Хто такія хусіты? Чаму ЗША і Вялікабрытанія вырашылі іх бамбіць? Коратка пра галоўнае
У ноч на 12 студзеня ўзброеныя сілы ЗША і Вялікабрытаніі нанеслі паветраныя ўдары па ваеннай інфраструктуры хусітаў у Емене — у адказ на атакі хусітамі гандлёвых караблёў у Чырвоным моры, якія ідуць у Ізраіль. «Медуза» адказвае на асноўныя пытанні аб хусітах і прычынах абвастрэння канфлікту.
Дык хто такія хусіты?
Гэта племянное і рэлігійнае аб'яднанне, якое ў 2014 годзе развязала ў Емене грамадзянскую вайну і ўзяло пад свой кантроль значныя тэрыторыі на паўночным захадзе краіны, уключаючы сталіцу — горад Сану.
Яно паходзіць з паўночназаходняй правінцыі (мухафазы) Саада і ўяўляе сабой паслядоўнікаў Зейдзідскага мазхаба (зейдзідаў) — адной з шыіцкіх плыняў у ісламе, якая ўтварылася ў VIII стагоддзі ў арабскім халіфаце. Да зейдзідаў адносіцца прыкладна чвэрць насельніцтва Емена (дзве траціны насельніцтва пры гэтым — суніты).
Хусітамі іх актыўную частку называюць праз імя імама Аль-Хусі, які загінуў падчас чарговага ўзброенага супрацьстаяння ў 2004 годзе. Чарговага — таму што пасля таго, як у 1990 годзе Паўночны і Паўднёвы Емен аб'ядналіся, хусіты, а дакладней арганізацыя «Ансар Алах», якая прадстаўляе рух, неаднаразова ўступалі ў грамадзянскія канфлікты з уладамі краіны, якія завяршыліся ў 2014-ым захопам Саны.
Яны заўсёды былі настроены варожа ў адносінах да заходніх дзяржаў і Ізраіля. Трэніроўкай і ўзбраеннем хусітаў, уключаючы пастаўкі высокатэхналагічнай зброі накшталт дронаў і балістычных ракет (і кампанентаў для іх вытворчасці на месцы), займаюцца асноўныя саюзнікі племя: шыіцкі Іран і яго ліванскі проксі — рух «Хізбала».
Да 2021 года ЗША лічылі «Ансар Алах» тэрарыстычнай групоўкай і знялі гэты статус, паводле афіцыйнай версіі, з гуманітарных меркаванняў — каб насельніцтва Емена, якое пакутуе ад грамадзянскай вайны, мела доступ да паставак прадуктаў харчавання і паліва. У сярэдзіне лістапада 2023-га адміністрацыя Джо Байдэна заявіла, што разглядае магчымасць паўторнага прызнання хусітаў тэрарыстамі з-за эскалацыі ў Чырвоным моры.
Чаму ЗША і Вялікабрытанія вырашылі бамбіць інфраструктуру хусітаў?
Непасрэднай падставай для бамбардзіровак стаў запуск хусітамі 11 студзеня супрацькарабельнай балістычнай ракеты ў Адэнскім заліве. Амерыканскія ўлады заявілі, што гэта была ўжо 27-я атака (на гэты раз беспаспяховая) на камерцыйныя судны ў перыяд з 19 лістапада 2023-га. Акрамя ўдараў па караблях, якія накіроўваліся праз Чырвонае мора ў Ізраіль, хусіты ў гэтыя месяцы рабілі спробы іх захопу. Напады ў асноўным адбываліся ў раёне Баб-эль-Мандэбскага праліва, праз які судны ўздоўж берага Емена заходзяць у мора з Індыйскага акіяна. Большая іх частка аказалася беспаспяховай, але, да прыкладу, у лістападзе ў хусітаў атрымалася захапіць карабель, які належыць кампаніі ізраільскага бізнесмена Рамі Унгара «Ray Shipping Group».
А чаму хусіты вырашылі наогул атакаваць гэтыя караблі?
