Міністры, прэзідэнты, прэм'еры. Як у трох вёсках на Палессі нараджалася палітычная эліта адразу некалькіх дзяржаў

Часта мы шукаем герояў у чужых гісторыях, не знаходзячы іх у тых, якія адбываюцца ў нас перад вачыма. А дарма, бо і беларуская зямля шчодрая на выдатных вучоных, палітыкаў, дзеячаў культуры, якія вядомыя далёка за межамі нашай краіны. У Беларусі знайшоўся цэлы мікрарэгіён, які ўжо не першае стагоддзе «пастаўляе» сваіх прадстаўнікоў на арэну вялікай палітыкі. 

_busel___neba___belarus___svaboda___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Тры прылеглыя вёскі Беларускага Палесся – Моталь, Моладава і Парэчча – сталі радзімай адразу некалькіх палітычных гульцоў розных краін.

Паціскаў руку прэзідэнту ЗША Гары Трумэну, быў у прыяцельскіх адносінах з Альбертам Эйнштэйнам


Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі значную частку насельніцтва вёскі Моталь складалі яўрэі. У яўрэйскай частцы Моталя нарадзіўся і першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Яго бацькі — Эзер Вейцман і Рахіль з Чамерынскіх – пазнаёміліся ў Моталі, дзе ў 1866 годзе ўзялі шлюб. У адрозненне ад роду Вейцманаў Чамярынскія мелі ў Моталі даўнія карані – пражывалі яны тут як мінімум з другой паловы XVIII стагоддзя. А прозвішча сям'і сведчыць аб верагодным паходжанні іх роду з вёсачкі Чамярын, якая таксама знаходзіцца непадалёк ад Моталя.

Хаім Вейцман у 1936 годзе. Library of Congres, commons.wikimedia.org

Хаім Вейцман у 1936 годзе. Library of Congres, commons.wikimedia.org

Гэта сёння імем знакамітага маталяніна называюць вуліцы ў многіх ізраільскіх гарадах, а ў пачатку мінулага стагоддзя малады Хаім Вейцман толькі пачынаў сваю палітычную кар'еру. Упершыню тэрыторыю будучага незалежнага Ізраіля ўраджэнец Моталя наведаў у 1907 годзе. З таго часу яго памкненні па стварэнні яўрэйскай дзяржавы ўзмацніліся. Праз 40 гадоў, у канцы лістапада 1947 года, Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвала падзел Палесціны на дзве дзяржавы – яўрэйскую і арабскую. У адпаведнасці з гэтым рашэннем у 1948 годзе была абвешчана незалежнасць Дзяржавы Ізраіль. Ужо ў сярэдзіне лютага наступнага года Хаім Вейцман стаў першым прэзідэнтам маладой дзяржавы. На той момант маталяніну было 74 гады.

1921 год. Маталянін Хаім Вейцман і Нобелеўскі лаўрэат Альберт Эйнштэйн. Library of Congress, commons.wikimedia.org

1921 год. Маталянін Хаім Вейцман і Нобелеўскі лаўрэат Альберт Эйнштэйн. Library of Congress, commons.wikimedia.org

Палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, першы прэзідэнт краіны, вучоны-хімік, прафесар біялогіі Хаім Вейцман быў у добрых адносінах з Альбертам Эйнштэйнам. Аб сяброўстве з Нобелеўскім лаўрэатам Вейцман жартаваў: «Эйнштэйн тлумачыў мне сваю тэорыю кожны дзень, і неўзабаве я ўжо быў цалкам упэўнены, што ён яе нарэшце зразумеў».

1951 год. Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман вітае ваеннага аташэ ЗША падчас прыёму. National Photo Collection of Israel, commons.wikimedia.org

1951 год. Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман вітае ваеннага аташэ ЗША падчас прыёму. National Photo Collection of Israel, commons.wikimedia.org

Сям'я, у якой нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля, жыла ў Моталі да 1894 года. Дом Вейцманаў пасля неаднаразова мяняў уладальнікаў, а ў канцы 1970-х стары дом перанеслі з цэнтральнай вуліцы ўглыб вёскі. Сёння ў доме, дзе нарадзіўся Хаім Вейцман, знаходзіцца музей.

Глядзіце таксама

Цікава, што Хаім – не адзіны кіраўнік Ізраіля з каранямі з Беларускага Палесся. Перабраўшыся ў Тэль-Авіў, малодшы брат Хаіма Вейцмана абзавёўся сям'ёй, у якой у 1924 годзе нарадзіўся Эзер Вейцман – будучы 7-й прэзідэнт Ізраіля. І хоць па месцы нараджэння палітык ужо не меў дачынення да Моталя, але тым не менш карані ў яго таксама беларускія, мотальскія.

