Міжнародны суд: яшчэ адна пустая структура
Сёньня ў Гаазе, у сьценах Міжнароднага суду, які
зьяўляецца адным з ворганаў ААН, распачалося слуханьне па пазове Паўднёвай
Афрыкі супраць Ізраілю. Першыя абвінавачваюць другіх у генацыдзе. Вынесем абсурднасьць
у дужкі і разгледзім саму сутнасьць гэтага Міжнароднага суду. Што гэта такое?
Напачатку ўдакладнім, што прэтэнзіі паўднёваафрыканцаў да ізраільцянаў сягаюць у адносна ўжо далёкую мінуўшчыну, калі іх марксісцкі лідэр Нэльсан Мандэла ўва ўсю сябраваў з палестынскім тэрарыстам Ясірам Арафатам. Зрэшты, гістарычна камуністы падтрымліваюць арабаў, каб зрабіць хоць нешта ўпоперак заходнім дэмакратыям.
Міжнародны суд
Зьмешчаны ў Гаазе, Міжнародны суд Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў зьяўляецца ўрачыстым сьведчаньнем нязьменнага імкненьня чалавецтва да справядлівасьці і парадку. Заснаваная ў 1945 годзе пасьля Другой сусьветнай вайны, гэтая шаноўная ўстанова была задуманая як галоўны судовы ворган Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Ягоны высокі мандат — разглядаць спрэчкі паміж дзяржавамі і даваць кансультатыўныя заключэньні па прававых пытаньнях, перададзеных яму ўпаўнаважанымі ворганамі ААН.
Наш час паставіў сур’ёзныя пытаньні аб ролі і эфэктыўнасьці такіх інстытутаў, як Міжнародны суд. Больш за тое, зьяўленьне міжнародных трыбуналаў і судоў, такіх як Міжнародны крымінальны суд і розных спецыяльных трыбуналаў, яшчэ больш ускладніла сытуацыю. Гэтыя інстытуты, хаця і дапаўняюць адзін аднаго ў некаторых аспэктах, таксама і канкуруюць з Міжнародным судом у сфэры міжнароднага судаводзтва.
Першапачаткова суд задумваўся як форум для міждзяржаўных спрэчак, але ўсё часьцей суд разглядае справы, якія тычацца больш шырокіх пытаньняў міжнароднага значэньня, такіх як ахова навакольнага асяродзьдзя, правы чалавека і выкарыстаньне сілы.
Ці не пераўтварылі зьмяненьні гэты інстытут у анахранізм у сьвеце, які мала нагадвае той, якім ён быў задуманы, а нагадаем, адбылося гэта амаль 80 гадоў таму.
Сучаснае функцыянаваньне
У аснове функцыянаваньня Міжнароднага суду ААН ляжыць працэс прыняцьця рашэньняў, складанае ўзаемадзеяньне юрыдычных абмеркаваньняў, тлумачэньняў і вынясеньня рашэньняў. Гэты працэс нібыта прызначаны для таго, каб кожная справа разглядалася з максімальнай дбайнасьцю і неангажаванасьцю. Судзьдзі Міжнароднага суду, якія належаць да розных прававых традыцыяў, нібы прыўносяць розныя пункты гледжаньня на суд, і такім чынам нібыта ўзбагачаюць судовы працэс. Аднак гэтая разнастайнасьць у тым ліку прыводзіць да разыходжаньняў у тлумачэньні і прымяненьні права, што стварае сур'ёзныя праблемы ў пасьлядоўнасьці.
Паўнамоцтвы Міжнароднага суду ААН (выносіць абавязковыя рашэньні ў дачыненьні да дзяржаваў) зьяўляюцца краевугольным каменем ягоных юрыдычных паўнамоцтваў. Аднак гэтыя паўнамоцтвы абмежаваныя прынцыпам згоды, бо толькі дзяржавы, якія далі згоду на юрысдыкцыю суду, могуць быць удзельнікамі справы. Гэты прынцып, які на словах паважае сувэрэнітэт дзяржаваў, насамрэч значна звужае сфэру дзеяньня суду. Такім чынам, шматлікія істотныя міжнародныя спрэчкі застаюцца па-за ягонай кампэтэнцыяй, бо дзяржавы, асабліва больш магутныя, часта вырашаюць не падпарадкоўвацца юрысдыкцыі Міжнароднага суду ў далікатных пытаньнях.
Вядомыя выпадкі
Заслугоўвае ўвагі дапатопная справа пра канал Корфу ў 1949 годзе, дзе суд упершыню выкарастаў сваю ўладу, калі прызнаў Албанію адказнай за наяўнасьць мінаў у канале Корфу. Гэты выпадак стварыў прэцэдэнт адказнасьці дзяржавы і правоў міжнароднага суднаходзтва.
