ПА АБСЕ прызнала дзеянні Расіі генацыдам украінскага народа
Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала дзеянні Расіі генацыдам украінскага народа. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Вярхоўнай рады Украіны са спасылкай на чальца парламенцкай дэлегацыі Паўла Фралова, піша «Люстэрка».
У дзень адкрыцця летняй сесіі ў Бухарэсце Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала дзеянні ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі і яе ўзброеных сіл падчас поўнамаштабнага ўварвання генацыдам украінскага народа. Пра гэта паведаміў сябра парламенцкай дэлегацыі Павел Фралоў.
Фралоў адзначыў, што рэзалюцыя вызначае дэкаланізацыю РФ «неабходнай перадумовай для ўстанаўлення трывалага міру». А таксама заклікае 53 краіны-ўдзельніцы АБСЕ прыкладаць намаганні для дэакупацыі Крыма і ўсіх акупаваных тэрыторый Украіны шляхам падтрымкі Формулы міру і Крымскай платформы.
«Рэзалюцыя, у прыватнасці, заклікае стварыць Спецтрыбунал для прыцягнення да адказнасці РФ за злачынствы, учыненыя падчас агрэсіўнай вайны супраць Украіны, правесці на міжнародным і нацыянальным узроўнях расследаванне масавых зверстваў, забойстваў, згвалтаванняў», — гаворыцца ў паведамленні.
Сесія ПА АБСЕ працягнецца па 3 ліпеня.
Нагадаем, раней прэс-сакратар румынскага МЗС Раду Філіп заявіў, што дэлегацыі Беларусі і Расіі не змогуць узяць удзел у сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (ПА АБСЕ). З ягоных слоў, пастанова заснаваная на «вядомай і паслядоўнай пазіцыі Румыніі ў дачыненні да РФ у кантэксце агрэсіўнай вайны супраць Украіны, якая працягваецца».
Кіраўнік румынскай дэлегацыі на 31-й сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) Дан Барна звярнуўся да Беларусі з заклікам перастаць дапамагаць Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны, нагадвае «Позірк».
Тое, што Бухарэст не дазволіў удзелу ні расійскай, ні беларускай дэлегацый, абурыла беларускія ўлады. «Дадзенае рашэнне прынята насуперак усім базавым абавязацельствам і прынцыпам АБСЕ. Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці ПА АБСЕ. У 2017 годзе наша краіна паспяхова правяла 26-ю штогадовую сесію ПА АБСЕ, якая стала самай прадстаўнічай у гісторыі Асамблеі. Пры гэтым былі забяспечаны максімальна спрыяльныя ўмовы для працы замежных парламентарыяў, якія прадстаўляюць 55 дзяржаў-членаў», — так на гэтае рашэнне адрэагавалі беларускія парламентарыі.
Міністэрства замежных спраў Беларусі раскрытыкавала гэтае рашэнне. Беларуская дэлегацыя заявіла, што Мінск “не прызнае рашэнні, якія могуць быць прынятыя падчас сесіі ў дачыненні да Беларусі”.