689-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Расійцы пад раніцу атакавалі крылатымі ракетамі ўсю тэрыторыю Украіны. Ёсць ахвяры.

Украінскія вайскоўцы пад Бахмутам. Фота: Getty Images

Украінскія вайскоўцы пад Бахмутам. Фота: Getty Images

***

У Прыднястроўі, якое падтрымліваецца Расіяй, ствараюцца інфармацыйныя ўмовы для магчымай аперацыі пад фальшывым сцягам. Гэта робіцца ў рамках намаганняў Крамля па дэстабілізацыі Малдовы.

12 студзеня Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Прыднястроўя (МДБ) апублікавала прэс-рэліз, у якім сцвярджалася, што малдаўскі спецназ рыхтуе «спецыяльныя баявыя групы» колькасцю больш за 60 чалавек для знішчэння крытычна важных аб'ектаў, дыверсій на ваенных аб'ектах, захопу або знішчэння высокапастаўленых чыноўнікаў Прыднястроўя і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паведамляе амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны».

Раней ISW паведамляў, што МДБ з'яўляецца расійскай арганізацыяй, «аддзелам Федэральнай службы бяспекі Расіі (ФСБ)», які, імаверна, атрымлівае загады непасрэдна з Масквы.

МДБ і чыноўнікі Прыднястроўя раней рабілі падобныя, але менш рэзкія заявы. 

На думку ваенных аналітыкаў, імаверна, гэта частка намаганняў Крамля па стварэнні інфармацыйных умоваў, накіраваных на дэстабілізацыю Малдовы і апраўданне любых будучых расійскіх кампаній у рэгіёне, выстаўляючы Расію абаронцам рускамоўнага насельніцтва, якое нібыта знаходзіцца пад пагрозай.

***

Раніцай 13 студзеня ва ўсіх абласцях краіны абвешчаная паветраная трывога: з самалётаў Ту-95МС зафіксаваныя пускі крылатых ракет. Каля 7.00 знішчальнікі МіГ-31к запусцілі «Кінжалы».

Паводле інфармацыі Паветраных сіл Украіны, ажыццёўлены пускі ракет тыпу Х-101/555/55 з шасці Ту-95МС. 

Час уваходжання ракет у паветраную прастору Украіны — 06.00-07.00.

У 6.02 ракетная небяспека распаўсюдзілася на Адэскую, Мікалаеўскую і Херсонскую вобласці. У 6.21 паветраную трывогу абвясцілі ў Кіеўскай, Вінніцкай, Жытомірскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай і Хмяльніцкай абласцях. У 6.31 стала вядома пра ракету ў кірунку Крывога Рога. У 6.33 ракетная небяспека распаўсюдзілася па ўсёй краіне.

У 6.43 зафіксаваны ўзлёт знішчальніка МіГ-31к ПКС РФ з аэрадрома «Саваслейка» Ніжагародскай вобласці. У 6.55 вайскоўцы паведамілі пра пуск «Кінжалаў». Яны накіроўваліся на Днепр. У 6.58 стала вядома, што крылатыя ракеты праз Жашкаў рухаюцца ў бок Кіева. У 7.00 вайскоўцы паведамілі пра пуск яшчэ аднаго «Кінжала». У 7.11 паветранікі зафіксавалі рух «Кінжалаў» на Кіеў. У 7.16 ракеты ў напрамку Калінаўкі, Вінніцкай вобласці. У 7.18 зафіксаваны яшчэ ўзлёт двух Міг-31к з аэрадрома «Саваслейка» Ніжагародскай вобласці. У 7.28 запушчаны «Кінжалы» ў бок Дняпра і Крывога Рога. У 7.29 ПС паведамілі пра пуск «Кінжалаў» у напрамку Кіева, таксама дзве ракеты «Кінжал» у напрамку Роўна. У 7.35 дзве ракеты ў Валынскай вобласці змянілі курс напрамкам на паўночны ўсход. Крылатыя ракеты былі ў Валынскай, Тэрнопальскай і Ровенскай абласцях. У 7.40 стала вядома пра хуткасныя ракеты ў Чарнігаўскай і Жытомірскай абласцях. Таксама была ракета ў напрамку Львоўскай вобласці. У 7.50 вайскоўцы паведамілі пра крылатыя ракеты на скрыжаванні Львоўскай, Цярнопальскай і Івана-Франкоўскай абласцей. Яны рухаліся ў напрамку Івана-Франкоўскай вобласці.