Узмацніў міжнародныя пазіцыі Польскай дзяржавы, працаваў паслом у Рыме і Лондане

У 4-х кіламетрах на ўсход ад Моталя размясцілася вёска Моладава. Яе ўраджэнцамі былі міністры адразу дзвюх краін – Беларусі і Польшчы. Праз некалькі месяцаў пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая прадугледжвала далучэнне Заходняй Беларусі да Польшчы, міністрам замежных спраў Польшчы стаў ураджэнец далучаных тэрыторый – Канстанцін Скірмунт з Моладава.

28 сакавіка 1922. Прыбыццё міністра замежных спраў Польшчы Канстанціна Скірмунта на Паўночны вакзал у Парыжы. Канстанцін Скірмунт – у цэнтры. gallica.bnf.fr

28 сакавіка 1922. Прыбыццё міністра замежных спраў Польшчы Канстанціна Скірмунта на Паўночны вакзал у Парыжы. Канстанцін Скірмунт – у цэнтры. gallica.bnf.fr

Польскі міністр быў прадстаўніком палескага шляхецкага роду Скірмунтаў. У 1792 годзе прадзед Канстанціна Сымон Скірмунт выкупіў у вядомага дзяржаўнага дзеяча, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага Моладава з суседнім Парэччам. З прыходам Скірмунтаў пачынаецца росквіт патэнцыялу палескіх земляў. З часам Моладава становіцца культурнай рэзідэнцыяй Скірмунтаў, а Парэчча – прадпрымальніцкай. Дзед міністра, Аляксандр Скірмунт, становіцца аўтарам першага беларускага патэнта, пры Скірмунтах у Моладаве і Парэччы адкрываюцца цукровыя заводы, бровары, а Парэцкая суконная фабрыка – найбуйнейшая ў Мінскай губерні – наладжвае пастаўкі сукна ў Мінск, Вільнюс, Кіеў, Варшаву, Маскву і іншыя гарады. Эксперты па заслугах ацэньваюць яе прадукцыю, фабрыка ўдастойваецца мноства ўзнагарод на міжнародных конкурсах. У той жа час Моладава наведваюць пісьменнікі і паэты. Ужо ў 2013 годзе міністр інфармацыі Беларусі (2017-2020) Аляксандр Карлюкевіч у сваёй кнізе «Старонкі радзімазнаўства» згадваў пра «немалую бібліятэку» маладоўскіх Скірмунтаў, якая, верагодна, збіралася некалькі стагоддзяў.

1922 год. Агітацыйная ўлётка: «Грамадзянін і грамадзянка! Не жадаеце новай вайны, а жадаеце згоды з суседзямі, галасуйце выбіраючы былога міністра замежных спраў Скірмунта, гэта значыць галасуйце за спіс Хрысціянскага Звяза Нацыянальнага Адзінства, спіс №8». polona.pl

1922 год. Агітацыйная ўлётка: «Грамадзянін і грамадзянка! Не жадаеце новай вайны, а жадаеце згоды з суседзямі, галасуйце выбіраючы былога міністра замежных спраў Скірмунта, гэта значыць галасуйце за спіс Хрысціянскага Звяза Нацыянальнага Адзінства, спіс №8». polona.pl

Канстанцін Скірмунт быў адным з арганізатараў у 1898 годзе Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі, на пасяджэннях якога выступаў за ўсеагульную пачатковую адукацыю для дзяцей сялян. Ён з'яўляўся і членам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі, быў адным з заснавальнікаў Польскага нацыянальнага камітэта. Стаўшы ў чэрвені 1921 года міністрам замежных спраў Польшчы, ураджэнец Моладава Канстанцін Скірмунт адыграў значную ролю ва ўзмацненні міжнародных пазіцый Польскай дзяржавы. У 1949 годзе Канстанцін Скірмунт памёр у польскім Вальжбіху, там жа і пахаваны.

Narodowe Archiwum Cyfrowe 

Narodowe Archiwum Cyfrowe 

Ад некалі велічных уладанняў Скірмунтаў у Моладаве – сядзібнага комплексу і парку, які век-два таму актыўна наведвалі дзеячы культуры і мастацтва – сёння засталася толькі капліца-ратонда, пабудаваная ў 1908 годзе. Побач з ёй – напаўразбураныя радавыя могілкі Скірмунтаў.


Перавёў адукацыю ў Беларусі на 10-бальныя адзнакі, быў прыхільнікам рэформ


У пытаннях аднаўлення памяці аб старажытным беларускім родзе Скірмунтаў неаднаразова выказваўся яшчэ адзін ураджэнец Моладава, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь (2001-2003) Пётр Брыгадзін. У 2018 годзе ў рэгіянальнай прэсе міністр адукацыі выказаўся пра Скірмунтаў так: «У паўсядзённасць трэба вяртаць імёны тых, хто сваёй жыццём, сваёй дзейнасцю даказаў шчырую адданасць нашай зямлі».