Каб падтрымаць групоўку ХАМАС у вайне з Ізраілем. Хусіты афіцыйна лічаць Ізраіль і сваім ворагам. Пасля пачатку аперацыі ЦАХАЛ у сектары Газа прадстаўнік «Ансар Алах» Ях'я Сары ў тэлевізійным звароце заявіў, што хусіты пачнуць наносіць удары па Ізраілі «ў знак падтрымкі нашых прыгнечаных братоў у Палесціне». Паводле яго слоў, гэтыя ўдары не спыняцца, «пакуль ізраільская агрэсія не скончыцца».
Хусіты і праўда могуць атакаваць Ізраіль?
У тэорыі — так. Хусіты сцвярджаюць, што ў іх арсенале ёсць ракета з рухавіком на вадкім паліве, далёкасць палёту якой складае да 1950 кіламетраў. Гэтага дастаткова, каб «дацягнуцца» да Ізраіля: Емен і Ізраіль, падзеленыя Саудаўскай Аравіяй, знаходзяцца на адлегласці прыкладна ў 1580 кіламетраў адзін ад аднаго ў бліжэйшай кропцы. Раней хусіты неаднаразова наносілі ўдары па цэнтральных раёнах Саудаўскай Аравіі, якая ваюе на баку іх праціўнікаў у Емене. У тым ліку пацэлілі ў нафтавыя аб'екты, якія ахоўвае комплекс СПА «Patriot» амерыканскай вытворчасці.
Хусіты ў канцы 2023 года некалькі разоў спрабавалі нанесці ўдар па паўднёвым ізраільскім горадзе Эйлаце, але Ізраіль і яго саюзнікі адбівалі ракетны напад. 19 кастрычніка амерыканскія вайскоўцы заявілі, што эсмінец ВМС ЗША ў Чырвоным моры перахапіў крылатыя ракеты і беспілотнікі, запушчаныя хусітамі ў кірунку Ізраіля. 31 кастрычніка ўжо самі хусіты паведамілі, што атакавалі Ізраіль балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі. А 6 снежня ізраільскія вайскоўцы зрабілі справаздачу аб тым, што супрацьракетны комплекс «Страла» («Хец») перахапіў чарговую ракету хусітаў над Чырвоным морам.
А як хусіты наогул настолькі ўзмацніліся, што ператварыліся ў паўнавартаснага гульца ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне?
Пунктам адліку іх цяперашняга ўплывовага статусу можна лічыць «Арабскую вясну» 2011 года. Тады ў выніку народнага паўстання ў Емене са сваёй пасады быў вымушаны сысці прэзідэнт Алі Абдула Салех, які кіраваў краінай амаль тры дзясяткі гадоў — і ўтрымліваў хусітаў ад ваеннай экспансіі.
Абд Раббу Мансур Хадзі, які змяніў яго, пры падтрымцы ЗША ініцыяваў абмеркаванне рэформы, у рамках якой Емен павінен быў стаць федэратыўнай дзяржавай. Хусіты з гэтым планам не пагадзіліся.
Калі ў 2014-ым улады Емена знізілі субсідыі на паліва для насельніцтва, у краіне зноў пачаліся пратэсты — і хусіты зрынулі ўрад на сваіх гістарычных тэрыторыях на паўночным захадзе (Хадзі пры гэтым утрымаў кантроль над усходам краіны). У 2015-ым на баку Хадзі ў грамадзянскую вайну ўмяшаліся Саудаўская Аравія і іншыя краіны Персідскага заліва. Гэта справакавала ў Емене гуманітарную катастрофу, але не дапамагло Хадзі вярнуць уладу над мяцежнымі тэрыторыямі.
Хусітаў — як адзінаверцаў — падтрымаў Іран. Ісламская Рэспубліка пачала пастаўкі ім зброі, у тым ліку ракет і беспілотнікаў. Тым удалося не толькі адбіць атакі армій Саудаўскай Аравіі і ААЭ, але і пашырыць кантраляваную тэрыторыю.
У апошні час у сувязі з пачаткам нармалізацыі адносін
паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у краіне
знізілася.