У такіх выпадках, як Нікарагуа супраць Злучаных Штатаў Амэрыкі ў 1986 годзе, дзе Міжнародны суд вынес рашэньне на карысьць Нікарагуа за нібыта незаконнае выкарыстаньне амэрыканцамі ўзброеных сілаў, пастанова была ў выніку цалкам праігнараваная, паколькі Злучаныя Штаты адмовіліся ўдзельнічаць або, што зразумела, выконваць прысуд. Гэтая справа яскрава падкрэсьлівае абмежаванасьць Міжнароднага суду ААН і відавочна сьведчыць аб адсутнасьці мэханізмаў для выкананьня ягоных рашэньняў.
Альбо зьвернем увагу на кансультатыўнае заключэньне аб законнасьці пагрозы або выкарыстаньня ядзернай зброі, што мела месца ў 1996 годзе. Гэта дадатковая ілюстрацыя асьцярожнага падыходу гэтай установы да вырашэньня складаных міжнародных пытаньняў. Нягледзячы на тое, што Міжнародны суд выказаў меркаваньне, што пагроза ядзернай зброяй або яе выкарыстаньне ў цэлым супярэчаць міжнароднаму праву, ён не абвесьціў яе незаконнай пры любых абставінах. Выконвайце як жадаеце гэтую кансультацыю.
Як суд увогуле спрабуе выканаць свае пастановы?
Выкананьне рашэньняў Міжнароднага суду ААН застаецца, вядома, самай істотнай праблемай. Суд, які пазбаўлены мэханізму наўпроставага выкананьня, спадзяецца на Раду Бясьпекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, каб выконваць свае рашэньні. Гэтая залежнасьць ставіць пастановы Міжнароднага суду ў залежнасьць ад міжнароднай палітыкі, асабліва ўзгадаем права вета сталых чальцоў Рады Бясьпекі (нагадаем, там ЗША, Расея, Кітай, Францыя, Вялікая Брытанія). У выніку спроба выканаць рашэньні, асабліва ў дачыненьні да гэтых дзяржаваў або іх хаўрусьнікаў (якімі для Расеі, напрыклад, зьяўляюцца тэрарысты з ХАМАС, хусіты і іншыя джыхады), застаецца толькі тэорыяй, што падрывае аўтарытэт гэтага самага Міжнароднага суду. Толькі дарма паперу перавялі.
А добрае ўсё ж ёсьць?
Вядома, калі да разгляду прымаюцца ня самыя цікавыя для сусьветнага грамадзтва справы, вынікі па іх могуць быць станоўчымі. Узгадаем для прыстойнасьці.
Міжнародны суд адыграў ключавую ролю ў спрэчках, калі абодва бакі імкнуліся да мірнага і законнага вырашэньня. Напрыклад, вырашэньне тэрытарыяльнай спрэчкі паміж Камэрунам і Нігерыяй адносна паўвыспы Бакасі. Тут Міжнародны суд прадэманстраваў здольнасьць урэгуляваць патэнцыйна небясьпечны канфлікт.
Альбо ўзгадаем справу 1999 году паміж Батсванай і Намібіяй за выспу плошчай тры квадратныя кілямэтры. Альбо была ўсталяваная дакладная мяжа паміж Бахрэйнам і Катарам у 2001 годзе. У гэтых выпадках Міжнародны суд дзейнічаў як эфэктыўны пасярэднік, які прапаноўваў рашэньні, што прымаюцца абодвума бакамі.
Але, будзем шчырымі, пра такія канфлікты альбо іх вырашэньні вы наўрад ці чулі.
Як і ня чулі выракі Міжнароднага суду ААН па справах, якія паспрабавалі завесьці Грузія ў 2008 годзе і Ўкраіна ў 2017 і 2022 гадах супраць агрэсіі Расеі.
У 2010 годзе гэты (не) шаноўны суд пастанавіў, што ён не валодае юрысдыкцыяй для разгляду заявы, пададзенай Грузіяй. А справы Ўкраіны будуць разгледжаныя праз (напішыце адвольную лічбу) гадоў.
А што да працэсу, які сёньня распачаўся ў Гаазе з падачы Паўднёвай Афрыкі адносна генацыду, у якім абвінавачваюць Ізраіль, пры ўсёй павазе, лепш бы разабраліся з нутранымі праблемамі ў сваёй дзяржаве. А там і самая вялікая колькасьць хворых на СНІД у сьвеце — кожны пяты дарослы жыхар (7 мільёнаў чалавек), сярэдняя працягласьць жыцьця складае ўсяго каля 48 гадоў. Паўднёвая Афрыка займае шостае месца па ўзроўні злачыннасьці ў сьвеце, а кожны дзень тым адбываецца ў сярэднім 57 забойстваў. Таксама 55% насельніцтва жыве ў беднасьці.
Таму параілі б Паўднёвай Афрыцы заняцца сваімі праблемамі, а Міжнароднаму суду ААН падумаць пра мэтазгоднасьць свайго існаваньня.