У 8.13 пачуўся адбой ракетнай небяспекі па ўсёй тэрыторыі Украіны, акрамя заходніх абласцей і Данбаса. У 8.25 адбой пачуўся ва ўсіх абласцях.

***

За мінулыя суткі ва украіне адбылося 89 баявых сутыкненняў. Больш актыўна за ўсё расійцы наступаюць на Мар'інскім кірунку: адбіта 26 нападаў, паведамляюць Узброеныя сілы Украіны.

Увогуле вораг нанёс 7 ракетных і 65 авіяцыйных удараў, здзейсніў 44 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. 

Пасля расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.

Авіяцыйным ударам падвергліся: Харкаўская, Луганская і Данецкая вобласці.

Пад артылерыйскім агнём апынуліся больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

У ноч на 13 студзеня расійскія захопнікі нанеслі ракетны ўдар па Украіне, ужыўшы 40 цэляў — крылатыя, аэрабалістычныя, балістычныя, авіяцыйныя, зенітныя кіраваныя ракеты і ўдарныя БПЛА, з іх 8 знішчаныя сіламі СПА. Большасць не папалі дзякуючы працы ўкраінскіх сістэм РЭБ.

Усяго зафіксавана 40 сродкаў паветранага нападу праціўніка:

  • 7 зенітных кіраваных ракет С-300 / С- 400 з Белгародскай вобласці;
  • 3 ударныя БПЛА «Shahed-136/131» з Курскай вобласці;
  • 6 аэрабалістычных ракет Х-47М2 «Кінжал» з шасці самалётаў МіГ-31к (раён пуску — Тамбоў);
  • да 12 крылатых ракет Х-101 / Х-555 / Х-55 з 11 стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС (раён пускаў — Каспійскае мора, РФ);
  • 6 крылатых ракет Х-22 з бамбавікоў Ту-22М3 з Бранскай вобласці;
  • 2 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-31П з двух самалётаў Су-35 (раён пускаў — акупаваная Херсоншчына);
  • 4 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 з двух самалётаў Су-34 (раён пускаў — Бранская вобласць, РФ).

У выніку баявой працы сіламі і сродкамі Паветраных сіл ва ўзаемадзеянні з СПА Сіл абароны знішчана 7 крылатых ракет Х-101 / Х-555 / Х-55 і 1 кіраваная авіяцыйная ракета Х-59.

Выбухі былі чутныя ў Дняпры і Крапіўніцкім, у Сумскай вобласці пашкоджаныя каля 20 дамоў, неразарваная ракета ўпала на двор аднаго з дамоў у Крэменчугскім раёне Палтаўскай вобласці.

***

Расійскія акупацыйныя войскі страцілі за суткі яшчэ 700 сваіх салдат, 5 танкаў і 15 браніраваных машын, паведамляе Генштаб УСУ.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 13.01.24 арыенціровачна склалі:

- асабістага саставу — каля 369 160 (+700) чалавек;

- танкаў — 6065 (+5) адз.;

- баявых браніраваных машын — 11 269 (+15) адз.;

- артылерыйскіх сістэм — 8 728 (+18) адз.;

- РСЗА — 957 (+0) адз.;

- сродкаў СПА — 646 (+4) адз.;

- самалётаў — 329 (+0) адз.;

- верталётаў — 324 (+0) адз.;

- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6 848 (+12);

- крылатых ракет — 1806 (+0);

- караблёў / катэраў — 23 (+0) адз.;

- падводных лодак — 1 (+0) адз.;

- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 11 632 (+20) адз.;

- спецыяльнай тэхнікі — 1345 (+6).