад уладай тутсі, выношвалі планы дзяржаўнага перавароту, што ў рэшце рэшт аформілася ў добра падтрыхтаваны генацыд.
На забойствы нацкоўвалі ўмела — выкарыстоўваючы радыё і газеты. Прапаганда ведала сваю справу, асабліва не падбірала словы і адкрыта заклікала да расправы. Людзей народнасці тутсі называлі «тараканамі», і гэтая мянушка паступова прывучала хуту да абязлічвання, расчалавечвання, сцірання асоб іх суседзяў, сяброў, блізкіх, чыё імёны зачытваліся ў жывым эфіры. Зброя — пераважна, халодная, — выдавалася ў памерах, што шматкроць пераўзыходзілі неабходныя для працы і самаабароны, і менавіта мачэтэ стала асноўным інструментам выразання, вынішчэння тутсі.
«Зямля тысячы пагоркаў», як называлі Руанду, ператварылася ў «зямлю соцень тысяч магіл».
Ці магчыма было пазбегнуць гуманітарнай катастрофы, якая забрала з сабою жыцці больш за мільён чалавек? Сярод навукоўцаў, якія вывучалі пытанне міжэтнічнага канфлікту ў Руандзе і на памежных тэрыторыях, існуе меркаванне, што не — так ці інакш, супрацьстаянне мусіла скончыцца крывёй, бо да яго ўмела падводзілі людзі з улады, тыя, хто мелі грошы і ўплыў, тыя, хто спансаваў прапаганду. Генацыд спланавалі вельмі ўдала, прафесійна спрацаваўшы на самых нізкіх, амаль жывёльных інстынктах хуту. Перш за ўсё — на стадным інстынкце, адчуванні бяспекі і сэксуальным жаданні. Акрамя пастаянных адкрытых заклікаў да «знішчэння тараканаў», былі распрацаваныя так званыя «Дзесяць запаветаў хуту», якія мусіў выконваць кожны, хто належаў да гэтай народнасці, калі не хацеў займець статус здрадніка і быць публічна забітым. Выглядалі яны наступным чынам:
1. Хуту павінны ведаць, што жанчына-тутсі, кім бы яна ні з'яўлялася, служыць інтарэсам сваёй этнічнай групы. Таму здраднікам з'яўляецца любы хуту, хто робіць наступнае:
- бярэ шлюб з тутсі
- заводзіць палюбоўніцу-тутсі
- наймае жанчыну-тутсі ў сакратаркі або на іншую працу
2. Усе хуту павінны ведаць, што дочкі нашага народа значна больш добрасумленныя і вартыя ў ролі жанчыны, жонкі і маці. Хіба яны не больш прыгожыя, больш шчырыя і не з'яўляюцца лепшымі сакратаркамі?
3. Жанчыны хуту, будзьце пільныя і прыводзьце ў пачуццё сваіх мужоў, сыноў і братоў.
4. Усе хуту павінны ведаць, што ўсе тутсі несумленныя ў бізнэсе. Іх адзіная мэта — нацыянальная перавага.
Таму здраднікам з'яўляецца любы хуту, які робіць наступнае:
- мае кампаньёна-тутсі ў бізнэсе
- укладвае свае або дзяржаўныя грошы ў кампанію, якой валодаюць тутсі
- дае або які бярэ пазыкі ў тутсі
- дае тутсі прывілеі ў бізнэсе (выдача ліцэнзіі на экспарт, банкаўскага крэдыту, прадастаўленне ўчастка для будаўніцтва, прапанова на ўдзел у тэндары і г. д.)
5. Стратэгічныя палітычныя, эканамічныя, вайсковыя пазіцыі, а таксама пазіцыі ў структурах бяспекі павінны быць замацаваны за хуту.
6. Хуту павінны складаць большасць у сферы адукацыі — як сярод вучняў, так і сярод выкладчыкаў.
7. Узброеныя сілы Руанды павінны складацца выключна з хуту. Гэты ўрок далі нам ваенныя дзеянні ў 1990 годзе. Ні адзін вайсковец не можа ажаніцца з тутсі.
8. Хуту павінны перастаць шкадаваць тутсі.
9. Усе хуту, хто б яны ні былі, павінны быць аб'яднанымі, залежаць адно ад аднаго і клапаціцца пра лёс сваіх братоў-хуту.
- хуту ў Руандзе і па-за яе межамі павінны пастаянна шукаць сяброў і саюзнікаў па справе хуту, пачынаючы са сваіх братоў-банту
- яны павінны пастаянна супрацьстаяць прапагандзе тутсі
- хуту павінны быць моцнымі і пільнымі перад тварам сваіх ворагаў-тутсі
10. Сацыяльная рэвалюцыя 1959 года, рэферэндум 1961 года і ідэалогія хуту павінны вывучацца ўсімі хуту на ўсіх узроўнях.
Кожны хуту, які ўдзельнічае ў пераследзе сваіх братоў-хуту — здраднік для братоў, якія чыталі, распаўсюджвалі і вывучалі гэтую ідэалогію.