Пётр Брыгадзін, gazeta.bsu.by

Пётр Брыгадзін, gazeta.bsu.by

У бытнасць міністрам Пётр Брыгадзін запомніўся рэформамі ў сферы адукацыі. Пад кіраўніцтвам Пятра Брыгадзіна Міністэрствам адукацыі была перагледжана структура навучальных планаў, а ў 2002 годзе ў Беларусі была ўведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў узамен 5-бальнай сістэмы, характэрнай для постсавецкіх рэспублік.

Пётр Брыгадзін займаў пасады загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, першага прарэктара БДУ, рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Быў членам прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, узначальваў Савет па абароне доктарскіх дысертацый. З 2003 па 2018 год быў дырэктарам Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, а з красавіка 2018 года – дырэктарам Інстытута бізнесу БДУ. У 2021 годзе ўраджэнец Моладава памёр, пахаваны ў Мінску.

Зрабіў унёсак у незалежнасць Беларусі, прадстаўляў нацыянальныя інтарэсы

Палітычныя амбіцыі былі характэрны і стрыечнаму брату Канстанціна Скірмунта Раману Скірмунту. У адрозненне ад свайго сваяка, які прадстаўляў палітычныя інтарэсы Польшчы, Раман Скірмунт выступаў за аўтаномію Беларусі. Ён быў паслядоўнікам ідэалогіі «краёвасці», якая выводзіла на пярэдні план інтарэсы мясцовага насельніцтва. Менавіта яго, ураджэнца вёскі Парэчча Пінскага раёна, называюць Кіраўніком урада Беларускай Народнай Рэспублікі і яе прэм'ер-міністрам.

Раман Скірмунт нарадзіўся ў 1868 годзе. У тыя гады Моладава і Парэчча былі агульнымі ўладаннямі роду Скірмунтаў (пазней – іх падзялілі паміж сабой галінкі роду), а дабрацца з Моладава ў Парэчча можна было абмінаючы вёску Табулкі. У 1907-1917 гадах Раман Скірмунт быў намеснікам прэзідэнта Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Меў мандат дэпутата 1-й Дзяржаўнай думы Расіі, з'яўляўся членам Дзяржаўнай Рады. У 1915-1917 гадах узначальваў Беларускі народны камітэт.

Раман Скірмунт быў носьбітам беларускай самаідэнтычнасці. У 1917 годзе ён так пісаў пра свой род: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, спрадвеку аседлай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. выкарыстоўвалі беларускую мову ў якасці хатняй». Сам палітык з жыхарамі Парэчча і наваколля размаўляў на мясцовым дыялекце беларускай мовы.

Раман Скірмунт у Італіі (фатаграфія з кнігі А. Смалянчука «Грамадзянін вольнага краю»)

Раман Скірмунт у Італіі (фатаграфія з кнігі А. Смалянчука «Грамадзянін вольнага краю»)

Магчыма, у тым ліку праз гэта Раман Скірмунт карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў. У 2018 годзе выйшла 700-старонкавая кніга прафесара Аляксандра Смалянчука, прысвечаная асобе палітыка Рамана Скірмунта. Як сцвярджае аўтар, праца над выданнем доўжылася звыш 20 гадоў, а адна з частак прысвечана вуснай гісторыі – фактам і меркаванням, якія захаваліся ў памяці жыхароў Палесся. Вось як жыхары Парэчча адклікаліся аб Рамане Скірмунце (перададзены мясцовы дыялект):

«Очэнь-очэнь быв добры. Сочувствовал каждому бідному, помогал бідным. Як горыць хата, ці што, ці хлеў, да згарыць корова, плачуць людзі. [Прыходзіў Скірмунт:]: «Ты не бійся, это згорэла не твоя корова, а моя». Даваў [на] корову. Это я ўжо чула ад бацька. А калі землю прадаваў, хто бідны, стараўся цэну знізіці, ну, помогці людзям бідным. І он быв очэнь-очэнь хорошы» (Соф’я Хвясюк, 1933 г. н., вёс. Парэчча)


Раман Скірмунт і жыхары Парэчча, commons.wikimedia.org

Раман Скірмунт і жыхары Парэчча, commons.wikimedia.org

Лёс палітыка склаўся трагічна. Пасля прыходу ў 1939 годзе савецкай улады Раман Скірмунт быў залічаны ў рады класава чужога элемента. Па загадзе мясцовага рэвалюцыйнага камітэта, ён быў расстраляны недалёка ад Парэчча. Падчас вайны парэшткі прэм'ер-міністра былі перапахаваныя ў парку Парэчча, які быў закладзены самім Раманам Скірмунтам за некалькі дзесяцігоддзяў да гібелі.

Ад некалі вялікай гаспадаркі ў Парэччы, апошнім уладальнікам якой быў Раман Скірмунт, захаваўся толькі будынак былога бровара. За 50 гадоў панавання савецкай улады прамысловы куток на Палессі не быў адноўлены.

У артыкуле выкарыстаны ілюстрацыі з калекцыі аўтара