Блізкі Усход: калода карт у руках вопытных махляроў

Дэманстратыўная жорсткасць тэракту ХАМАС у Ізраілі была прадуманым і найважнейшым элементам аперацыі, а не эксцэсам выканаўцаў. Цяпер ініцыятары тэрарыстычнай атакі паспрабуюць атрымаць прыбытак са сваіх інвестыцый. Ці атрымаецца гэта, разважае гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.

kaloda_kart.jpg


Даўно хацеў напісаць пра сваё бачанне таго, у што эвалюцыянавала сітуацыя на Блізкім Усходзе. Цяпер ход падзей паскорыўся – мабыць, усе хочуць адзначыцца да журботнай даты.

Дзве падзеі рэзка вылучаюцца на агульным фоне: імклівы візіт Пуціна ў Саудаўскую Аравію і ААЭ (з наступным візітам Раісі ў Маскву) і прыватная сустрэча прадстаўнікоў сям'і Трампа з прэм'ерам Катара і членамі яўрэйскай абшчыны. Абедзве гэтыя падзеі сведчаць, што:

1) Тэрарыстычная атака ХАМАС не была ініцыятывай ХАМАС (не выключаю, што самому ХАМАСу была зроблена прапанова, ад якой ён не змог адмовіцца).

2) Гэта была стратэгічная аперацыя Ірана, магчыма — Ірана і Расіі, не выключана — Ірана і Расіі з ведама Кітая, мэтай якой было змяненне балансу сіл у рэгіёне, зрыў планаў ЗША па фарміраванні ізраільска-саудаўскага альянсу і замена яго ірана-саудыцкім альянсам. Гэта значыць блізкаўсходні трохкутнік павінен быў у любым выпадку «схлопнуцца», але не ў той бок, у які планаваў Байдэн. Замест нармалізацыі стасункаў саудытаў з ізраільцянамі Масква і Пекін прапанавалі нармалізаваць стасункі паміж саудытамі і іранцамі.

3) Найважнейшай часткай была палітычная ізаляцыя Ізраіля як у арабскім свеце (тут моцна працаваць не трэба), так і ў Еўропе (збольшага ў ЗША). Я перакананы, што садыстычная і дэманстратыўная жорсткасць тэракту была прадуманым і найважнейшым элементам аперацыі, а не эксцэсам выканаўцаў.

Усё было задумана так, каб не пакінуць ураду Нетаньяху выбару. Правакацыя наземнай аперацыі ў Газе з тысячамі ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва была той галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабой планіроўнікі.

Не кампетэнтны разважаць наконт правільнасці прынятых Ізраілем рашэнняў, але цвёрда магу сказаць, што былі прынятыя менавіта тыя рашэнні, якіх дамагаліся Тэгеран і, магчыма, Масква.

Цяпер пачынаецца найважнейшы этап усёй аперацыі, дзеля якога ўсё і ладзілася. Цяпер ініцыятары тэрарыстычнай атакі паспрабуюць атрымаць прыбытак са сваіх інвестыцый і «адкэшыцца» на крыві.

Яны будуць спрабаваць ператасаваць блізкаўсходнюю калоду такім чынам, каб іх карта легла зверху. Уважліва сачыце за рукамі і палётамі.

Думаю, што гэта сур'ёзная адсечка ў гісторыі Блізкага Усходу. Чым бы ні скончылася гэтая «спецаперацыя», мне ўяўляецца малаверагодным вяртанне нават да падабенства статус-кво, які існаваў да 7 кастрычніка. Калода ў руках вопытных махляроў, якія свайго не выпусцяць.