Гэтыя «запаветы» былі апублікаваныя ў газеце «Кангура» і, фактычна, афіцыйна аб'явілі тутсі ворагамі. Маніфест нянавісці ў значнай ступені паспрыяў таму, што тысячы і тысячы «не такіх» людзей былі выразаныя проста за тое, што яны нарадзіліся і жылі побач.
Сацыяльны канфлікт, грамадзянская вайна былі непазбежнымі, але ўсё яшчэ можна было пазбегнуць генацыду — дастаткова было толькі еўрапейскім чыноўнікам, якія, падаецца, ва ўсе часы адны і тыя ж, не хаваць галаву ў пясок, прыслухацца да паведамленняў сваіх спецслужб і ўмяшацца ў падзеі ў Руандзе.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну толькі лянівы не сказаў, што ААН садзьмулася і больш не працуе. Але бяда ў тым, што гэтак жа сама арганізацыя, закліканая захоўваць мір на зямлі, бяздзейнічала і падчас крывавых падзей 1994 года. Тагачасны генсек ААН Кофі Анан, якога неаднаразова прасілі ўвесці міратворцаў і пакласці канец разні, усяляк устрымліваўся ад «умяшання ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы». ААН не дапамагла людзям, не ўратавала сотні тысяч бязвінна забітых жыццяў.
Спрэчнай аказалася роля і асобных дзяржаў — у прыватнасці, Францыі, якая, ведаючы пра тое, што насамрэч адбываецца ў Руандзе, падтрымлівала ўладу хуту і нават трэніравала іх салдат. Адзіным міратворчым актам быў вываз замежных супрацоўнікаў з тэрыторыі былой бельгійскай калоніі. За машынамі да самай мяжы ішлі тутсі, але ім не дазволілі ўратавацца.
Бяздзейнічалі і ЗША, якія баяліся паўтарэння правальнай міратворчай місіі ў Самалі. Для тагачаснага прэзідэнта Амерыкі Біла Клінтана генацыд у Руандзе стаў адным з самых вялікіх правалаў у палітыцы.
А што бельгійцы? Ці паспрыялі яны ўратаванню жыццяў мірных людзей на тэрыторыі сваёй былой калоніі? Адказ, на жаль, будзе адмоўным.
6 красавіка 1994 года ў выніку спланавай аперацыі, якую, верагодней за ўсё, здзейсніла вайсковае кіраўніцтва хуту, былі забітыя прэзідэнты Руанды і Бурундзі. Паводле закону, улада ў краіне павінна была перайсці да прэм'ер-міністаркі, якую ў той жа вечар сталі ахоўваць дзесяць бельгійскіх салдат. Усе яны, уключна з сям'ёй прэм'ер-міністаркі і самой чыноўніцай, былі жорстка забітыя. Праз тыдзень Бельгія вывела з краіны большую частку свайго вайсковага кантынгенту, які мог бы калі не сцішыць канфлікт, то хаця б уратаваць людзей.
А ратаваць было ад чаго. Не толькі ад фізічнага знішчэння, але і ад катаванняў і згвалтаванняў таксама, якія сталі такім жа інструментам генацыду, як і забойствы. Жанчын-тутсі бралі ў палон і падвяргалі сістэматычнаму згвалтаванню — масаваму і па некалькі разоў на дзень, а ў перапынках паміж актамі сэксуальнага гвалту адпраўлялі на цяжкія работы на зямлі. Сачылі за імі таксама жанчыны — толькі хуту, якія вельмі старанна выконвалі «запавет» не шкадаваць сваіх «ворагаў».
Іх нявечылі, залівалі ва ўлонні кіпень ці кіслату, заражалі СНІДам, гвалцілі завостранымі палкамі і білі па ўлоннях мачэтэ. Мужчынам-тутсі адразалі чэлесы і хваліліся імі як трафеямі.
Забівалі хутка і асабліва не вагаючыся. Падлічана, што людзі знішчаліся з хуткасцю, якая ў пяць разоў перавышала хуткасць забойства габрэяў нацыстамі падчас Халакосту. Агулам, паводле розных падлікаў, было вынішчана ад 500 тысяч да 1,2 мільёна тутсі.
Па падзеях у Руандзе дзясяткі гадоў праходзілі суды, на якіх абвінавачанымі былі каля 120 тысяч чалавек: каля 24 тысяч з іх былі прысуджаныя да смяротнага пакарання, блізу 40 тысяч атрымалі пажыццёвае зняволенне і прыкладна 25 тысяч чалавек былі апраўданыя.
Нягледзячы на гэта, дагэтуль знаходзяцца тыя, хто адмаўляе генацыд тутсі і выступае за перагляд падзей на карысць хуту. «Ідэалогія генацыду», распрацаваная руандзійскімі прапагандыстамі ў дзевяностыя, па-ранейшаму жыве, але ўжо не мае такога масавага характару і, будзем спадзявацца, больш ніколі не прывядзе да такіх жахлівых падзей, якія перажыла Руанда, калі была раз'яднаная.